Падчас мітынгу ў Хатыні Лукашэнка звярнуўся да тых, «хто пакланяецца БЧБ-сцягам»


Мітынг-рэквіем, прымеркаваны да 78-й гадавіны хатынскай трагедыі, Аляксандр Лукашэнка выкарыстаў дзеля чарговых нападак на нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг.

Падчас мітынгу-рэквіему Лукашэнка заявіў, што хоча звярнуцца да тых, «хто свядома спрабуе адрадзіць сімвалы нацызму».

«Я звяртаюся да ўсіх, хто перакананы, што фашызм «нёс на нашую зямлю цывілізацыю»; хто гераізуе забойцаў; хто пакланяецца БЧБ-сцягам, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народу. Усім вам, аблудным і адурманеным, кажу: «Ідзі і глядзі!» Ідзі ў Хатынь, Боркі, Олу, Дальву, Усакіна, Шунеўку, Азарычы, да мемарыялаў «Трасцянец», «Яма», «Чырвоны Бераг», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Невядома, хто гэтыя людзі, якія нібыта лічаць, што «фашызм нёс на нашую зямлю цывілізацыю», – ніхто з апанентаў Лукашэнкі ніколі такога не казаў. Што датычыць абвінавачанняў супраць нацыянальнай сімволікі, то задакументаваных фактаў спальвання вёсак пад бел-чырвона-белымі сцягамі няма. Пры гэтым шмат хто з ветэранаў Другой сусветнай на пачатку 1990-х выступаў за абранне гэтага штандара дзяржаўным.

У 1991–1995 гады нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг быў у Беларусі дзяржаўным, а ў 1994-м Лукашэнка прынёс пад ім прысягу.

На мітынг-рэквіем у Хатынь Лукашэнка прыехаў з усімі сваімі сынамі – Віктарам, Дзмітрыем і Мікалаем.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў