«Гляджу на фота 2020 года і думаю: калі я зноў буду так усміхацца?» Размова з былой палітзняволенай


Беларуска Марыя Несцерава адседзела амаль тры гады ў калоніі за актывізм у 2020 годзе і імкненне змяніць да лепшага жыццё ў сваёй краіне. Жанчына выйшла на волю напрыканцы вясны 2023 года, аднак ужо праз некалькі месяцаў атрымала вестку, што на яе можа быць заведзеная новая крымінальная справа. Эвакуявацца давялося хутка, зусім без рэчаў і нават без тэлефона. Цяпер Марыя ў сталіцы Грузіі Тбілісі і ў 57 гадоў пачынае новае жыццё. Гутарым з былой палітзняволенай пра калонію, эвакуацыю і дапамогу, якая ёй цяпер найбольш патрэбная.

Мария Нестерова, бывшая политзаключённая
Былая палітзняволеная Марыя Несцерава, асуджаная ў 2021 годзе на 3 гады пазбаўлення волі паводле арт. 342 КК РБ (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Жанчына цалкам адбыла тэрмін зняволення і з’ехала з Беларусі. Прагулка па старым горадзе. Тбілісі, Грузія. 8 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«13 снежня я выйшла з дому і больш не вярнулася»

Марыя Несцерава ў Грузіі ўпершыню. Прыляцела 24 снежня 2023 года. Тбілісі стаў канчатковым пунктам экстраннай эвакуацыі жанчыны.

«11 снежня мне прыйшло паведамленне ад знаёмага актывіста, што паднялі маю справу. Потым яшчэ адно: папярэдзь тэрмінова Несцераву, яна ў спісе на затрыманне, пытанне аднаго-двух дзён. Пачалі ламаць мой Telegram. 13 снежня я выйшла з дому і больш не вярнулася. 11 содняў у мяне ішла эвакуацыя, – распавядае жанчына. – У Тбілісі трапіла амаль у калядную ноч – увечары 24 снежня. І для мяне гэта цуд і знак, што Богу было патрэбнае маё ўратаванне, і што ўсё, што я рабіла, мела сэнс».

У 2020 годзе Марыя Несцерава адміністравала заводскія чаты «Краіны для жыцця» для ўсіх буйных прадпрыемстваў Беларусі.

«Тады вялася сістэмная праца дзеля стварэння сеткі незалежных прафсаюзаў па ўсёй Беларусі, стварэння стачкамаў, іх аб’яднання і ўзаемадзеяння. Рыхтавалася ўсебеларуская забастоўка, і я адмініла гэтую працу, – прыгадвае былая палітзняволеная. Таксама я выпусціла першы нумар газеты «Наша змена» для завадчанаў. Другі нумар ужо не паспела зрабіць».

Марыя цікавілася палітыкай і да 2020 года, падтрымлівала пратэстоўцаў, адкрыта выказвала сваё меркаванне, хоць і была дзяржаўнай служачай – восем гадоў працавала ў мытні, у аддзеле інфармацыйных тэхналогіяў. Ва ўзросце сарака гадоў беларуска сышла з дзяржслужбы і адкрыла ІП, працавала ў сеткавым маркетынгу.

Мария Нестерова, бывшая политзаключённая
Фота: Белсат

«Я заўсёды галасавала супраць Лукашэнкі. Калі я яшчэ працавала ў мытні, здарыліся пратэсты 2006 года. Тады балатаваўся Казулін – рэктар БДУ, які я скончыла. Я вельмі радавалася, што нарэшце ў прэзідэнты ідзе годны чалавек, бо за ўлады мне было сорамна ад самага пачатку, – дзеліцца жанчына. – Але акрамя таго, тады, у 2006 годзе, я стала заглыбляцца ў справы знікнення апанентаў Лукашэнкі і прыходзіла ў жах. Для мяне ўсё гэта было недапушчальна. І калі былі пратэсты супраць фальсіфікацыя вынікаў выбараў, я пайшла на плошчу».

«Будзем стаяць, нават калі камяні будуць падаць з неба»

Марыя прыгадвае, што тады адкрыта распавядала пра плошчу на працы і заклікала ўсіх ісці на пратэсты, і што тады яшчэ магчымая была такая свабода.

«Мяне ўразіла тады, як шмат аднадумцаў, аднагодкаў, разумных, адукаваных я сустрэла на плошчы. Я думала пра нашае пакаленне, і мне было яго вельмі шкада. Нашае юнацтва прайшло пры Савецкім Саюзе, цяпер мы жывем у вольнай краіне, але ўсё роўна нічога самі не можам вырашаць. Было адчуванне, што мы – страчанае пакаленне», – згадвае Марыя.

На працягу некалькіх гадоў нашая суразмоўца хадзіла на «Чарнобыльскі шлях», але пасля выбараў 2010 года нікуды не пайшла – тады жанчыну цалкам паглынулі праца і асабістае жыццё.

«Адчуванне, што мы жывем як у балоце, у нейкім застоі, што нічога нікому не патрэбна, узмацнялася да 2015 года. Я не магла заставацца абыякавай, як ні старалася жыць звычайным жыццём. Але тыя выбары зноў прайшлі менавіта ў застоі», – кажа жанчына.

Мария Нестерова, бывшая политзаключённая
Фота: Белсат

Што ў Беларусі людзі могуць даць сабе рады без дзяржавы і пабудаваць грамадзянскую супольнасць, Марыя адчула падчас урагану Хавіер у 2013 годзе, а ўзмацнілася гэтае разуменне ў 2020 годзе падчас пандэміі ковіду.

«Былі цяжкія часы, але натхняла, як людзі арганізоўваліся дзеля дапамогі, хоць дзяржава ўсяляк устаўляла палкі ў колы і ўсё забараняла, – прыгадвае нашая суразмоўца. – Калі пачалася перадвыбарная кампанія, хоць веры ў мяне было мала ў перамены, я пачала прыглядацца да кандыдатаў. Падпісвалася за кожнага. Пасля затрымання Бабарыкі стаяла ў ланцугу. Там я зразумела, што ў людзей перапоўненая чаша трывання. Тады была залева з градам, але ніхто не сыходзіў. Атмасфера была вельмі ўзнёслая, людзі радаваліся, што мы стаім, і будзем стаяць нават, калі камяні будуць падаць з неба. Людзі былі гатовыя дамагацца праўды. Мы радаваліся нашай салідарнасці».

«На галаву надзелі мяшок, на рукі – кайданкі»

Марыя пайшла на выбары незалежнай назіральніцай.

«На свае вочы бачыла і ўсе парушэнні закону, і фальсіфікацыю, і як увечары на наш участак прыехаў АМАП і дапамагаў праз вакно ўцячы старшыні камісіі, – прыгадвае жанчына. – А таксама я бачыла людзей з белымі стужкамі, якія ішлі і не баяліся сказаць: мы ёсць, мы тут, нам надакучыла хлусня».

Пасля выбараў Марыя ўзялася адміністраваць заводскія чаты «Краіны для жыцця», праз што і была затрыманая 23 кастрычніка 2020 года.

«Падчас затрымання мяне схапілі ззаду, на галаву надзелі мяшок, на рукі – кайданкі, у гэтым усім мяне вазілі па горадзе, перасаджвалі з адной машыны ў іншую, – распавядае былая палітзняволеная. – У КДБ мяне таксама завялі ў мяшку, і толькі ў кабінеце яго знялі. І перада мной на стол кінуў ружу. А ў мяне быў нік у Telegram – ружа. Так ён хацеў мне паказаць, што я раскрытая. Але я гэта і так разумела. Супрацоўнік запытаўся ў мяне: ты нічога не разумееш? Я кажу – а што я павінна разумець і як рэагаваць? Ну так, я люблю, калі мужчыны дораць мне кветкі. Яго гэта толькі яшчэ больш раззлавала. Ён пачаў шманаць гэтую ружу і казаць, што са мной штосьці такое зробяць. Мяне білі падчас допыту».

4 чэрвеня 2021 года суддзя суда Заводскага раёну Менску Алена Капцэвіч вынесла прысуд Марыі – 3 гады пазбаўлення волі.

Самае складанае, што было ў зняволенні, – пазбаўленне сувязі з роднымі, кажа жанчына.

«У СІЗА ўвогуле не было ніякіх званкоў, а з сярэдзіны снежня 2020 года да сярэдзіны лютага 2021 года нам увогуле не перадавалі лістоў, нібыта праз тое, што ўсе цэнзары хварэлі на ковід. З калоніі можна было тэлефанаваць родным, але мне гэта давалася цяжка. У мяне мама ва ўзросце, ёй было 85 гадоў, калі мяне затрымалі. Часам я не магла датэлефанавацца, і гэта было вельмі цяжка, бо я не ведала, ці ўсё з ёй добра».

«Найбольш шкада было за кратамі моладзь»

У той жа час у СІЗА зняволеныя жанчыны імкнуліся жыць, прыгадвае Марыя – святкавалі дні народзінаў, рыхтавалі да іх тарты.

Мария Нестерова, бывшая политзаключённая
Фота: Белсат

«У побытавым плане на Валадарцы было вельмі цяжка – малыя камеры, цвіль, аднак я з цеплынёй узгадваю людзей, з якімі давялося там быць. А яшчэ – там жаночы корпус на шпацыр водзяць праз вуліцу, і гэта шчасце – бачыць неба не з дворыка. Гэта давала адчуванне, што ёсць жыццё навокал», – распавядае нашая суразмоўца.

У няволі Марыя пазнаёмілася з іншымі палітзняволенымі жанчынамі, пасябравала з дзяўчатамі са «справы студэнтаў». На Валадарцы сядзела разам з Ксеніяй Луцкіной, Алай Шарко, Юліяй Слуцкай, Дар’яй Чульцовай, перасякалася з Дар’яй Лосік, Кацярынай Андрэевай, Наталляй Хершэ.

«З Дашай Чульцовай мы сустрэліся, калі іх з Кацяй прывезлі на Валадарку на суды. Мы тады ўчацвярых былі – Алана Гебрэмарыям, Даша, Соня Малашэвіч і я, – распавядае Марыя. – Гэта была самая цёплая камера ў плане маральнай абстаноўкі і падтрымання. Даша вельмі нервавалася, адмовілася ад вячэры, я ёй тады зрабіла бутэрброд. Яна потым на інтэрв’ю распавядала, і мне было вельмі прыемна. Я яе падтрымлівала, дапамагала рыхтавацца да судоў. Мне было вельмі шкада менавіта моладзь за кратамі».

«Даша мне вельмі дапамагала»

Марыя прыгадвае, як Даша Чульцова збіралася на суды. У СІЗА існуе прыкмета: калі едзеш на суд, нічога нельга пакідаць у камеры са сваіх рэчаў – калі забярэш усё, то не вернешся – атрымаеш «хатнюю хімію», напрыклад.

«У Дашы былі дзве вялізныя торбы, у адной з іх – лісты, і яна была вельмі цяжкая. А на Валадарцы яшчэ трэба з сабой несці пасцель – матрац, коўдру, усё гэта трэба здаваць на склад. Калі вяртаешся назад, зноў гэта забіраеш і вяртаешся ў камеру. Асабліва цяжка, калі ў цябе штодня суды і ты ўсе гэтыя працэдуры паўтараеш, – тлумачыць былая палітзняволеная. – Дык вось, Даша не хацела ўсяго забіраць і штосьці пакінула ў камеры. У выніку вярнулася ўвечары».

На другі дзень Даша ўсё забрала, але таксама вярнулася. На трэці дзень яна вырашыла раздарыць свае рэчы тым, хто быў у камеры, а астатняе вынесла, аднак зноў не спрацавала – суд пакараў зняволеннем.

У калоніі Марыя Несцерава і Дар’я Чульцова трапілі ў адзін атрад.

Мария Нестерова, бывшая политзаключённая
Фота: Белсат

«Даша мне вельмі дапамагала. Я ж прыехала без рэчаў амаль, без кіпяцільніка, бо нас вывозілі на этап тады паводле новых правілаў для «экстрэмістаў» – забіралі нібыта небяспечныя запалкі, люстэркі, запальніцы, а таксама кіпяцільнікі, – узгадвае жанчына. – І Даша давала мне свой, хоць гэта забаронена, – гэта парушэнне, за якое можа быць пакаранне».

«У калоніі не ведаеш, што з табой будзе нават праз хвіліну»

Марыя выйшла на волю напрыканцы траўня 2023 года. Вярнуўшыся дамоў, жанчына паспрабавала наладзіць жыццё, трымалася бадзёра першыя тры месяцы.

«А напрыканцы жніўня мяне накрыла, і я зразумела, што сама не вытрымаю. Пайшла да псіхолага, – кажа былая палітзняволеная. – Канечне, усё перажытае адбілася і моцна змяніла мяне. Я цяпер гляджу на свае фотаздымкі з 2020 года і думаю: Божа, калі я зноў стану чалавекам, які будзе гэтак жа ўсміхацца?»

Усе шэсць месяцаў пасля вызвалення і да ад’езду Марыя назірала каля дому, насупраць свайго пад’езду белы мікрааўтобус з танаваным шклом. Часам яго замяняў іншы, а потым белы зноў вяртаўся на сваё месца. Была палітзняволеная перакананая, што за ёй сачылі. Гэты бус стаяў і 13 снежня – у дзень, калі Марыя выйшла з дому і больш не вярнулася.

Мария Нестерова, бывшая политзаключённая
Фота: Белсат

«Я не стала правяраць, праўда ці не тыя паведамленні, што мне сталі прыходзіць пра тое, што паднялі маю справу, – кажа жанчына. – Я не хацела зноў вяртацца ў турму. Таму я пакінула тэлефон удома, выйшла і ўжо дарогаю недзе ў горадзе прыняла рашэнне з’язджаць. Дзякуй Богу, былі людзі, якія дапамаглі».

Цяпер Марыя стараецца адаптавацца да новага дому ў Тбілісі. Вывучае горад, ходзіць на экскурсіі. Кажа, што калі б не было досведу калоніі, перажываць вымушаную эміграцыю было б нашмат цяжэй.

«Вельмі цяжка – жыць без родных, але я так жыла ўжо тры гады. Цяжка жыць, калі не ведаеш, што будзе заўтра, але так я таксама ўжо жыла ў калоніі – там не ведаеш нават, што з табой будзе праз хвіліну», – зазначае жанчына.

Былой палітзняволенай патрэбная тэхніка для працы

На чужыне былую палітзняволеную падтрымлівае вера.

«Гэта тое, што дае мне надзею. У малітве «Ойча наш» ёсць словы: хлеб наш штодзённы дай нам сёння. Там не гаворыцца – накармі нас і дай нам надзею назаўсёды. Там гаворыцца пра сёння. І гэта дапамагае пражываць сённяшні дзень, бо больш, чым сёння, ні ў каго з нас няма, і яго трэба пражыць – годна, з карысцю, з удзячнасцю і любоўю», – кажа Марыя.

Мария Нестерова, бывшая политзаключённая
Фота: Белсат

Марыя шукае занятак, які дазволіць ёй утрымліваць сябе ў чужой краіне. Жанчына не цураецца ніякай працы.

«Калі ў мяне былі цяжкасці, я заўсёды шукала варыянты – і абеды гатавала, дастаўляла ў офіс, і піражкі рабіла і прадавала, і копірайтынгам займалася – пісала тэксты. Я выкарыстоўвала ўсе свае ўменні і таленты, каб зарабляць, – кажа беларуска. – Гэта быў досвед дэкрэтаў у 1990-я гады, калі па-рознаму было з грашыма. Я тады вязала, шыла на замову, штосьці прадавала, падпрацоўвала. Я не цураюся працы».

Марыя збіраецца вучыцца на курсах перападрыхтоўку для рэпрэсаваных беларусаў, якія ладзіць BYSOL, на спецыяльнасці «ўэб-дызайн», а пакуль будзе ісці навучанне, яна хоча рабіць пасцілу і кветкі з яе, чаму навучылася яшчэ ў Беларусі.

«Пакуль у мяне ёсць моўны бар’ер, я не змагу працаваць у мясцовым асяроддзі, таму шукаю варыянты працы онлайн ці прадаваць нейкія вырабы сярод сваіх, беларусаў, – распавядае Марыя. – Мне патрэбнае абсталяванне. Для навучання – ноўтбук. Пакуль што пазычыў знаёмы, але вельмі патрэбны свой. А каб распачаць рабіць пасцілу, патрэбная сушыльная шафа».

Калі вы хочаце дапамагчы Марыі, напішыце нам, і мы вас звяжам з ёй. Таксама былая палітзняволеная беларуска адкрыла персанальны збор на BYSOL – можна падтрымаць жанчыну там.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў