«Асцярожна, дзверы зачыняюцца!»

Мы былі «амаль еўрапейцамі». Вільня з «Акропалісам», вежай Гедзіміна і аэрапортам «Менск-3» выглядала з-за рага. Для жыхароў Горадні Беласток быў суседнім горадам, вандроўка займала некалькі гадзінаў. Здавалася, яшчэ крыху – і візы спачатку зробяць бясплатнымі, а потым адменяць увогуле. Так было зусім нядаўна, яшчэ ў 2019 годзе. А далей панеслася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Спачатку COVID закрыў рух ува ўсім свеце, абрэзаў чыгуначныя зносіны. Потым зусім ідыёцкая гісторыя з захопам «Боінга», на якім ляцелі Пратасевіч з Сапегай, у адно імгненне абмежавала падарожжы рэйсамі «Белавіі» выключна ўсходнім кірункам. У Тулу – калі ласка! У Мілан? Пачакайце трошкі. Дзякуючы санкцыям, якія «не працуюць», парк самалётаў нацыянальнага перавозніка скараціўся з 29 да 13 адзінак ды расці не збіраецца.

Спробы націснуць на заходніх суседзяў у частцы прызнання рэжыму легітымным таксама зрабілі свой унёсак – скарачэнне штату консульстваў прыкметна абмежавала магчымасць атрымаць візу. А далей была вайна. Чарга ахвочых пакінуць «сінявокую» надоўга зноў павялічылася, яно і зразумела – у рацыянальнага чалавека жадання ваяваць з украінцамі з’явіцца не можа. Няма адкуль яму ўзяцца.

Але калі нашыя суседзі плынь уцекачоў 2020 года прымалі з распасцёртымі абдымкамі, то з тымі беларусамі, якія бягуць ад патэнцыйнай вайны, атрымлівалася не так, каб моцна добра.

Сёння прыйшоў час на апошні сродак перасячэння мяжы – праз наземныя зносіны. Трыгерам паслужыў прысуд Анджэю Пачобуту – 8 гадоў калоніі за прафесійную дзейнасць. Урад Польшчы павінен быў адрэагаваць, і гэтая рэакцыя не прымусіла сябе чакаць. Для перамяшчэння цяжкавікоў і пасажырскай плыні засталося па адным пераходзе. Эскалацыя толькі ўзрастае. Бакі падымаюць стаўкі. Ці можа мяжа закрыцца зусім? Можа, безумоўна.

У свеце ёсць закрытыя межы. Ёсць нават краіны, якія закрытыя наглуха, тая ж Паўночная Карэя, ды ў ёй жа таксама жывуць людзі. Ці грамадзяне будуць трываць? Безумоўна. І шараговыя беларусы, якія з задавальненнем ездзілі «на закупы», карысталіся аэрапортамі, працавалі і адпачывалі за мяжой, і прадпрымальнікі, якія будавалі транспамежны бізнес на экспарце ды імпарце розных маштабаў. Асобная група – тыя сотні тысячаў, якія ўжо будуюць сваё жыццё за мяжой, але ўсё яшчэ рэгулярна наведваюць сваякоў на радзіме. Для ўсіх іх – нічога добрага. Але ці можа быць інакш?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі памежны пераход «Баброўнікі» напярэдадні закрыцця. 10 лютага 2023 года.
Фота: Карына Пашкова / Белсат

Беларусь нясе пагрозу. Невялікая купка людзей сілавым метадам у 2020 годзе незаконна ўзурпавала ўладу, зладзіла адкрыты генацыд уласнага народу, у 2021-м арганізавала маштабныя плыні ўцекачоў з няшчасных краінаў, у 2022-м – дала тэрыторыю і інфраструктуру для здзяйснення ваеннай агрэсіі ў дачыненні незалежнай дзяржавы. У Беларусі штодня ў дзяржаўных медыях выходзяць у эфір матэрыялы, якія адкрыта распальваюць істэрыю, нянавісць у дачыненні суседзяў. Дык як жа павінны ў гэтай сітуацыі рэагаваць суседнія краіны? У гэтай частцы добрых прагнозаў у мяне няма. Любыя адносіны будуць мінімізаваныя да крытычна неабходных.

Вынік вайны прадказальны: яна скончыцца кампрамісам. Пытанне толькі ў тым, дзе дакладна будзе праходзіць на той момант «лінія судакранання». Ці будуць ЗСУ ў Крыме? Адказ на гэтае пытанне крытычна важны для Украіны, але не для беларускага народу.

У пасляваеннай канфігурацыі, калі сітуацыя будзе развівацца без «чорных лебедзяў», Беларусь зробіцца аб’ектам гандлю і, з вельмі вялікай імавернасцю, застанецца крамлёўскім пратэктаратам. А гэта азначае новую жалезную заслону. Па які бок? Сёння здаецца, што па абодва.

Гэтак жа, як краіны Захаду зацікаўленыя ў нівеляванні пагрозы з усходу, усходнія кіраўнікі будуць зацікаўленыя ў абмежаванні кантактаў уласных грамадзянаў з развітым светам. Падалей ад граху. Да ўвядзення выязных візаў і правярання на добранадзейнасць тых, хто выязджае, – вельмі недалёка. Так ужо было ў маім дзяцінстве, у познім СССР.

А можа быць, практыка будзе іншай? Гадоў 15 таму ў Кітаі мясцоваму насельніцтву, каб часова выехаць з краіны, трэба было пакінуць заклад памерам двух гадавых заробкаў. Але ж чаму не? Дзяржава ж цябе паіла, карміла, вучыла і выхоўвала, а раптам ты не вернешся? Такія страты!

Сумна тое, што гэтакія дурныя фантазіі не здаюцца такімі ўжо нездзяйсняльнымі. Таму – або «чорныя лебедзі», крызісы і рэзкія змены, або спаўзанне да жалезнай заслоны з усімі наступствамі.

Дык а што ж з узаемавыгадным таваразваротам, наладжанымі гаспадарчымі сувязямі? Эканоміка Польшчы большая, чым эканоміка Беларусі, у 10 разоў. Доля Польшчы ў вонкавым гандлі з Беларуссю не перавышала 5 %. Для Польшчы гэтыя лічбы – зусім малая велічыня. У абедзвюх краінах поўнае спыненне гаспадарчых адносінаў не выкліча якіх-кольвечы значных праблемаў. Дакладней, горш чым ёсць, ужо не будзе.

А людзі? Людзі прызвычаяцца. Так ужо было.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў