Што важнага ў новым праекце Канстытуцыі, які Лукашэнка вынесе на рэферэндум


Усебеларускі народны сход – другі і галоўны парламент, куды не выбіраюць, а прызначаюць, і якім кіруе асабіста Лукашэнка? А вось і не: шмат чаго важнага з праекту зменаў у Канстытуцыю невядома.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня падпісаў указ (PDF) аб прызначэнні рэферэндуму на 27 лютага. У тым жа ўказе – праект зменаў і дадаткаў, якія істотна мяняюць Канстытуцыю.

Што ў фінальным праекце не так, як у чарнавіку

Праект зменаў ужо публікавалі ў чарнавіку 27 снежня 2021 года. Цяперашняя версія крыху адрозніваецца. Самыя заўважныя адрозненні такія:

  • Дадалі агаворкі, якія дазваляюць Лукашэнку займаць адначасова і пасаду прэзідэнта, і пасаду старшыні Усебеларускага народнага сходу. Раней у чарнавіку былі супярэчанні.
  • Паводле дзейнай Канстытуцыі (і чарнавіка), у Беларусі забараняецца ўсталяванне нейкай ідэалогіі ў якасці дзяржаўнай, а ў канчатковым праекце «дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе ідэалогіі беларускай дзяржавы» (самой ідэалогіі ў Канстытуцыі няма).
  • Да «патрыятызму як доўгу грамадзяніна» дадалі абавязак паважаць дзяржаўную сімволіку.
  • Усебеларускаму народнаму сходу дадалі яшчэ крыху паўнамоцтваў: ужо не толькі права выбіраць старшыняў і суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, а і намеснікаў старшыняў.
  • Калі прэзідэнт два тыдні не вяртае нейкага закону, адпраўленага яму на подпіс, то закон лічыцца падпісаным ужо не аўтаматычна, а пасля прыняцця Канстытуцыйным Судом заключэння аб канстытуцыйнасці закону.
  • Змены ў Канстытуцыю набываюць моц ужо не адразу, а праз 10 дзён пасля афіцыйнай публікацыі.
  • І шмат драбнейшых правак.
Аналітыка
«Больш за 400 адкрытых дыялогаў». Беларусы абмяркоўваюць змены ў Канстытуцыю
2022.01.17 07:30

Што важнага ў праекце ў параўнанні з дзейнаю Канстытуцыяй

Фінальны праект зменаў і дзейную Канстытуцыю параўнаў палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі. Ён расказаў «Белсату» свае ўражанні.

Журналіст Паўлюк Быкоўскі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Галоўным Быкоўскі лічыць тое, як апісаны Усебеларускі народны сход – яго Лукашэнка склікаў і раней, але пакуль гэты сход не мае ніякіх паўнамоцтваў, у праекце абноўленай Канстытуцыі ж УНС мае вельмі шырокія паўнамоцтвы.

«Утвараецца новы орган, які будзе мець права вета ў дачыненні рашэнняў усіх астатніх галінаў улады, акрамя судовай, – кажа ён пра Усебеларускі народны сход у праекце. – Гэта орган над галінамі ўлады і разам з тым орган прадстаўнічай улады. Атрымліваецца не зусім зразумелая штука, што гэта за орган».

Паўнамоцтвы УНС перадаюцца, але як сход фармуецца, яшчэ маюць вызначыць асобным законам (калі праект ухваляць на рэферэндуме, закон мусяць прыняць цягам года з набыцця зменамі моцы). Хто і як выбірае дэлегатаў, ці ўвесь Савет Рэспублікі і ці ўся Палата прадстаўнікоў туды трапляюць, хто пойдзе з мясцовых саветаў і «ад грамадзянскай супольнасці» – усяго гэтага не апісалі ў праекце. Не апісана, калі дэлегаты выбіраюць прэзідыум сходу, які нейкім чынам (пазней маюць вызначыць законам) мае быць адказным за «аператыўнае рашэнне пытанняў», і колькі чалавек у тым прэзідыуме мусіць быць.

«З таго, што прынцыпы фармавання Усебеларускага народнага сходу адсутнічаюць у праекце зменаў, я раблю выснову: гэта значыць, што практычная рэалізацыя трансфармацыі палітычнай сістэмы адкладаецца да прыняцця адпаведнага закону», – рэзюмуе Быкоўскі.

Эксперт адзначае, што нявызначанасць з парадкам фармавання УНС «сведчыць пра тое, што змены ў Канстытуцыю выкліканыя нейкімі вонкавымі прычынамі», бо «інакш Аляксандр Лукашэнка і кіроўны рэжым распрацавалі б праект такім чынам, каб змены адбываліся хутчэй».

Hавiны
«Гэта мы зробім». Лукашэнка заявіў, што прыме новую Канстытуцыю нават насуперак народу
2022.01.18 13:39

Што яшчэ цікавага ў праекце

Праект Канстытуцыі мае шэраг «касметычных» правак і дробных зменаў: напрыклад, вызначае, што «шлюб – саюз мужчыны і жанчыны» (хоць аднаполыя шлюбы ў Беларусі і так не рэгіструюцца), і загадвае, каб грамадзяне клапаціліся пра сваё здароўе. Але за шматлікімі праўкамі і зменамі хаваецца некалькі цікавых момантаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Маўклівы пратэст. Менск, 2011 год.
Фота: svaboda.org

Быкоўскі называе незразумелымі праўкі пра тэрмін паўнамоцтваў парламенту, які павышаюць з 4 да 5 гадоў, «калі іншае не прадугледжанае Канстытуцыяй». А ў праекце Канстытуцыі амаль не прадугледжваецца «іншае» – хіба толькі «на падставе закону ў выпадку вайны». Таксама прапісана, што выбары Палаты прадстаўнікоў наступнага (восьмага) склікання маюць прайсці разам з выбарамі ў мясцовыя саветы ў апошнюю нядзелю лютага 2024 года (4 гады і 3 месяцы з мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў). На думку Быкоўскага, давядзецца чакаць нейкіх тлумачэнняў.

«Не зусім уцямнымі» ён называе змены ў артыкул пра тое, хто можа быць прэзідэнтам. Мінімальны ўзрост у праекце павышаюць з 35 гадоў да 40: каго хочуць такім чынам «адсячы» ад права выбірацца? Той жа Святлане Ціханоўскай 40 гадоў споўніцца ўжо сёлета ў верасні. Іншыя пункты прапісаныя так абцякальна, што могуць быць павернутыя супраць шмат каго: згодна з праектам, трэба будзе пастаянна жыць у Беларусі не 10 гадоў, а 20, і нельга будзе ніколі ў жыцці мець замежнае грамадзянства, від на жыхарства ці іншы дакумент, які дае права на ільготы і перавагі за мяжою. Апошняе можа значыць нават карту паляка ці замежны студэнцкі білет.

Патрыятызм абвешчаны абавязкам, а што такое патрыятызм у разуменні беларускага заканадаўства і што грамадзянін абавязаны рабіць, невядома. Дзяржаўная ідэалогія ўсё яшчэ не прапісаная, а ў праекце ўжо зробленая абавязковай «ідэалогія беларускай дзяржавы». Ужо былі выдадзеныя падручнікі дзяржаўнай ідэалогіі для розных навучальных установаў, але яны супярэчылі адзін аднаму, спасылаліся на выказванні Лукашэнкі, па-рознаму эклектычна запазычвалі элементы розных палітычных ідэалогіяў.

Hавiны
Год альтэрнатыўнай гістарычнай памяці пачаўся. Лукашэнка: Рэч Паспалітая – «акупацыя Беларусі палякамі»
2022.01.06 12:11

Пра саюзную дзяржаву нічога не сказана. Але пункты пра тое, што Беларусь нейтральная і бяз’ядравая дзяржава, у праекце выкрасленыя, замест іх – «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі адносна іншых дзяржаваў».

Можа скласціся ўражанне, што праект зменаў у Канстытуцыю прапісвае такі план для Лукашэнкі: ён застаецца на пасадзе прэзідэнта і можа выбірацца на яшчэ два тэрміны па пяць гадоў, а падчас гэтага робіцца яшчэ і кіраўніком Усебеларускага народнага сходу. Ды Быкоўскі кажа, што гэта не пэўна: не сказана, як фармуецца УНС, і няма пункту, які аўтаматычна робіць дзейнага ці былога прэзідэнта старшынём сходу (старшыню выбірае сам сход таемным галасаваннем). Акрамя таго, сход можа прымаць пастанову пра імпічмент прэзідэнта, што выглядала б дзіўна, калі прэзідэнт гэты сход узначальвае.

Гарантыі бяспекі былому прэзідэнту прапісаныя: у праекце былы прэзідэнт робіцца пажыццёвым чальцом Савету Рэспублікі і не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні ў часе прэзідэнцтва. Але, адзначае Быкоўскі, і чылійскі дыктатар Аўгуста Піначэт меў такія гарантыі, ды пасля сыходу з пасады законы змяніліся – і яго судзілі.

Аналітыка
Гібрыдная Канстытуцыя: як Лукашэнка спалучыў дзве супрацьлеглыя ідэі ў адным дакуменце
2021.12.28 17:00

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў