Арыштавалі пасажыраў аўтобуса, праваабаронцаў назвалі шпіёнамі


«Белсат» працягвае фіксаваць факты рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі і звязаныя з гэтым падзеі і зʼявы.

Выданне «Беларусь Сегодня» выпусціла 20 снежня артыкул, у якім спасылаючыся на матэрыялы сілавікоў, вінаваціць Насту Лойку і супрацоўнікаў праваабарончай арганізацыі «Human Constanta» ў шпіянажы. «Human Constanta» назвала ўсе абвінавачанні неабгрунтаванымі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, апошнімі днямі адбываюцца масавыя затрыманні беларусаў на мяжы з Польшчай. Кагосьці забіраюць за ўдзел у акцыях, іншых — за сустрэчы ў Польшчы «з кім не трэба», а кагосьці за каментары ў сацсетках і месэнджарах. Па словах пасажыраў, якія ехалі ўначы 19 снежня, з аўтобуса знялі чалавек з дзесяць, тое самае адбывалася і ў маршрутках.

У Менскім гарадскім судзе 20 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць кіраўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Былы старшыня асацыяцыі Аляксандр Ярашук, ягоны намеснік Сяргей Антусевіч і бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім абвінавачаны ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК). Яны нібыта публічна выкрыквалі лозунгі, блакавалі працу транспарту, не падпарадкоўваліся патрабаванням міліцыі падчас пратэставых маршаў. Таксама Ярашука абвінавацілі і ў закліку да страйку (ч. 3 арт. 361 КК). Абвінавачаныя цалкам прызналі віну.

Прадстаўнікі тэлеграм-каналу «Nexta» пацвердзілі факт выцеку сілавікам часткі тэкставых паведамленняў, якія карыстальнікі дасылалі ў рэдакцыю рэсурсу падчас пратэстаў 2020 года. Кажуць, нічога страшнага, але раяць скарыстаныя ў той час акаўнты выдаліць.

Інфармацыя «Усатого Королевства» прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гаворка пра старонку ў сацсетцы «Вконтакте» пад такой назвай. Таксама ў абноўлены спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі Youtube-канал «Осторожно VIRUS» і старонкі «Радио Нелли-Инфо Мозырь» у сацсетках «Одноклассники», «Вконтакте» і «Instagram».

22 снежня пачнуць судзіць журналіста і ўласніка «Кальяннай №1» Івана Мураўёва. Іван быў затрыманы 1 верасня 2022 году. Яму інкрымінуюць «удзел у экстрэмісцкім фармаванні». Мураўёву пагражае да 6 гадоў зняволення.

Крымінальны пераслед у дачыненні журналіста Алеся Дашчынскага спынены. З яго знялі абмежаванні ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і вярнулі рэчы, канфіскаваныя падчас ператрусу ў 2021 годзе.

Кіраўніцу арганізацыі «Наш дом» Вольгу Карач 20 снежня знялі з самалёту ў Рыме. Праз сталіцу Італіі кіраўніца апазіцыянерка накіроўвалася ў сталіцу Румыніі Бухарэст на канферэнцыю па бяспецы. Паведамляецца, што беларускі пашпарт Вольгі Карач ануляваны ў панядзелак. Паводле інфармацыі «Радыё свабода», у базе дадзеных Інтэрполу гэты пашпарт пазначаны як скрадзены. Дакумент правяралі ў сувязі з тым, што Румынія не ўваходзіць у Шэнгенскую зону.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў