«Nexta»: Сілавікі перабольшваюць маштабы выцеку базы звестак тэлеграм-каналу


Прадстаўнікі тэлеграм-каналу «Nexta» пацвердзілі факт выцеку сілавікам часткі тэкставых паведамленняў, якія карыстальнікі дасылалі ў рэдакцыю рэсурсу падчас пратэстаў 2020 года. Кажуць, нічога страшнага, але раяць скарыстаныя ў той час акаўнты выдаліць.

Кубак з лагатыпам «Nexta».
Фота: nexta_tv / Instagram

У рэдакцыі тэлеграм-каналу «Nexta» пракаментавалі заявы сілавікоў, якія сцвярджаюць, што нібыта атрымалі доступ да звестак 30 тысяч карыстальнікаў, якія раней пісалі ў «Nexta».

Сілавікі кажуць пра доступ да двух нутраных чатаў і да рэсурсу, праз які чытачы прапанавалі рэдакцыі навіны, фота- і відэаматэрыялы. Вось як выглядаюць тыя матэрыялы ў тэлеграм-канале сілавікоў:

Рэдакцыя «Nexta» прызнала факт выцеку звестак, але кажа, што сілавікі значна перабольшваюць маштабы інцыдэнту і дэманструюць мешаніну рэальных паведамленняў ды выдуманых. Насамрэч да сілавікоў трапіла толькі невялікая частка даных:

«Імаверна, нейкая частка працоўнай інфармацыі была насамрэч выпампаваная адным з былых нашых супрацоўнікаў, а пасля пасадкі самалёта з ім у Менску сілавікі ўзламалі ці сілай прымусілі выявіць прылады. Аднак гаворкі пра ўвесь выпампаваны масіў матэрыялаў (фота, відэа, файлы) за вялікі перыяд часу не ідзе: зрабіць гэта тэхнічна немагчыма з прычыны перавышэння ўсіх магчымых лімітаў паводле памеру і велізарнай колькасці файлаў».

Нагадаем: 23 траўня 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце ў Менску пасля прымусовай пасадкі самалёта быў затрыманы журналіст і блогер, адзін з аўтараў тэлеграм-каналу «Nexta» Раман Пратасевіч, які потым стаў супрацоўнічаць з сілавікамі.

Абноўлена
У выніку спецаперацыі затрыманы Раман Пратасевіч. Галоўнае
2021.05.23 17:32

Рэдакцыя «Nexta» сцвярджае, што ў распараджэнні сілавікоў ёсць толькі тэкставыя паведамленні, аднак няма імёнаў і прозвішчаў аўтараў гэтых паведамленняў. Іх не ведала і рэдакцыя «Nexta». Пры гэтым маглі захавацца ID некаторых карыстальнікаў:

«Аднак калі вы прытрымліваліся нашых правілаў бяспекі, якія мы публікавалі неаднаразова, вам наўрад ці можа нешта пагражаць. Тым не менш, раім пераканацца, што вашыя старыя акаўнты, актыўныя падчас пратэстаў 2020 года, выдаленыя».

Былы рэдактар «Nexta» Ян Рудзік распавёў «Медиазоне», што апублікаваныя сілавікамі скрыншоты сапраўды падобныя да прапановаў і двух нутраных чатаў рэсурсу.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў