У Менску пачаўся суд у «справе прафсаюзаў». Фігуранты прызналі віну


У Менскім гарадскім судзе 20 снежня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць кіраўнікоў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Гэта былы старшыня асацыяцыі Аляксандр Ярашук, ягоны намеснік Сяргей Антусевіч і бухгалтарка Ірына Бут-Гусаім.

Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч і Ірына Бут-Гусаім у судзе.
Фота: БелТА

Фігурантам «справы прафсаюзаў» выставілі абвінавачанне ва ўдзеле ў пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК): яны нібыта публічна выкрыквалі лозунгі, блакавалі працу транспарту, не падпарадкоўваліся патрабаванням міліцыі падчас пратэставых маршаў. Таксама Аляксандра Ярашука абвінавацілі і ў закліку да страйку (ч. 3 арт. 361 КК). Усе яны цалкам прызналі віну.

Працэс вядзе суддзя Валянціна Зянкевіч.

Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч і Ірына Бут-Гусаім былі затрыманыя 19 красавіка. Тады ў іх адбыліся ператрусы на месцы працы і жыхарства, сканфіскавалі тэхніку. Іх затрымалі і змясцілі ў СІЗА, усіх прызналі палітычнымі вязнямі.

Аляксандр Ярашук і Сяргей Антусевіч у судзе.
Фота: БелТА
Ірына Бут-Гусаім у судзе.
Фота: БелТА

Аляксандр Ярашук публічна і адкрыта выступаў супраць увядзення жорсткіх санкцыяў у дачыненні Беларусі, праз што на яго нават абрынуліся з крытыкаю некаторыя апазіцыянеры, якія цяпер жывуць за межамі краіны.

Ярашук быў лідарам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, які да ліквідацыі аб’ядноўваў некалькі незалежных прафесійных саюзаў. У яго ўваходзілі Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП).

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў