Рэформы ў Беларусі непазбежныя: што варта зрабіць ва ўнутранай і замежнай палітыцы


Сістэма, пабудаваная за гады кіравання Лукашэнкі ў Беларусі, як мадэль для развіцця канчаткова сябе вычарпала. Эканоміка ў 2023 годзе такая сама, як дзесяцігоддзе таму, насельніцтва імкліва скарачаецца, у дзяржаве адбыўся прававы дэфолт, замежная палітыка, як і ўся краіна, звышзалежная ад Расеі. Эксперты канстатуюць: краіну можна спрабаваць утрымліваць у такім стане яшчэ гады, аднак адзіным выйсцем будуць змены, рэфармаванне сістэмы. Яно непазбежна. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Эксперты Цэнтру новых ідэй у межах свайго новага праекту спрабуюць акрэсліць, як маглі б выглядаць асноўныя рэформы ў нашай краіне ўва ўсіх сферах. Яны падкрэсліваюць: большасць беларусаў хоча рэформаў, шмат якія беларусы жадалі б ведаць, што можа быць пасля Лукашэнкі. 

Унутраная палітыка: сістэма з моцным прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам

Год таму Аляксандр Лукашэнка правёў рэферэндум за папраўкі ў Канстытуцыю, замацаваўшы аўтарытарызм у Беларусі. Галоўнаю зменаю сталася ўзмацненне Усебеларускага народнага сходу — «калектыўнага Лукашэнкі». Гэтак рэжым імкнецца ўмацаваць свае пазіцыі і забяспечыць кіраваны транзіт улады. «Выйшаўшы на пенсію», Лукашэнка можа стаць кіраўніком Усебеларускага народнага сходу і адтуль кіраваць новым ды зручным прэзідэнтам.

У будучыні нашай краіне трэба будзе дэмантаваць гэтую сістэму, узнікне пытанне, якія змены найперш патрэбныя Асноўнаму Закону, каб пабудаваць справядлівую і ўстойлівую палітычную сістэму. 

Змены ў Асноўны Закон мусяць праводзіцца адкрыта — толькі гэтак яны стануць легітымнымі. Адным з варыянтаў прыняцця новай Канстытуцыі можа стаць скліканне спецыяльнай асамблеі ў выніку адкрытых выбараў. Канстытуцыю таксама можа распрацаваць новы і дэмакратычна абраны парламент.

Беларусам не варта думаць, што пераход да парламентарызму аўтаматычна вядзе да дэмакратыі. Гэты тып палітычнага ладу не гарантуе адкрытасці палітычнай сістэмы. Прэм’ер-міністры ў парламенцкіх рэспубліках маюць шырокія паўнамоцтвы і могуць імі злоўжываць, калі іхная партыя атрымлівае большасць на выбарах. Такое развіццё падзеяў таксама імавернае, калі адсутнічаюць дэмакратычныя традыцыі: напрыклад, Вугоршчына, якая перастала быць паўнавартаснаю дэмакратыяй. А на постсавецкай прасторы пераходы да парламентарызму наагул задумваліся для захавання асабістай улады: прэзідэнты ў Грузіі і Арменіі пасля двух тэрмінаў паспрабавалі «перасесці» ў прэм’ерскія крэслы, каб і далей узмацняць сваю ўладу.

Замест парламенцкай рэспублікі, на думку экспертаў Цэнтру новых ідэй, варта выбраць мадэль з моцнымі прэзідэнтам і прэм’ерам. Так палітычная сістэма будзе мець як мінімум два цэнтры, якія змогуць не дапусціць празмернага ўзмацнення адзін аднаго. Напрыклад, пасля рэвалюцыяў у сярэдзіне 2000-х Украіна перапісала Канстытуцыю і абрала напалову прэзідэнцкую мадэль (з моцным прэм’ерам), што дазволіла ўмацавацца сістэме палітычнай канкурэнцыі.

Таксама Беларусь можа выбраць амерыканскую мадэль, дзе ўлада прэзідэнта значна абмежаваная Кангрэсам (парламентам), які кіраўнік дзяржавы не можа распускаць. Гэта адна з асноваў знакамітай сістэмы «стрымлівання і супрацьваг», што захоўвае дэмакратыю ў ЗША ўжо больш за два стагоддзі.

Референдум, Конституция Республики Беларусь, голосование, изменение Конституции
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Каб пазбегчы канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, трэба развіваць мясцовае самакіраванне. Пасады губернатараў і мэраў мусяць стаць выбарнымі, а іхныя паўнамоцтвы і роля мясцовых парламентаў – значна павялічыцца. Дэмакратычныя і эканамічна паспяховыя грамадствы не з’яўляюцца без ініцыятывы на месцах.

Улічваючы значэнне прапаганды ўва ўсіх аўтарытарных рэжымах, неабходна гарантаваць незалежнасць медыяў. Гэта можа зрабіць камісія з шырокімі паўнамоцтвамі, якая складаецца з прадстаўнікоў СМІ. Яе задача – сачыць за адсутнасцю ціску на журналістаў.

Нарэшце, важна абараніць ад частага перапісвання ключавыя палажэнні дэмакратычнай Канстытуцыі: напрыклад, як праходзяць выбары ці фармуюцца суды. Адзін з варыянтаў – дазволіць уносіць змены ў гэтыя артыкулы толькі са згоды абсалютнай большасці ўсіх дэпутатаў і толькі пасля ўхвалення на рэферэндуме. Шмат у чым праз тое, што Канстытуцыю можна было лёгка змяняць у парламенце, Віктар Орбан і ягоная партыя «Fidesz» здолелі ўзурпаваць уладу ў Вугоршчыне.

Замежная палітыка: сяброўства з Захадам і Усходам

Пасля 24 лютага 2022 года афіцыйны Менск – у тупіку. Каб вывесці яго адтуль, трэба будзе стварыць вобраз зусім іншай – адкрытай – Беларусі. Суўдзел дзяржавы ў расейскай агрэсіі ды масавыя парушэнні правоў чалавека ў краіне прывялі да разбурэння асноваў беларускай вонкавай палітыкі. Усё яшчэ дэклараваную ўладамі палітыку шматвектарнасці немагчыма рэалізаваць, бо Беларусь застаецца ледзь не ў варожых стасунках з чатырма з пяці суседзяў і цяпер успрымаецца як пагроза.

Насуперак геаграфічнаму становішчу нашая краіна перастае быць транзітнаю дзяржавай, а яе лагістычная інфраструктура становіцца менш запатрабаваная. Еўрапейскі Звяз пастанавіў не фінансаваць інфраструктуры транспартавых шляхоў, якія злучаюць ЕЗ з Беларуссю (і Расеяй).

Кітай адкрывае альтэрнатыўныя беларускаму маршруты дастаўкі сваіх грузаў у Еўропу. Транзіт кітайскіх тавараў у ЕЗ чыгункаю праз нашую краіну скараціўся ў першым паўгоддзі 2022 года на 25,7 %. У адваротным кірунку (з Еўропы) — на 35 %.

Важным фактарам, які пагаршае беларускія эканамічныя магчымасці, сталася страта доступу да транзіту праз краіны Балтыі і Украіну. Цяпер нашыя прадпрыемствы могуць разлічваць толькі на расейскія парты і чыгунку, што абмяжоўвае поле для манеўру ў дачыненнях з Расеяй і значна павялічвае выдаткі на транспартаванне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Эканамічная мадэль, заснаваная на адначасовым выкарыстанні рэсурсаў Расеі і Захаду, знішчаецца. Замест і без таго нешматлікіх заходніх тэхналогіяў, крэдытаў ды інвестыцыяў нашая краіна атрымала санкцыі, праз якія абмяжоўваецца беларускі экспартны патэнцыял на рынках трэціх краінаў.

Прадстаўнікі найбольш эканамічна актыўных слаёў беларускага грамадства вымушаныя з’язджаць з краіны, бо вядзенне бізнесу ўдома робіцца праблематычным. На практыцы гэта азначае страту да некалькіх сотняў тысяч чалавек, часта кваліфікаваных і залучаных у міжнародны рынак, зацікаўленых у адкрытай свету Беларусі.

Стан вонкавай канфрантацыі, у якім застаецца нашая краіна, уваходзіць у супярэчнасць з грамадскім запытам: беларусы ў большасці сваёй не бачаць сябе ваяўнічым народам, які ненавідзіць кагосьці. Дый дамінавання нейкага аднаго геапалітычнага выбару ў беларускім грамадстве не існуе.

Як можа выглядаць замежная палітыка адкрытай Беларусі?

Выхад нашай краіны са статусу ізгоя і пабудова эфектыўнай замежнай палітыкі хіба немагчымыя без сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Але нават транзіт улады ад Лукашэнкі свайму пераемніку ўжо будзе выглядаць прагрэсам, які можа адкрыць новыя магчымасці.

Шмат якія дзяржавы лічаць калі не эканамічна, то прынамсі палітычна рацыянальным абмяжоўваць сувязі з Беларуссю. Нават пасля дэмакратызацыі такі падыход можа захавацца, калі Захад не ўбачыць доўгатэрміновасці пераменаў. Каб пераламаць такое стаўленне, пераемнікам Лукашэнкі неабходна будзе супрацьпастаўляць імідж Беларусі пры Лукашэнку нейкаму новаму вобразу. У выпадку прыходу да ўлады дэмакратычных сілаў увасобіць новы імідж будзе лягчэй.

Вобраз адкрытай Беларусі мусіць падмацоўвацца дзеяннямі ў эканамічнай і вайскова-палітычнай сферах, якія будуць пераважваць устаноўку «не мець нічога агульнага з Менскам».

Трэба будзе пайсці на радыкальнае спрашчэнне эканамічнай супрацы ды актывізаваць намаганні ў сферы бяспекі. Першае месціць у сабе прывабнасць вядзення бізнесу ў Беларусі, адкрытасць для замежнікаў, вяршэнства права і палітычную стабільнасць, развітасць інфраструктуры ды прыцягненне міжнародных фінансавых інстытутаў і донараў. У сферы бяспекі Беларусі давядзецца імкнуцца да нейтральнага статусу, які дапаможа ўсталяваць баланс у стасунках з краінамі Захаду і Усходу. У выпадку схілення ў расейскі бок Беларусь рана ці позна чакае паглынанне, а ў выпадку развароту на Захад — «спецаперацыя» Крамля для «дэнацыфікацыі». Нейтралітэт у гэтым сэнсе — прагматычны крок да бяспечнага выхаду з тупіковай сітуацыі.

СП belsat.eu

Стужка навінаў