Генштаб ЗСУ: Пагроза наступу расейскай арміі з тэрыторыі Беларусі расце


Пагроза аднаўлення наступу расейцаў на Украіну на паўночным фронце расце, аднак мэтай хутчэй за ўсё будзе не Кіеў, а заходняя частка Украіны, каб парушыць транзіт паставак узбраення з Захаду. Пра гэта паведаміў падчас брыфінгу намеснік начальніка Галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштабу ЗСУ генерал Аляксей Громаў.

Аляксей Громаў.
Фота: Media Center Ukraine – Ukrinform / Telegram

«Пагроза ўзнаўлення наступу ўзброенымі сіламі РФ на паўночным фронце расце. Гэтым разам напрамак наступу можа быць зменены на захад беларуска-ўкраінскай мяжы для пераразання асноўных лагістычных артэрыяў пастаўкі ўзбраення і вайсковай тэхнікі Украіне ад краінаў-партнёраў», – заявіў Аляксей Громаў.

Паводле яго, на тэрыторыі Беларусі ідзе разгортванне авіяцыйных падраздзяленняў і іншых відаў войскаў расейскай арміі.

Акрамя таго, паводле Громава, у Беларусі рыхтуюцца да схаванай мабілізацыі.

«У той жа час Рэспубліка Беларусь працягвае даваць сваю тэрыторыю для запуску балістычных ракетаў і дронаў. Яна размясціла на сваіх аэрадромах самалёты МіГ-31, якія могуць быць узброеныя крылатымі ракетамі тыпу «Калібр». Мы таксама на гэта рэагуем», – зазначыў прадстаўнік Генштабу.

Громаў запэўніў, што Генштаб ЗСУ адсочвае сітуацыю, і ў выпадку неабходнасці будуць зробленыя адпаведныя абарончыя захады:

«На дадзены час сіламі абароны праводзяцца мерапрыемствы для забеспячэнні надзейнага прыкрыцця дзяржаўнай мяжы Украіны і гораду Кіеў з паўночнага напрамку. У выпадку прыняцця супернікам адпаведнага рашэння аб адкрыцці так званага другога фронту, а менавіта вядзення наступальных дзеянняў з Рэспублікі Беларусь, мы будзем гатовыя да адэкватнага адказу».

Толькі ўчора, 19 кастрычніка, у ЗСУ казалі, што цяпер верагоднасць паўторнага ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі нізкая, але ўвесну яна можа значна вырасці.

Аналітыка
Перад 24 лютага і цяпер. Як рэжым Лукашэнкі паўтарае адзін і той жа сцэнар эскалацыі
2022.10.18 19:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў