Новыя палітвязні, аблавы, затрыманні і «экстрэмісцкія фармаванні». Рэпрэсіі 20 сакавіка


Праваабаронцы прызналі палітвязнямі 8 асобаў. Цяпер, паводле падлікаў «Вясны», у пераліку тых, хто зазнаў пераслед з палітычных матываў, 1414 прозвішчаў.

Плошча Пераменаў. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Палітвязнямі прызналі Аляксандра Піскунова, Яраслава Вердыша, Аляксандра Яўціхава, Дзмітрыя Гута, Яўгена Тоўсціка, Аляксандра Паліўку, Паўла Кунцэвіча, Івана Асіповіча. Праваабаронцы патрабуюць вызваліць гэтых людзей і забяспечыць ім справядлівы судовы разбор.

Тым часам суддзя суда Партызанскага раёну Менску Вераніка Абзалімава прызначыла 1,5 года «хатняй хіміі» і штраф 2000 рублёў Алене Каспяровіч, якую абвінавацілі ў «абразе прадстаўніка ўлады». Жанчына нібыта напісала сацсетках, што кіраўнік віцебскага ўпраўлення Дэпартаменту выканання пакаранняў дазваляў сабе здзекі над зняволенымі.

У Баранавічах асудзілі праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка. Яго абвінавачвалі ў «непадпарадкаванні міліцыянту». Справу разглядала суддзя Вікторыя Пакунова. Вынік невядомы, праваабаронцы мяркуюць, што іхны калега атрымаў арышт.

У Менску сілавікі схапілі адміністратара рэстарана Мікіту Лявіцкага. Ён нібыта ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года. Акрамя таго, у сталіцы затрымалі хрысціянскага прапаведніка Сергія Мельянца. Яго абвінавачваюць у нейкім адміністрацыйным правапарушэнні, аднак падрабязнасці пакуль не вядомыя.

А ў Берасці затрымалі мужчыну, які нібыта пісаў «дэструктыўныя ідэі» у Telegram-каналы і чат-боты некаторых праектаў і ініцыятываў. Таксама ён нібыта абражаў Лукашэнку.

Дзмітрый Кучук.
Скрыншот: Дмитрий Кучук / Facebook

Кіраўнік зліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук не выйшаў на волю пасля 30 содняў арышту. Ён меў вызваліцца 17 сакавіка, аднак дагэтуль не вядома, дзе ён і што з ім. Палітыка схапілі, калі ён пайшоў ускладаць кветкі і запальваць лампадку да амбасады Расеі ў Менску ў дзень смерці апазіцыянера Аляксея Навальнага.

Сілавікі ўчынілі ператрус у кватэры, дзе зарэгістраваны кіраўнік «Malanka Media» і платформы ZUBR Павел Марыніч. Там жыве ягоны родны брат з сям’ёю. Надоечы спадару Паўлу завочна далі 4 гады калоніі нібыта за перашкоды ў правядзенні рэферэндуму ў 2022 годзе.

Hавiны
У Менску адбываецца ператрус у кватэры кіраўніка Malanka Media Паўла Марыніча
2024.03.20 10:50

Следчы камітэт завёў крымінальную справу на прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў за мяжой – «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа». Іх абвінавачваюць паводле артыкула аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Ведамства заявіла, што ўжо нібыта выявіла больш за 100 «прадстаўнікоў радыкальных дыяспараў» і больш за 30 аб’ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам. Гэтую маёмасць прыгразілі сканфіскаваць. Паводле заведзенай справы пачаліся ператрусы.

Каментар
Чым «калярадыкальныя ячэйкі» беларускіх «Народных амбасадаў» так напужалі Следчы камітэт?
2024.03.20 18:44

Палітвязню Эдуарду Бабарыку хочуць зрабіць больш жорсткімі ўмовы ўтрымання. Яго адразу пасля этапавання ў калонію закідалі дысцыплінарнымі спагнаннямі, каб былі фармальныя падставы патрабаваць пераводу маладзёна ў турму.

Гэта ж пагражае палітвязню Анатолю Латушку – стрыечнаму брату кіраўніка НАУ Паўла Латушкі. 22 сакавіка ў Шклове адбудзецца суд аб замене зняволенаму рэжыму ўтрымання на турэмны. Справу разгледзіць Аляксандр Тараканаў. Анатоль Латушка адбывае 6-гадовы тэрмін нібыта за хуліганства, удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, глумленне з дзяржаўных сімвалаў і незаконныя дзеянні з асабістымі звесткамі.

Hавiны
Палітвязня Эдуарда Бабарыку плануюць перавесці на турэмны рэжым
2024.03.20 19:48

Сенат Польшчы аднагалосна ўхваліў рэзалюцыю з патрабаваннем да беларускіх уладаў вызваліць палітвязня Анджэя Пачобута. У дакуменце дадзеная «самая высокая ацэнка непахіснай барацьбе Пачобута за права на польскасць і свабоду ў Беларусі». Сенатары таксама звярнулі ўвагу на неабходнасць узмацнення жорсткасці санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

У Віцебску зліквідавалі Беларускае грамадскае абʼяднанне ў артэрыяльнай гіпертаніі. Гэта зроблена з увагі на пазоў міністэрства юстыцыі. Грамадская арганізацыя была створаная 24 гады таму на базе Віцебскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту. З таго часу яна зладзіла больш за 10 міжнародных навукова-практычных канферэнцый, на якіх удзельнікі дзяліліся досведам змагання з хваробаю. Як аб’яднанне не дагадзіла ўладам, невядома. Судовы працэс аб ліквідацыі вяла Наталля Лях.

У Беларусі зʼявіліся новыя «экстрэмісцкія фармаванні» – ініцыятыва «Голас», эстонскі фонд «Fund of Belarus friends» і інтэрнет-крама з нацыянальнай сімволікаю «Адметнасць». Паводле версіі КДБ, да ініцыятывы «Голас» мае дачыненне Павел Лібер, а да крамы «Адметнасць» – Вольга і Сяргей Верамеенкі.

Hавiны
Суды над музыкамі і журналістам. Рэпрэсіі ў Беларусі за 19 сакавіка
2024.03.19 21:32

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў