Суды над музыкамі і журналістам. Рэпрэсіі ў Беларусі за 19 сакавіка


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў, нязгодных з фальсіфікацыямі, гвалтам і вайной.

Светлана Тихановская, правозащитники, брифинг, Вильнюс, Сергей Тихановский, Николай Статкевич, Максим Знак, Мария Колесникова
8 сакавіка Святлана Ціханоўская прыйшла да будынку амбасады Беларусі ў Літве з партрэтам свайго мужа Сяргея Ціханоўскага. У гэты дзень спаўняецца год, як Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца без сувязі са знешнім светам. Беларуская лідарка звярнулася да генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша з просьбай умяшацца ў сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі. Вільня, Літва. 8 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

У Менску пачалі судзіць музыкаў гурта «Nizkiz». Вакаліста Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна абвінавачваюць паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Справу разглядае суддзя суда Кастрычніцкага раёну Менску Алена Жывіца.

У Менску пачаўся суд над журналістам Ігарам Карнеем. Журналіста абвінавачваюць ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні». Гэты артыкул прадугледжвае да 6 гадоў зняволення. Працэс вядзе Сяргей Кацар. Да будынку суда прыязджалі прадстаўнікі амбасадаў Аўстрыі, Нідэрландаў, Славаччыны, Швецыі, Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі.

Hавiны
«Карыфей журналістыкі». Што вядома пра Ігара Карнея, якому пагражае 6 гадоў няволі
2024.03.19 21:54

За ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе асудзілі жыхара Менску Іллю Булье. Суддзя Анастасія Ачалава прызначыла яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў і шасці месяцаў «хатняй хіміі».

У судзе Ленінскага раёну Менску 29 лютага завяршыўся разгляд справы Галы Аншук, якую абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі. Суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла ёй 3 гады «хатняй хіміі». У судзе Аншук заявіла, што «накіроўвала названыя звароты, бо хацела пракаментаваць выкананне Лукашэнкам сваіх паўнамоцтваў і абавязкаў як кіраўніка дзяржавы і не лічыць, што абразы насілі публічны характар».

Кіроўцу з Баранавічаў Аляксандра Захарчыка 5 сакавіка асудзілі на 3 гады «хіміі» за рэпост публікацыі пра Лукашэнку. Суддзя Вікторыя Пакунова расцаніла гэта як паклёп.

У Гарадзенскім абласным судзе 25 сакавіка пачнецца суд над супрацоўнікам фонду «Вяртанне» Сяргеем Макарэвічам. Яго затрымалі 4 лістапада 2022 года. Пасля амаль пяці месяцаў за кратамі палітвязень быў вызвалены 11 красавіка 2023 года. Цяпер стала вядома, што яго будуць судзіць за данат паводле арт. 361-2 КК («Фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання»). Справу будзе разглядаць Валер Раманоўскі.

У Вярхоўным судзе 21 сакавіка адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі палітзняволенай Аляксандры Каско. Яе затрымалі па вяртанні з Польшчы і 19 снежня 2023 года прызначылі 10 гадоў калоніі. Рашэнне будзе прымаць судовая калегія пад старшынствам суддзі Святланы Бандарэнкі.

Сілавікі затрымалі жыхара Горадні. Сцвярджаецца, што ён удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога» і пакідаў абразлівыя каментары.

20 сакавіка эканамічны суд Менску пачне разглядаць справу замежнага прадпрыемства «Новы зрок». Кампанію вінавацяць у працы без ліцэнзіі. Заснавальнік сеткі Алег Каўрыгін называе гэта абсурдам, падкрэсліваючы, што з такім кантролем у сферы прыватнай медыцыны прадпрыемства не магло б прапрацаваць пазапраўна 12 гадоў. На яго думку, улады нічога не змаглі знайсці супрацьзаконнага, «таму выкруцілі так».

Экстрэмісцкім фармаванне абвешчаны праект «Бобруйск 375». Адпаведнае рашэнне прынятае МУС 18 сакавіка. Паводле ведамства, дачыненне да праекту мае 28-гадовы Максім Хвашчынскі.

Разбор
Зварот у міжнародныя суды ад нашага імя. Што дае чарговая справаздача ААН пра рэпрэсіі ў Беларусі?
2024.03.19 07:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў