Еўразвяз разгледзіць новыя санкцыі супраць Беларусі 22 лютага


Прадстаўнікі краінаў Еўразвязу пры Еўрапейскай радзе 22 лютага разгледзяць новыя санкцыі супраць Беларусі. Пра гэта сведчыць парадак дня сустрэчы сталых прадстаўнікоў ЕЗ, заўважыў партал Reform.by.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Рашэнне Рады і выканаўчы рэгламент аб абмежавальных захадах у звязку з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны», – пазначана ў адным з пунктаў парадку дня.

У гэтыя ж тэрміны чакаюць рашэння аб 10-м пакеце санкцыяў супраць Расеі.

Раней брусельскі карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк паведамляў, што «новая прапанова ЕЗ аб санкцыях супраць Беларусі шмат у чым адлюстроўвае некаторыя захады, ужытыя да Расеі: забарона на наданне ІТ і кансалтынгавых паслуг, прадметаў раскошы, а таксама забарона на імпарт сталі і золата».

Але, як і ў выпадку з апошнім пакетам санкцыяў ЕЗ супраць Расеі, узгодненым у канцы 2022 года, адносна ўгнаенняў і харчоў з Беларусі прадугледжаныя выключэнні. Нібыта гэта робіцца «дзеля далейшага развязання праблемаў харчовай бяспекі ў трэціх краінах».

Тады журналіст адзначаў, што праз гэты пункт для беларускага бізнесоўца Івана Галаватага і расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, могуць адмяніць замарожванні актываў ЕЗ супраць іх.

Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з прэзідэнткай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен 17 лютага запэўнівала, што беларускі рэжым спрабуе абысці санкцыі на калійныя ўгнаенні і пад выглядам клопату пра харчовую бяспеку ў свеце спрабуе дабіцца змякчэння санкцыйнага рэжыму. Таксама Ціханоўская падкрэсліла, што санкцыі павінны біць па рэжыме і яго памагатых, а не па беларусах.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў