«Не трэба звышпадтрымкі, проста не дыскрымінуйце». Беларускія бізнесоўцы сабраліся на форум у Польшчы


У Варшаве 19–20 верасня праходзіць «Belarus Business Harbor» – найбуйнейшы форум беларускага бізнесу за мяжою, не звязанага з рэжымам Лукашэнкі.

Форум «Belarus Business Harbor». Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Форум зладзілі Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) і цэнтр сацыяльных і эканамічных даследаванняў «CASE Belarus», памяшканне дала Варшаўская фондавая біржа. Першы такі форум праходзіў мінулаю восенню, а сёлета ў Вільні 2223 лютага прайшоў асобны форум «Belarus Business Harbor in Baltics». Шмат якія вынікі віленскага форуму страцілі актуальнасць на наступную ж раніцу, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне.

Бізнес пакідае Беларусь, але бізнесоўцы застаюцца грамадзянамі лукашэнкаўскай Беларусі

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская выступіла на форуме дыстанцыйна – яна наведвае паседжанне Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Ціханоўская згадала, што пасля пратэстаў і рэпрэсіяў 2020 года шмат якія бізнесы былі вымушаныя закрыцца або эміграваць, а некаторыя бізнесоўцы трапілі за краты, бо не маўчалі. Аказалася, найгоршае было наперадзе: Расея распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, а Аляксандр Лукашэнка дазволіў выкарыстаць беларускую тэрыторыю для нападу.

«За адзін дзень у вачах амаль усяго свету беларусы перасталі быць мужнымі мірнымі змагарамі за дэмакратыю, стаўшы прадстаўнікамі краіны-суагрэсара, – сказала Ціханоўская пра 24 лютага. – Толькі мы ўсё тыя ж людзі, якія змагаліся за свабоду, але цяпер кожны дзень даводзіцца даказваць, што рэжым не рэпрэзентуе народу Беларусі».

Шэраг удзельнікаў форуму пагаджаўся з гэтаю думкаю: некаторым давялося на ўласныя вочы пабачыць змену стаўлення да беларусаў. Ціханоўская заўважыла: эканамічныя санкцыі і міжнародны байкот зрабілі Беларусь «таксічнаю для сусветнай эканомікі». Гэта «нішто ў параўнанні з пакутамі і стратамі ўкраінскага народу», але ўсё адно гэта праблема, пра якую трэба казаць.

Святлана Ціханоўская звяртаецца да ўдзельнікаў Форуму «Belarus Business Harbor». Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Паводле Офісу Ціханоўскай, за першую палову 2022 года ў Беларусі зніклі каля 6000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў, большасць з іх пакінула краіну. Найчасцей пераязджалі ў Польшчу, дзе для беларускага бізнесу – спрошчаны візавы рэжым і праграмы падтрымання накшталт «Poland Business Harbour». Офіс Ціханоўскай і ABBA падлічылі: са жніўня 2020 года да чэрвеня 2022-га беларусы зарэгістравалі ў Еўразвязе больш за 2000 кампаніяў, з якіх 1639 – у Польшчы, яшчэ каля 200 – у Літве. Таксама ў Еўразвязе за гэты перыяд з’явіліся каля 2000 беларускіх прадпрымальнікаў і стартапаў.

Hавiны
Офіс Святланы Ціханоўскай ацаніў маштаб адтоку бізнесу з Беларусі ў краіны Еўразвязу
2022.09.18 09:49

Разам гэтыя 4000 адзінак – толькі 1 % ад колькасці фірмаў і прадпрымальнікаў Беларусі. Але страты відавочна большыя. Праз бюракратычныя працэдуры Беларусі фірмы могуць доўга быць на стадыі ліквідацыі або без фактычнай дзейнасці. Акрамя таго, беларусы пераязджалі і ў краіны па-за Еўразвязам – хтосьці ў Арменію ці Грузію, хтосьці застаўся ва Украіне, нягледзячы на вайну. Сыход бізнесу з Беларусі не спыняецца: за чэрвень-2022 толькі ў Польшчы з’явіліся 254 новыя кампаніі з беларускім капіталам.

Ёсць куды звярнуцца. Прапанаваць пакуль могуць няшмат, але ствараюць гарантыйны фонд

Прадстаўнік Ціханоўскай у эканамічных пытаннях Алесь Аляхновіч разважаў на канферэнцыі: рэжым Лукашэнкі робіць усё, каб ускладніць вядзенне бізнесу, маргіналізаваць спачатку індывідуальных прадпрымальнікаў, а потым увесь прыватны сектар.

Алесь Аляхновіч. Форум «Belarus Business Harbor». Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Алесь згадаў, што ў 2020-м прыватны бізнес быў вельмі актыўны ў падтрыманні пратэстаў ды выказваннях супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў, таму ўлады пачалі арышты, ліквідацыі і бясконцыя правяранні. У Парку высокіх тэхналогіяў адабралі ільготы, у Менску спынілі рэгістрацыю ІП, з наступнага года індывідуальным прадпрымальнікам павялічаць падаходны падатак… Да таго ж санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі стварылі новыя выклікі праз ускладненую лагістыку, блакаванне фінансавых транзакцыяў, байкот замежнымі інвестарамі і партнёрамі. Пасля 24 лютага Беларусь страціла ўкраінскі рынак, а Украіна была другім гандлёвым партнёрам Беларусі.

Беларусы, якія з’ехалі за мяжу і хочуць весці бізнес, могуць звяртацца ў ABBA, у якой Аляхновіч – дарадца. Асацыяцыя мае добрыя кантакты з польскімі і еўразвязаўскімі ўладамі, асацыяцыямі бізнесу ў Польшчы, бізнесоўцамі ў краінах Балтыі. Да асацыяцыі можна звяртацца проста ў сацсетках або праз электронную пошту.

«Пакуль што ў дэмакратычных сілаў і бізнес-супольнасці няма фінансавых рэсурсаў, каб грашыма падтрымаць бізнес у рэлакацыі, – кажа Аляхновіч «Белсату». – Пакуль што мы ў стане падтрымаць арганізацыйна: мы можам накіраваць, да каго звяртацца, каб атрымаць візу, каб вырашыць пытанне з легалізацыяй і наймам супрацоўнікаў, падказаць, якую выбраць форму бізнесу, можам скантактаваць з юрыстамі, з польскімі ўладамі і праграмаю «Poland Business Harbour», з іншымі беларускімі бізнесоўцамі, якія, магчыма, мелі той сама досвед ці тыя сама выклікі…»

Форум «Belarus Business Harbor». Адвакат Ілля Салей і аналітык Рыгор Астапеня. Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Аляхновіч прызнае: гэта не грошы, але спачатку і гэта важна. У будучыні змогуць прапанаваць больш, анансуе Аляхновіч:

«Цяпер мы працуем над адкрыццём гарантыйнага фонду для беларускага бізнесу за мяжою. Бізнес, які паспяхова дзейнічаў у Беларусі, згубіў крэдытную гісторыю: у Польшчы беларуская крэдытная гісторыя нікога не цікавіць, асабліва калі там бізнес закрыты, а тут адкрываецца як новы. Мы супрацоўнічаем з Еўразвязам, каб выпрацаваць гарантыйны фонд на ўзроўні ўсяго Звязу, які забяспечваў бы перад банкамі гарантыі крэдыту. Гэта нармальная практыка, у розных краінах ёсць такія фонды, але звычайна іх падтрымлівае сама дзяржава, каб развіваць свае малыя і сярэднія бізнесы».

У Еўразвязе і ЗША памятаюць пра Беларусь

Замежныя спікеры на форуме пераконвалі: рэжым Лукашэнкі і дэмакратычныя сілы Беларусі не лічаць адным і тым жа. Выканальнік абавязкаў генеральнага дырэктара праграмы суседства і перамоваў аб пашырэнні Еўракамісіі Мацей Папоўскі казаў, што стаўленне да беларусаў са жніўня-2020 не змянілася, іх усё яшчэ лічаць героямі. Еўрапейцы хочуць паказаць, што беларусаў не пакідаюць, нягледзячы на вайну. Ён расказаў, што Ціханоўская і прадстаўнік ейнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка маюць ягоны нумар тэлефона – штотыдзень ён кантактуе з кімсьці з беларусаў.

Форум «Belarus Business Harbor». Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Пра падтрыманне беларусаў казаў і кіраўнік дэлегацыі Еўразвязу ў Беларусі Дырк Шубэль: за апошні год разуменне беларускіх праблемаў палепшылася, а гэта дазваляе даваць беларусам больш дапамогі. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на заявы рэжыму Лукашэнкі пра магчымае пазбаўленне грамадзянства сваіх праціўнікаў. Калі да гэтага дойдзе, беларусаў не пакінуць без падтрымання. Таксама ўжо цяпер беларусам спрабуюць дапамагчы з атрыманнем візаў.

Дырэктарка агенцтва Злучаных Штатаў у справе міжнароднага развіцця (USAID) у справе Беларусі Джэна Тэйчмэн згадала, што ўстанова працавала з беларусамі больш за 20 гадоў і бачыла, як Беларусь станавілася нацыяй стартапаў. Пасля жніўня 2020 года праграму давялося адаптаваць: пашырыць на беларусаў за мяжой, у тым ліку ва Украіне. Урад ЗША памятае пра Беларусь і верыць у беларусаў, працягвае падтрымліваць беларускі прыватны сектар.

ABBA і Асацыяцыя ўкраінскага бізнесу ў Польшчы падпісалі мемарандум аб супрацы. Форум «Belarus Business Harbor». Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік кааперацыі дэлегацыі Еўразвязу ў Беларусі Гэнрык Гутфельд адзначыў, што цяпер галоўныя прыярытэты еўрапейскага падтрымання Беларусі – за межамі краіны, але важна не забываць і пра людзей у Беларусі. Для беларусаў збіраюцца запусціць новыя праграмы дапамогі бізнесу за мяжой і адукацыі для бізнесу, але з уладамі Беларусі супрацу спынілі.

Беларускі бізнес за мяжою хвалюе дыскрымінацыя і высокія цэны на арэнду

Некаторыя ўдзельнікі форуму між бізнес-пытаннямі расказвалі, як падтрымлівалі пратэстоўцаў, як іх саміх затрымлівалі, як уцякалі ад рэпрэсіяў у Беларусі, як у эміграцыі жылі думкай «яшчэ месяц – і пераможам». Адзначалі, што за мяжою можа быць цяжка і незразумела, але ў нечым і прасцей.

Аляксандр Валодзін, які стварыў у Беларусі першы веганскі фаст-фуд «MonkeyFood» і закрыў яго пасля бясконцых правяранняў, разважаў: «У Беларусі бізнес — гэта калі нечым гарыш і не можаш іначай». А сузаснавальнік стартапу «HeartScan» Міхаіл Бародкін у Польшчы пабачыў, як дзяржава мусіць ставіцца да бізнесу: «Як да асновы жыцця ўсёй краіны».

Аляксандр Валодзін і Міхаіл Бародкін (чацвёрты і пяты злева). Форум «Belarus Business Harbor». Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Удзельнікі форуму адзначалі, што ў Польшчы даводзіцца быць вельмі настойлівым, каб банк пагадзіўся адкрыць разліковы рахунак чалавеку з беларускім пашпартам, а цэны на арэнду памяшканняў астранамічныя – з такімі бізнес акупіцца праз тры-чатыры гады, якіх у многіх няма. Бізнесоўцы творчых напрамкаў расказвалі, што ім цяжка знайсці адпаведнае памяшканне для заняткаў, дый адмыслоўцам кшталту настаўнікаў музыкі даводзіцца падпрацоўваць у крамах ці сэрвісах даставак, бо паводле спецыяльнасці ім прапануюць заробкі, на якія не пражыць.

Адносна праблемаў з банкамі Валодзін параіў «падымаць шум» у польскіх медыях. Дыскрымінацыю паводле пашпарта ён палічыў асноўнаю праблемаю, маўляў, беларускаму бізнесу не патрэбная нейкая звышпадтрымка, а трэба, каб яго не дыскрымінавалі. Бародкін жа заўважыў: шмат хто з беларусаў не гатовы да працы ў іншай краіне з іншаю культураю: пасмяяўся, што некаторыя сябры-беларусы так сябе паводзяць, што і сам бы іх дыскрымінаваў. На ягоную думку, беларусам за мяжою бракуе інфармацыі ды сувязяў між сабою – нэтўоркінгу.

Што да арэнды, наведнікі форуму падказалі, што бізнес можна весці не толькі ў Варшаве ці Гданьску: у Быдгашчы, Кракаве ці Лодзі пошук памяшкання можа быць лягчэйшым, а мясцовыя ўлады – больш заахвочанымі прыцягваць бізнес.

Аляксандр Аўдзевіч (справа) перад сваім выступам робіць каву ўдзельнікам форуму «Belarus Business Harbor». Варшава, Польшча. 19 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Заснавальнік «Inclusive Barista Social Club» Аляксандр Аўдзевіч раіў не здавацца і шукаць выйсця: калі не ўдаецца адкрыць кавярню, ладзіць кейтэрынг і дамаўляцца аб супрацы з праграмістамі, якім можна прапанаваць каву лепей, чымся з аўтамату. І неўзабаве нэтўоркінг спрацаваў: падчас сесіі пытанняў і адказаў адзін з наведнікаў форуму запрасіў барыстаў Аўдзевіча працаваць на наступнай імпрэзе беларусаў у Варшаве.

***

Форум працягваецца 20 верасня: у праграме – секцыі аб праграмах падтрымання бізнесу ў Польшчы агулам і асобных гарадах, а таксама пра бачанне беларускай бізнес-супольнасці за мяжою.

Аналітыка
Сапраўднае Made in China. Улады Беларусі знайшлі замену для SWIFT і Visa з Mastercard. Ці спрацуе?
2022.09.16 17:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў