Экспарт не абваліўся. Беларусі ўдалося абысці санкцыі?


Беларускі экспарт па выніках паўгоддзя знізіўся, але не абваліўся, нягледзячы на санкцыі і змрочныя прагнозы экспертаў. Аналітыкі канстатуюць, што адбываецца нават частковае аднаўленне паставак пасля вясновага падзення. Меркавана, уладам удалося знайсці шляхі абыходу санкцыяў. У прыватнасці, нафтавых.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Savostyanov / TASS / Forum

Абвал толькі ў гандлі з ЕЗ

Беларускі экспарт тавараў скарачаецца не так імкліва, як прагназавалі эксперты. За студзень – чэрвень ён знізіўся толькі на 3,7 % (у грашовым эквіваленце гэта $ 652 млн), да $ 17,1 млрд, сведчаць звесткі Белстату. Увесь замежнагандлёвы абарот тавараў у першым паўгоддзі паменшыўся на 6,4 % у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года і склаў $ 34,3 млрд. Імпарт знізіўся больш – на 8,9 % (гэта $ 1,7 млрд), да $ 17,2 млрд.

Калі параўнаць, колькі Беларусь зарабіла на пастаўках за мяжу ў чэрвені 2022 года з такім жа паказнікам леташняга чэрвеня, то атрымаецца, што ўсяго толькі на 0,4 % менш. Хоць у сакавіку і красавіку гэтага года было зафіксаванае падзенне экспарту на 20 %, калі глядзець месяц да месяца. Прычына – санкцыі. У прыватнасці, у дачыненні галоўных экспартных тавараў – нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Эксперты чакалі, што пасля новых санкцыяў падзенне будзе глыбейшым.

Аналітыка
Эканоміка Беларусі адаптуецца да санкцыяў? Якія новыя выклікі яе чакаюць
2022.07.27 10:50

Як вынікае са статыстыкі, сур’ёзнае падзенне – толькі ў сегменце гандлю з краінамі Еўразвязу. Таваразварот з імі абваліўся на 25 %, да $ 5,3 млрд. Такая ж сітуацыя і з экспартам тавараў. Па выніках студзеня – чэрвеня ён знізіўся на 20,9 % (да $ 3,1 млрд), да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

Яшчэ больш, чым экспарт, змяншаецца імпарт. За шэсць месяцаў у Беларусь з ЕЗ завезлі тавараў толькі на $ 2,1 млрд, што на 30,8 % менш, чым на год раней.

Зрэшты, гандаль з ЕЗ па-ранейшаму прыносіць Беларусі чысты прыток валюты. Мы прадалі туды тавараў на $ 1 млрд больш, чым там купілі. Тады як у гандлі з Расеяй сальда адмоўнае – мінус $ 1,8 млрд.

Станоўчую дынаміку дэманструе гандаль таварамі з краінамі СНД і ЕАЭС. Аднак, як вынікае са статыстыкі, адбываецца гэта за кошт актывізацыі паставак у Расею. Тавараабарот з гэтай краінай у першым паўгоддзі 2022-га вырас на 12,2 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, да $ 20 млрд. Экспарт павялічыўся на 23,1 % (да $ 9 млрд), імпарт – на 4,4 % ($ 10,8 млрд) у параўнанні з вынікамі першага паўгоддзя мінулага года.

Аналітыка
Падзенне да дна… Для Беларусі замежнагандлёвы цуд скончыўся
2022.06.26 11:30

Расея заваёўвае пазіцыі

Планы ўладаў для дыверсіфікацыі замежнага гандлю ў прапорцыі 30:30:30, што азначала долю ў экспарце Расеі, Еўразвязу і астатніх краін, засталіся ў далёкім мінулым. Беларускі гандаль робіць усё большы нахіл у бок Расеі, доля якой расце як у тавараабароце агулам, так і ў экспарце ды імпарце.

Змяненне структуры вонкавага гандлю у студзені – чэрвені 2022 года адносна студзеня – чэрвеня 2021 года

Польшча разам з Расеяй і Кітаем купляе беларускае

За год дзясятка асноўных краінаў – імпарцёрак беларускай прадукцыі не вельмі змянілася. Яе пакінула Бразілія, якая была асноўным пакупніком беларускага калію – па выніках 2020 года на яе долю прыпадала 20 % нашага калійнага экспарту на суму больш за $ 500 млн.

Месца Бразіліі ў дзясятцы занялі ААЭ. У першым паўгоддзі 2022 года беларускі экспарт у гэтую краіну павялічыўся ў 14 разоў у параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года і дасягнуў $ 337,8 млн. Пасля таго, як Белстат закрыў статыстыку па канкрэтных таварах, якія прадаюцца за мяжу, даведацца, што менавіта пастаўляецца ў гэтую краіну, немагчыма. Паводле інфармацыі папярэдніх гадоў, асноўная частка экспарту ў ААЭ прыходзілася на хімічную прадукцыю: хімічнае валакно, ніткі ды іншае.

Дынаміка аб’емаў экспарту Беларусі асноўным гандлевым партнёрам, Белстат

Затое ўнутры дзясяткі імпарцёраў адбыліся больш прыкметныя змены. Гэтак, Нямеччына, якая была ў сярэдзіне топ-10, апусцілася да перадапошняга месца паводле долі ў агульным аб’ёме экспарту. Пастаўкі ў гэтую краіну знізіліся за год на 65 % і цяпер складаюць $ 287 млн. Нагадаем, што ў канцы мінулага года Нямеччына адмовілася купляць беларускую нафту, хоць з 2012 года была адзіным яе пакупніком. У 2020 годзе Беларусь зарабіла на гэтых пастаўках $ 343,2 млн, прадаўшы 1,2 млн тонаў нафты.

Аналітыка
Куды перанакіраваць беларускі экспарт? Задача з трыма невядомымі
2022.04.18 12:20

 

На 50 % упаў экспарт ва Украіну, якая з прычыны вайны амаль спыніла гандаль з Беларуссю. Экспарт у гэтую краіну застыў на $ 1 млрд – столькі Украіна паспела купіць за першыя месяцы года, да вайны. Нейкія невялікія пастаўкі ў наступныя месяцы былі, але яны складаюць толькі 3-8 % ад таго, што было годам раней.

На 41 %, да $ 647 млн упаў экспарт у Нідэрланды. Яшчэ летась праз гэтую краіну ішоў асноўны экспарт беларускіх нафтапрадуктаў.

Зніжэнне экспарту на 20 % статыстыка зафіксавала ў гандлі з Літвой і Латвіяй – у гэтыя краіны было прададзена тавараў на $ 522,6 млн і $ 204,6 млн адпаведна.

З краінаў, якія ўваходзяць у топ-10 імпарцёраў беларускіх тавараў, пастаўкі выраслі ў Кітай (на 89 %), Расею (на 23 %) і Польшчу – на 1,9 %. Кітай купіў беларускіх тавараў на $ 752,8 млн, Польшча – на $ 955 млн. Закрытасць звестак замінае даведацца, што ж дазволіла краінам ва ўмовах санкцыяў нагандляваць з такім вынікам.

Рэкорды ў росце беларускага экспарту ставіць гандаль з такімі краінамі, як Ліван (павелічэнне ў 11 разоў, да $ 12,2 млн), Малі (у 10 разоў, да $ 14,2 млн), Гана (у 4 разы, да $ 7,7 млн), Егіпет (у 3,8 разу, да $ 68,8 млн), Іран (у 2,5 разу, да $ 20,8 млн).

Аналітыка
«Беларускі замежнагандлёвы цуд». Хто працягнуў гандлёвыя дачыненні з Беларуссю пасля 2020 года?
2022.03.24 18:25

Атрымалася абысці нафтавыя санкцыі?

За кошт чаго трымаецца беларускі экспарт і што такое ў нас купляе Польшча, мы спыталі ў працаўніка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC эканаміста Дзмітрыя Крука.

Так, у грашовым выражэнні экспарт сапраўды ўпаў нязначна, прызнаў Дзмітрый Крук. Ён тлумачыць гэта ў першую чаргу тым, што сусветныя цэны працягваюць рост. «Зараз ва ўсім свеце адбыўся скок цэнаў на сыравінныя і не толькі сыравінныя тавары. Больш за тое, склалася дастаткова спрыяльная кан’юнктура для Беларусі, у тым сэнсе, што тэмп росту экспартных цэнаў апярэджвае тэмпы росту імпартных, і гэта ключавы фактар, які забяспечвае Беларусі станоўчае сальда вонкавага гандлю», – адзначае эксперт. Гэта дазваляе мець стабільны валютны рынак і абменны курс, удакладняе ён.

Больш важным для ацэнкі сітуацыі ў замежным гандлі эксперт лічыць паказнік фізічнага аб’ёму экспарту: гэта значыць, колькі трактароў, машынаў, камбайнаў, угнаення і нафтапрадуктаў ды іншых тавараў краіна змагла прадаць за мяжу. З траўня Белстат закрыў гэтыя звесткі, аднак на падставе інфармацыі, якая засталася ў статыстыцы, і ўласных разлікаў эксперт паспрабаваў вылічыць, як выглядае гэты паказнік.

Паводле Дзмітрыя Крука, у чэрвені ў параўнанні з красавіком і траўнем «мела месца досыць значнае аднаўленне аб’ёмаў і экспарту, і імпарту ў іх натуральным выражэнні». «Аб паўнавартасным аднаўленні пакуль казаць не даводзіцца – і экспарт, і імпарт застаюцца прыкладна на 25 % ніжэйшымі, чым ва ўмоўна нармальны час (напрыклад, у сярэднім за мінулы год)», – адзначае аналітык. – У той жа час у чэрвені удалося аднавіць каля 10-15 працэнтных пунктаў тых страт, якія былі у сакавіку-красавіку, калі казаць аб фізічных аб’ёмах».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

Амаль увесь фізічны прырост аб’ёму экспарту прыпадае на расейскі кірунак, сцвярджае Дзмітрый Крук. «Можна выказаць здагадку, што сваю ролю адыграў эфект перадзелу рынкаў, маецца на ўвазе зыход заходніх кампаніяў з Расеі. Іх месца маглі заняць нейкія беларускія тавары», – разважае ён. Аднак гэта не галоўнае.

«Я амаль упэўнены, што ў траўні і асабліва ў чэрвені адбылося частковае аднаўленне экспарту нафтапрадуктаў. Гэта галоўная выснова, і яна найлепшым чынам тлумачыць вынікі замежнага гандлю», – сказаў Дзмітрый Крук «Белсату». Гэтую здагадку падмацоўваюць звесткі аб эканамічных выніках у рэгіёнах. «У Наваполацку і Мазыры мы бачым паляпшэнне рэнтабельнасці», – адзначае эксперт.

На думку суразмоўцы, новыя схемы продажу нафтапрадуктаў ідуць праз Расею – нейкая частка можа там заставацца, нейкая – ісці далей: «Большая частка чэрвеньскага аднаўлення прыпадае на Расею – і ў экспарце, і ў імпарце. Гэта пацвярджае гіпотэзу, што гандаль нафтапрадуктамі часткова наладзіўся». Таксама Дзмітрый Крук мяркуе, што Расея знізіла для Беларусі кошт нафты, што дазваляе нафтаперапрацоўчым заводам працаваць рэнтабельна.

Праблемы не пераадоленыя

Гандаль з усімі іншымі краінамі СНД – у мінусе, ніякай аднаўленчай дынамікі няма, адзначае эксперт. І галоўная прычына – у тым, што Беларусь страціла ўкраінскі рынак. «Звыш 80 % у гэтай групе краінаў займаў украінскі рынак, а ніякага аднаўлення гандлю з ёй у бягучых умовах быць не можа. Замяніць Украіну – маларэалістычна», – канстатаваў суразмоўца.

Экспарт у Еўразвяз у фізічным выражэнні, як і ў грашовым, «застаецца на дне». Там аднаўлення ў чэрвені не здарылася. Як не адбылося і далейшага падзення, хоць менавіта ў чэрвені пачалі дзейнічаць санкцыі. «Мяркую, экспарт у ЕЗ дасягнуў свайго дна», – сказаў Дзмітрый Крук.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Savostyanov / TASS / Forum

Што датычыць росту паставак у Польшчу, то, са словаў эксперта, ён прыходзіцца ў асноўным на красавік. «Можна дапусціць, што тут мела месца нейкая схема з пастаўкай нафтапрадуктаў праз Польшчу ва Украіну. Чымсьці іншым растлумачыць такі рост не ўяўляецца магчымым. У гэты перыяд ва Украіны былі вялікія цяжкасці з палівам, яна ўзмоцнена шукала новыя схемы паставак. Дапускаю, што канчатковыя ўкраінскія пакупнікі маглі і не ведаць, што купляюць беларускія нафтапрадукты», – разважае Дзмітрый Крук.

«На фоне вынікаў сакавіка-красавіка можна было чакаць значна большага падзення, але абвалу не адбылося. Наадварот, мы бачым некаторы аднаўленне, хутчэй за ўсё, за кошт нафтапрадуктаў. Але казаць, што праблемы пераадоленыя, няправільна. Страта 25 % фізічнага экспарту – гэта зніжэнне на чвэрць аб’ёмаў вытворчасці, страта заробкаў, зніжэнне занятасці. Станоўчым гандлёвым сальда гэтых праблемаў не пераадолець», – рэзюмаваў эксперт.

Аналітыка
Даходы памяншаюцца, выдаткі – павялічваюцца. Дэфіцыт бюджэту Беларусі працягне расці
2022.07.05 15:08

belsat.eu

Стужка навінаў