«Менск-Свет»: раён, у якім будуць здавацца 10 тысяч кватэр адначасова


Пра самы буйны жылы масіў Менску не чуў толькі той, хто жыве не ў Беларусі. А якія бюджэты на прасоўванне продажаў у кампаніі «Дана» – мара любога забудоўшчыка! Ці будзе дабудавана ўсё запланаванае жыллё, амаль два мільёны квадратных метраў – пытанне з зорачкай і зноскамі. Але што будзе, калі дабудуюць? Ну, акрамя высокай шчыльнасці і адсутнасці парковак?

«Менск-Свет».
Фота: Дар’я Буракіна / realt.by

Высновы можна зрабіць, калі вывучыць, хто купляе жыллё ў «Менск-Свеце».

Інвестары з рэгіёнаў

Офісы продажаў «Даны» працуюць ва ўсіх рэгіёнах, нават у раённых цэнтрах ёсць тыя, хто агітуе грамадзян, якія жадаюць купіць кватэрку ў Менску.

Уласна, жыхары рэгіёнаў, інвестары з рэгіёнаў і першае пакаленне менчукоў, якое вырасла ў інтэрнатах, маласямейках або цесных хрушчоўках – асноўны касцяк дольшчыкаў «Менск-Свету».

Прычым нават жыхары рэгіёнаў, якія будуюць быццам бы для сябе або дзяцей, закладвалі ў куплю асаблівы сэнс. Накшталт гэтага – цяпер грошы захаваем, кватэрку будзем здаваць, на гэтым яе кошт часткова «вернем». А потым там будуць жыць сыночкі/дочкі, калі адвучацца ў Менску і застануцца працаваць. Ну ці самі на старасці пераедзем туды ж, каб унукаў нянчыць, калі яны самі на жыллё зарабіць змогуць. Таму што куды, калі не ў «Менск-Свет»? Надзейны забудоўшчык з сусветным імем, горад у горадзе, садкі/школы новыя…

Зрэшты, пару гадоў таму ўклаліся ў кватэркі і менчукі-інвестары. З тых, хто паверыў у тое, што калісьці «Менск-Свет» стане новым цэнтрам сталіцы, з буцікамі і міжнародным фінансавым цэнтрам, «Старбаксам». Такія ўкладвалі грошы па 1300 еўра ў аднапакаёўкі і студыі, разлічваючы атрымаць растэрміноўку, зрабіць танны рамонт і здаваць за максімальную цану. Каб арэнднымі грашыма гасіць штомесячныя даўгі перад «Данай». Ну, і калі раён стане нарэшце Манхэтэнам, калі спатрэбіцца, прадаць за дзве цаны.

«Менск-Свет».
Фота: Дар’я Буракіна / realt.by

Карэнныя менчукі, якія будавалі там штосьці для сябе – у меншасці. Яны ўкладвалі грошы, хутчэй, ад безвыходнасці, паводле прынцыпу: а дзе ж яшчэ танней? А дзе растэрміноўку такую вялікую яшчэ дадуць? На хрушчоўку назапасіць цяжэй, чымсьці пабудаваць еўрадвухпакаёўку ў «Менск-Свеце»… Нават з улікам таго, што ў пмяшканне кватэры яшчэ ўкладваць і ўкладваць…

І што выйшла?

Выйшла так, што кожная пятая, калі не кожная трэцяя кватэра ў дамах «Менск-Свету» – інвестыцыйная. Гэта значыць набытая з мэтай атрымання прыбытку ад арэнды.

Менеджэры кампаніі на гэта і арыентуюцца – у тыпавым 20-павярховым доме па 10-12 кватэр на паверсе, плошчы мінімізаваныя. Студыі па 30 метраў, аднапакаёвыя па 38, двухпакаёвыя – па 50. Трохпакаёвых ў доме можа наогул не быць.

Ідэю інвеставання ў аднапакаёвыя кватэры і студыі «Дана» педалюе і ў рэкламе, і на практыцы – у новых дамах з дванаццаці кватэр на паверсе дзевяць – студыі і аднапакаёвыя.

Здадзена больш за пяць дзесяткаў дамоў, яшчэ столькі ж будуюцца і прыкладна пяць дзясяткаў у праекце (дакладней сказаць нельга, праект «Дана» карэктуе як мінімум раз за год).

«Менск-Свет».
Фота: Дар’я Буракіна / realt.by

У дзвюх трацінах здадзеных дамоў яшчэ не скончаныя рамонты і кватэры ў арэнду яшчэ не выйшлі. Зрэшты, ужо цяпер прапануецца – на адносна невялікі раён – пад сотню навюткіх апартаментаў. Ужо цяпер тут самая высокая канцэнтрацыя новых арэндных кватэр у Менску. І з кожным скончаным рамонтам гэтая канцэнтрацыя будзе нарастаць.

Што атрымаем, калі ўсё жыллё дабудуюць?

У «Менск-Свеце» абяцаюць каля 50 тысяч кватэр, з іх як мінімум 10 тысяч апынуцца інвестыцыйнымі. Гэта значыць пад здачу.

Становішча пагоршыць і той факт, што прапановы жылля ў арэнду ў Менску расце пастаянна – не толькі ў «Менск-Свеце» будуюць інвестыцыйныя кватэры, – па ўсім горадзе, нават у Лошыцы. Арандатар ж выбірае не столькі новую здымную кватэру, колькі кватэру, каб бліжэй была да працы або месца вучобы.

Наступствы пандэміі адбіваюцца таксама – той, хто не прадае кватэру, атрыманую ў спадчыну ад памерлых сваякоў, пачынае яе здаваць.

«Менск-Свет».
Фота: Дар’я Буракіна / realt.by

Уласна, мы ўжо назіраем: на аднаго арандатара ў Менску – пяць кватэр. І гэта пры базе ў 12 тысяч арэндных на сталіцу. Што будзе, калі іх стане ўдвая больш?

Гэта дрэнная навіна для інвестараў. Іх чакае сумная будучыня.

І добрая для тых, хто ніяк не можа назапасіць на ўласныя квадратныя метры. Але гэта ўжо іншая тэма.

Дзяніс Бетонны / АА belsat.eu

Стужка навінаў