Чыноўнікі спрабуюць збіць ажыятаж вакол цукру, але беларусы прызвычаіліся давяраць больш сабе, чым афіцыйным паведамленням


Які ўжо дзень беларусы абмяркоўваюць меркаваны рост цэнаў на цукар і шукаюць, дзе набыць гэты прадукт. Цяпер у многіх беларускіх крамах паліцы, дзе раней стаяў цукар, пустыя. «Белсат» высвятляў, ці сапраўды можа падаражэць цукар – і чаму яго цяпер няма ў продажы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Берасцейшчына стала першым рэгіёнам, дзе з паліцаў крамаў раптоўна знік цукар. Яшчэ 17 ліпеня ў многіх гарадах вобласці людзі пачалі масава набываць гэты прадукт, пакуль ён ёсць. У Берасці, Кобрыне, Бярозе, Пружанах, Івацэвічах, Мікашэвічах цукар зусім знік з паліцаў. Чытачы «Белсату» распавялі, што прычынаю таму стала інфармацыя пра яго магчымае падаражэнне.

«У маёй знаёмай сястра працуе ў краме і нібыта бачыла, што, паводле новых накладных, цукар будзе каштаваць 5 рублёў за кілаграм. Гэтая інфармацыя і стала прычынаю ажыятажнага попыту на гэты прадукт», – распавяла чытачка «Белсату».

У сацсетках ужо з’явіліся кадры, як у Берасці людзі набывалі дзясяткі кілаграмаў цукру і амаль біліся, каб набыць яшчэ адзін пачак.

У панядзелак 18 ліпеня хваля ажыятажу пашырылася і на Баранавічы. Тут таксама цукар знік з паліцаў. У гэты ж дзень чыноўнікі выступілі з заявай, што нагодаў для панікі і ажыятажу няма.

«Цукровыя заводы цалкам гатовыя да сезону масавых нарыхтовак садавінагароднінай сыравіны», – запэўнілі ў канцэрне «Белдзяржхарчпрам».

Але людзі не надта паверылі заяве. Цукру ўсё яшчэ няма ў крамах. Паміж сабою беларусы абмяркоўваюць, што чакаецца рост цэнаў на гэты прадукт і ён будзе каштаваць ад 4,5 рублёў за кілаграм. «Белсат» датэлефанаваўся да вытворцаў цукру ў Беларусі, каб спраўдзіць гэтую інфармацыю – паўсюль нам адказалі, што такіх звестак няма.

«Цукар знік, бо вішні ўрадзілі»

На Скідзельскім цукровым камбінаце запэўніваюць, што нейкай надзвычайнай сітуацыі няма, тавар у крамы адгружаецца. Паводле спецыяліста з заводу, дзяржаўная прэса не піша аб праблеме, а значыць, яе няма.

«Мы выконваем усе заяўкі. У нас на заводах цукар ёсць. Можа, крамы не спраўляюцца з заяўкамі праз ажыятаж у сувязі з укідам у прэсу інфармацыі пра магчымы рост цэнаў, але ж гэта не адпавядае рэчаіснасці».

Цікава, што нават без пытання пра цэны на заводзе кажуць: «Цэны не вырастуць».

На Гарадзейскім цукровым камбінаце з пытаннямі пра цукар у крамах адсылаюць да аддзелу маркетынгу, але там ніхто не здымае слухаўкі ні на якім нумары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі цэху перапрацоўвання цукровых буракоў цукровага заводу ў Слуцку.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Спецыялісты Жабінкаўскага цукровага заводу распавялі, што вядуць маніторынг сітуацыі.

«Можа, ягады вараць людзі. Бо на заводзе даволі шмат цукру, яго стае. Павышэння цэнаў у нас не плануецца, адкуль зʼявілася гэтая інфармацыя, мы не ведаем. Мы выпісваем на дзень па 150 накладных, але людзі разбіраюць цукар. Чаму? Няма адказу на гэтае пытанне. Мы спраўдзілі крамы ў Жабінцы, Берасці і Кобрыне, але цукру няма нідзе. Можа, ураджай вішняў быў вельмі добры», – дапусцілі на Жабінкаўскім цукровым заводзе.

Калі верыць словам чыноўнікаў, дык сапраўды, нагодаў для ажыятажу і страху, што вырастуць цэны, няма. Зрэшты, беларусы прызвычаіліся давяраць толькі сабе і не верыць у абяцанні. Тым больш што сёлета грамадзяне краіны ўжо перажылі істотнае падаражэнне цукру, калі цана вырасла з 1,8 да 2,5 рубля. Салодкі прадукт ужо знікаў з крамаў у сакавіку. Але тады зʼява была кароткатэрміновая і звязаная з расейскай агрэсіяй супраць Украіны. Беларусы напалохаліся росту цэнаў, санкцыяў і намагаліся зрабіць запасы пэўных прадуктаў. Заявы чыноўнікаў тады таксама не спрыялі збіццю ажыятажу.

Аб’ектыў
Ці варта беларусам запасацца цукрам?
2022.07.18 23:41

Адметна, што яшчэ ў траўні «Белдзяржхарчпрам» паведамляў пра неабходнасць імпартаваць да 20 тысяч тонаў цукру «для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку і прамысловага перапрацоўвання». Адпаведны абʼём імпарту вызначыла працоўная група, якая арыентавалася на тарыфную льготу, дадзеную Еўразійскай эканамічнай камісіяй.

Імавернасць таго, што цукар масава ідзе на расейскі рынак, як мяркуюць некаторыя пакупнікі, таксама невысокая. Па-першае, у гэтым выпадку ён пачаў бы знікаць у крамах на ўсходзе краіны, у Віцебску ці Магілёве, а не на захадзе ў Берасці. Па-другое, калі глядзець на онлайн-крамы, у Расеі ён ёсць у продажы. Праўда, цана на гэты прадукт пачынаецца ад 80 расейскіх рублёў, што паводле курсу Нацбанку складае 3,54 нашага рубля.

Адметна, што цукар не аднойчы ўжо знікаў у крамах менавіта ў сярэдзіне ліпеня. Гэткая сітуацыя была ў 2011 годзе. Тады людзі таксама чакалі, што цэны вырастуць на 40 % і пачалі масава набываць прадукт.

Летась перабоі з пастаўкамі цукру адбыліся ў верасні. Тады гэта было звязана з тым, што быў кепскі ўраджай цукровых буракоў і заводы мусілі перанесці пачатак працы на два тыдні.

Цяпер жа адсутнасцю цукру на паліцах карыстаюцца онлайн-крамы. Некаторыя прапануюць гэты прадукт з дастаўкаю за 2,65 руб.

Hавiны
«Хопіць усім». «Белдзяржхарчпрам» адрэагаваў на рост попыту на цукар
2022.07.18 15:35

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў