news
Інтэрв'ю
Сяргей Пятрухін – пра карцар у Магілёве, зону ў Віцебску і транссексуала ў вар'ятні ПК-3
«Чаму нас з Кабанавым увогуле вызвалілі»
20.02.202407:33

Берасцейскі блогер і былы палітвязень Сяргей Пятрухін больш за 900 дзён правёў у лукашэнкаўскай няволі, а потым – год у Беларусі. Рашыўся на эвакуацыю толькі пасля таго, як 24 студзеня яго выклікалі ў міліцыю. Цяпер Сяргей у бяспецы. У размове з «Белсатам» Пятрухін расказвае пра «нелюдзяў і поскудзяў», якія катуюць людзей у віцебскай калоніі, аб працы на «Берасцейскім піве» пасля вызвалення і пра тое, чаму Святлана Ціханоўская – гэта сіла.

Сяргей Пятрухін пасля эвакуацыі з Беларусі. Фота з асабістага архіву

«Белсат»: – Сяргею, адгадаваў такую шыкоўную бараду, бо не было жадання галіцца пасля зоны ці хацеў такім чынам замаскавацца?

Сяргей Пятрухін: – А не, у мяне і да пасадкі была барада. І бралі ж мяне з барадою! Проста ў мяне тады позірк быў больш лёгкі – я не меў за сабою такога непрыемнага, я б сказаў, жудаснага досведу. Гэта хіба мяне змяніла. А так мне заўжды падабалася быць барадатым. У маім уяўленні мужчына з барадою – гэта вікінг, ваяр, каліноўцы тыя ж, байцы ЗСУ. Карацей, такія настаў час, што лепей выглядаць брутальна.

«Я яшчэ не «ўкурыў». Журналісты і Кабанаў – больш нічога не бачу»

– Табе за некалькі дзён беларусы сабралі каля чатырох тысяч еўраў. На што пусціш грошы ў першую чаргу?

– Кватэра і ноўтбук. І яшчэ, калі шчыра, не ўяўляў сабе, наколькі крутая штука гэты «яблык», смартфон. Ну, айфон. Цудоўны працоўны апарат. Вось гляджу, як Кабанаў ім карыстаецца, і адчуваю, што мне таксама такі патрэбны – усё на ім можна рабіць. Але дарагі, халера… Вельмі дзякую ўсім, хто дапамог мне і падтрымаў збор. Але сам ужо шукаю спосабаў зарабіць.

– Што цябе найбольш здзівіла па прыездзе ў Еўропу ў плане арганізацыі беларускага жыцця?

– Шчыра? Не магу пакуль нічога сказаць. Я проста, як кажуць на зоне, яшчэ не «ўкурыў». Прыехаў да свайго сябра, ён мне выдзеліў ложак і дах над галавою, купляе мне прадукты. А я нічога не бачу – трэці дзень толькі і раблю, што размаўляю з журналістамі. Журналісты і Аляксандр Кабанаў – больш нічога не бачу.

Але рыхтуем эфір. Увогуле абмяркоўваем стратэгію развіцця, бо цяпер зусім іншыя ўмовы, і я бачу, што трэба цалкам перафарматавацца, каб быць цікавымі. І вельмі хочацца, каб людзі ацанілі нашую працу і падтрымлівалі яе данатамі, як гэта было раней. Альбо праглядамі.

У нас так было, і трэба гэта аднавіць абавязкова. Гэта для мяне прынцыповы момант. А для гэтага трэба папрацаваць, каб нешта прыдумаць. І гэта ж можа яшчэ і не ўдасца, вось у чым рэч.

«Некаторыя людзі проста баяцца выходзіць з зоны на свабоду…»

– Сяргею, усё ўдасца. З Кабанавым вас затрымалі і вызвалілі ў адзін дзень, але турэмны досвед у вас розны. У Аляксандра Кабанава была Наваполацкая калонія, ПКТ і Магілёўская турма. У цябе – калонія «Віцьба-3». Вы ўжо, мабыць, абмяняліся інфармацыяй. Дзе было цяжэй?

– Тут усё відавочна. І інфармацыяй дзяліцца не трэба, каб сказаць, што наваполацкі канцлагер – самы жудасны ў Беларусі, гэта факт. Ну і Кабанаў жа большую колькасць часу ў Наваполацку правёў у ШІЗА, а потым паехаў адтуль у турму. То бок ён зусім у іншым рытме жыў. Пра наваполацкую зону і сказаць нічога не можа, бо ён яе не бачыў – пару дзён толькі ў агульнай гэтай казарме, дзе ўсе зэкі жывуць, прабыў. Разумееце мяне?

Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў у судзе. Красавік 2021 года.
Фота: Наша Ніва

А я не правёў у ШІЗА столькі, колькі ён. Ну, нейкі месяцок, і ўсё. Я быў на зоне, то бок звычайным вязнем, які хадзіў на працу, перасоўваўся, меў магчымасць наведваць стадыён. А сядзець у камерах – гэта зусім іншае.

– Кажаш, «месяцок» у ШІЗА?

– Так, два разы мяне кідалі. Адзін раз – на 5 дзён, другі – на 27. У параўнанні з Кабанавым гэта проста нейкія дзіцячыя тэрміны…

– Добра, давай пафантазіюем. Вас з Кабанавым сёння запускаюць у ПК-3 каля Віцебску і дазваляюць здымаць. Пра што будзе першы сюжэт? Да каго найперш пойдзеце па інтэрв’ю?

– Нечаканае пытанне. Выбілі мяне троху… Хутчэй за ўсё, пойдзем адразу да палітвязняў. Прозвішчаў называць не буду. З імі найперш размаўлялі б («Калі б нас пусцілі ў калонію кагосьці здымаць, то там палітычных ужо даўно не было б», – гэта рэпліка Кабанава). Але я вам такое скажу: там сядзіць шмат нявінных людзей і сярод непалітычных.

Інтэрв’ю
Леанід Судаленка пра віцебскую калонію: Хто сядзеў у Расеі, казалі, што на «Віцьбе» цяжэй
2023.08.23 08:32

Я шмат з кім размаўляў, няспынна праводзіў блогерскую працу, цікавіўся, людзі мне давяралі, паказвалі свае паперы, прысуды…

– Пайшлі б да «гаспадыні», да начальніцы калоніі?

– Ведаеце што, мне з імі няма пра што размаўляць, вось у чым рэч. Гэта нелюдзі. І гэта поскудзі. Гэта злачынцы, якія катуюць людзей, якія здзекуюцца з іх, якія ператвараюць людзей – хай нават і злачынцаў, але ж яны таксама людзі – у нелюдзяў. А ў іх няма права гэта рабіць, у дзяржавы няма права на гэта.

Яны не «папраўляюць» людзей, а проста прыбіваюць да стану жывёлінаў, каб усяго баяліся. Каб чалавек, які выходзіць адтуль праз 5–10 гадоў, не ведаў, як жыць далей, адчуваў, што ў яго нікога няма і ён нікому не патрэбны. Каб забыўся, што такое грамадства. Каб спіўся ці зноў вярнуўся ў турму. Бо моцных людзей, якія б гэта пераадольвалі, вельмі мала. Некаторыя людзі проста баяцца выходзіць з зоны на свабоду…

«Так рабілі фашысты!»

– Гэта страшна. Віцебская калонія № 3 успрымаецца як хіба самая смяротная, лятальная. Былы вязень «Віцьбы» Сяргей Сабалеўскі, дарэчы, непалітычны, апавядаў, што, калі з ім здарыўся ў калоніі інсульт, адміністрацыя проста чакала, калі ён памрэ.

– Я скажу так: ува ўсіх гэтых «мусарскіх» установах, дзе я быў, няма нармальнай медычнай дапамогі. Уражанне такое, што там працуюць выключна адкіды медычных універсітэтаў і вучэльняў – таксама нейкія нелюдзі. Калісьці, можа, і яны былі спагадлівымі і спачувальнымі да людзей, але сістэма іх знявечыла.

Калі асуджаны прыходзіць да іх і кажа пра боль у суставах ці сэрцы – яны не вызваляць яго ад працы. Наадварот, гоняць на новую. Толькі праз званок начальніку можна вызваліць з працы. Але яны так не робяць: навошта турбаваць кіраўніцтва калоніі з такою драбязою? Нялюдскае стаўленне да людзей – вось у чым рэч.

Каментар
Кабанаў: У турэмных медчастках – поўная беспакаранасць
2023.07.12 19:20

Людзей прыбіваюць самымі апошнімі спосабамі, хоць яны ўжо і так пакараныя. Гэта па-фашысцку проста. Так рабілі фашысты!

– У цябе асабіста не было праблемаў са здароўем?

– Дзякуй богу, не. Яно, канечне, там разладзілася, але не так кардынальна. Мне пашчасціла, што мой лёс нейкім чынам мяне шкадаваў і я пакутаваў значна менш за іншых. Я пра тое, што і тэрмін мне далі не такі вялікі, і ставіліся да мяне больш-менш нармальна. Можа, таму, што я быў увесь час на пазітыве і пастаянна жартаваў, не даваў сябе прынізіць. Магчыма, праз гэта мяне не білі, нейкіх вялікіх канфліктаў з адміністрацыяй таксама не здарылася.

– Былыя вязні калоніі «Віцьба-3» апавядалі, што псіхіятрычная лякарня на тэрыторыі калоніі зрабілася сапраўднаю фабрыкаю для пераўтварэння нармальных людзей у варʼятаў. Ты не камунікаваў з асобамі, якіх адтуль выпісвалі?

– Тут нічога не скажу. Ведаю толькі, што там сядзеў транссексуал – мужчына з жаночымі грудзьмі. На зону з вядомых прычынаў яго не пускалі, і я яго ніколі не бачыў, гэтага чалавека. Але проста так на зоне казаць не будуць. Калі кажуць – значыцца, ёсць. Ясна, што яго там не лячылі, а проста хавалі, я так думаю, каб не здарыліся нечаканыя інцыдэнты.

«Валіць трэба было даўным-даўно…»

– Сяргею, ты прабыў у няволі больш за 900 дзён. Які быў твой самы чорны, самы злы дзень на зоне?

– У Віцебску не ўспомню такога. У Віцебску не тое што іх не было, але я быў ужо такі загартаваны, гатовы да ўсяго, і ўсё самае страшнае здарылася ў мінулым, я так лічыў. Самае чорнае было ў Магілёўскай турме, калі трапіў у карцар, і мне было вельмі цяжка. Я перажыў гэта – і стаўся мацнейшы. Перажыў той стан, калі ты думаеш, што цябе ўсе кінулі і ты нікому не патрэбны. Такі псіхічны разлад, стан душэўнай слабіны. Разумееце?

Сяргей Пятрухін з даведкай аб вызваленні з ПК № 3 каля Віцебску.
Фота: з асабістага архіву

У такім стане можна зварʼяцець, можна… яшчэ нешта, вельмі небяспечны стан. Але калі пераможаш яго – ён не вяртаецца. Ты ўжо глядзіш на ўсё зусім іншымі вачыма – і ты ўжо не баішся.

– А самы светлы дзень – дзень вызвалення? Як гэта адбылося?

– Усё звычайна. Па мяне прыехалі сябры. І я вельмі баяўся, што нас не адпусцяць, мяне і Кабанава. І я, шчыра кажучы, дасюль здзіўлены, што нас вызвалілі, бо мы былі настолькі, на мой погляд, бескампрамісныя ў сваёй барацьбе. Нам нават не прапаноўвалі супрацоўнічаць з імі.

І я не магу даўмецца, чаму нас не прыцягнулі паводле 411 артыкулу. Не магу, я вам шчыра кажу. І не таму, што я накідваю, які я круты, але калі падумаць, колькі чыноўнікаў і мянтоў праз нас пацярпела і трапіла ў турмы, то гэта дзіўна. І колькі былі знятыя з пасадаў. І пры гэтым за абразу Лукашэнкі ці лайк даюць па тры гады калоніі. А нас узялі і выпусцілі.

І я цяпер думаю: як я ўвогуле яшчэ цэлы год пражыў… Блін, я не ведаю. Я думаў, мяне проста не будуць чапаць, што я адбыў ужо сваё. Наіўна было так думаць. Валіць трэба было даўным-даўно…

«Нічога не рабіў, нікуды не лез, нічога не парушаў»

– Ты кажаш, думаў, не будуць чапаць. А чапалі часта?

– У тым і рэч, што не. Але калі побач рвуцца бомбы – там аднаго забралі, там другога, а там «Е-дастаўка» гэтая, – думаеш: божа, нічога ж не скончылася. І я вам скажу, што самы чорны дзень быў, калі мяне выклікалі ў мянтоўню 24 студзеня. У пятніцу пасля абеду. Я сабраўся ўжо з гэтаю сваёй торбаю, з катомачкаю на падвал і на ІЧУ. І мяне… адпусцілі. Бо я не для таго быў патрэбны.

Калі ўжо ішоў назад, мяне ўсяго калаціла – я нібыта пасядзеў яшчэ раз, нібыта яшчэ адзін тэрмін адбыў. Усвядоміў, што вось цяпер усё можа хутка парвацца – і я зноў буду ў турме. І адразу як выйшаў, ведаў, што зараз буду звязвацца і з «Байсолам», і з Кабанавым, і з «Вясною», каб мяне ратавалі. Апошні тыдзень жыў як на іголках.

– А навошта яны цябе выклікалі насамрэч?

– Дробязі. ДНК узялі, сфоткалі. Карацей, зрабілі тое, што рабілі роўна год таму, калі я прыйшоў з турмы. Абсалютна тыя ж працэдуры. Але пятніца пасля абеду – гэта дзень прыёму заўсёды…

Сяргей Пятрухін. 2023 год.
Фота: з асабістага архіву

– Дэманстратыўная лаяльнасць – гэта адзіны спосаб выжыць цяпер у Беларусі?

– Не ведаю. У мяне не было дэманстратыўнай лаяльнасці. Проста лаяльнасць, у тым сэнсе, што я нічога не рабіў, нікуды не лез, нічога не парушаў у плане нагляду за мной. Усё рабіў, каб не злаваць іх. Уладкаваўся на працу.

– Дзе працаваў?

– Аператарам лініяў безалкагольных напояў на «Берасцейскім піве». Зарабляў каля 1000 рублёў. У мяне ж былі запазычанні перад мянтамі. Пазовы за абразу і гэтак далей. Я ціхенька працаваў і сплачваў.

– Пра што людзі размаўляюць на заводзе ці ў берасцейскіх тралейбусах?

– Людзі збольшага зрабіліся недаверлівыя, замкнуліся, менш стала шчырых усмешак. А на працы – ні пра што. Мы ж стаім на лініі, кожны на сваім участку, і там асабліва не пагаворыш. А сяброў у мяне там не было. Ні з кім амаль не кантактаваў: прывет, прывет – і ўсё.

– Людзі абмяркоўвалі вайну ва Украіне?

– Неяк здарылася размова, праца супольная была. Бо, ведаеце, я там працаваў 7 месяцаў, але палову з гэтага часу мы і не працавалі па-сапраўднаму, а толькі прыходзілі і рабілі ўсякую дурную працу – падмяталі лісце і гэтак далей.

Ну і зайшла размова пра вайну. Я быў проста шакаваны, бо старэйшыя жанчыны, гадоў пад 60, наўпрост выказаліся, маўляў, правільна, што бамбардуюць украінцаў. Я не стрымаўся – адказаў. Слухайце, кажу, як вы можаце такое гаварыць? Бо нікога нельга знішчаць і забіваць. І адчуў, што ўсе супраць мяне, нават тыя, хто меў гадоў 40.

– Прадукты беларускай і расейскай прапаганды?

– Разумееце, я маю зусім іншае кола камунікацыі. І мяне гэта вельмі здзівіла. Я нават не ўяўляў, што такое ўвогуле магчыма. Я разумею, калі гэта кажуць ватныя маскалі ў чат-рулетцы, але калі вось звычайныя беларусы…

Але так, я трапіў у зусім іншую біясферу. Так здарылася. І там, аказваецца, ёсць беларусы вось з такімі поглядамі.

«Калі б мяне не затрымалі да выбараў, атрымаў бы не 3 гады, а 15»

– У інтэрвʼю «Белсату» на другі дзень па вызваленні ты казаў, што людзі ў Беларусі гатовыя ўзяцца за зброю. Думаеш, збройнае паўстанне – адзіны шлях вызваліць Беларусі і беларускіх палітычных вязняў?

– Рэч у тым, што рэжым сапраўды разумее толькі сілу. Гэта злачынны рэжым, гэта мафіёзная дзяржава, несправаздачная народу, і іхная мэта – як мага больш быць ва ўладзе, бо калі страцяць яе – апынуцца ў турме. Што датычыць зброі, то паўстае пытанне, дзе яе ўзяць…

Але калі казаць прафантазійна, то, безумоўна, там ёсць людзі, гатовыя са зброяй у руках, як нашыя продкі, вызваляць краіну. Пагатоў рэвалюцыя ў галовах і ў свядомасці беларусаў ужо адбылася. Звароту назад не будзе. Людзі добра ведаюць, хто такі Лукашэнка і што такое ягоны рэжым. І разумеюць, што дамовіцца з ім нельга. Таму – толькі сіла.

Святлана Ціханоўская – сіла? Як ставішся да яе?

– Вельмі станоўча. Яна зрабіла тое, што іншы чалавек проста не здужаў бы. І цяпер, калі гляджу, як на яе нападаюць, хочацца спытацца: а дзе быў ты? Жанчына, у якой забралі мужа, якую пазбавілі нармальнай сямʼі і нармальнага жыцця, жанчына, якая рабіла там на кухні, утрыравана кажу, катлеты, абʼяднала нацыю. Так я гэта бачу. Не пабаялася і прайшла гэты складаны шлях. Гэта ж колькі трэба мець мужнасці!

І каб яе цяпер ганьбіць?.. Гэтага я не разумею! Пагатоў яна абазначыла вектар і хоча правесці справядлівыя выбары. Можа, я памыляюся, але тут, у Еўропе, яна шмат чаго робіць для беларусаў і Беларусі. Так я мяркую.

– Калі наконт выбараў. Цябе затрымалі яшчэ да 9 жніўня 2020 года. Шкадаваў, што не давялося прагаласаваць?

– Прызнаюся: спачатку шкадаваў. Але вось цяпер… можа, так і непрыгожа казаць, але, калі б застаўся на волі падчас выбараў, то далі б мне ўжо не тры гады, а мінімум 10 ці ўсіх 15. І я б іх не адсядзеў, бо не вытрымаў бы. І быў бы цяпер у турме. Гэта на сто адсоткаў.

Гісторыі
Крыкі дзяцей з дынамікаў, дыханне аўчарак за спінай. Новыя сведчанні катаванняў у беларускіх турмах
2023.05.13 12:26

Так што пытанне вашае цікавае. Як мяне пасадзілі, я думаў: халера, чаму ж так, бо на волі там цяпер усё кіпіць, хочацца ў тую віхуру, быць у плыні. Такі быў настрой, кураж такі. Я ўсё думаў, ну, суд, але да суда вызваляць, пасля суда думаў – усё адно на зону не даеду, вызваляць, аж пакуль на зону мяне не прывезлі. Вось Кабанаў адразу ведаў, што будзе такая «жэсць», а я не ведаў.

Таму адказ на пытанне такі: я ўсцешаны, што атрымалася менавіта так. Я зычу ўсім палітвязням трываласці і сілы. Я быў там, у гэтай турме, і я проста туды больш не хачу. І добра, што я цяпер не там. Я шчыра кажу.

– Добра, што ты на свабодзе. Віншуем яшчэ раз з паспяховай эвакуацыяй! Трымайся і не галі барады!

– Не-не, не буду. Дзякую вам!

Гісторыі
Блогер «Бомж на хайпе» распавёў, як яго экстрадавалі ў Беларусь і чым расейскія турмы розняцца ад беларускіх
2024.02.17 11:11

Зміцер Міраш belsat.eu