Вольгу Карач запрасілі ў арганізацыйны камітэт па выбарах у Каардынацыйную раду


Шэраг літоўскіх медыяў, у ліку якіх нацыянальная тэлерадыёкампанія LRT і папулярны партал 15min.lt, паведамілі, што кіраўніца арганізацыі «Наш дом» увайшла ў Каардынацыйную раду. Сама Карач растлумачыла «Белсату», што ўвайшла толькі ў арганізацыйны камітэт па правядзенні выбараў наступнага складу Рады.

Вольга Карач
Вольга Карач на прэс-канферэнцыі ў Вільні, Літва. 22 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Літоўскія медыі, якія напісалі пра ўваход Вольгі Карач у Каардынацыйную раду, узялі гэтую навіну з агенцтва BNS (доступ да ягоных навінаў платны). А тое спасылаецца на сюжэт пра Карач выдання LNK.

У тым сюжэце прыведзены толькі ўрывак размовы з Карач, які пачынаецца з фразы: «Мяне запрасілі ў Раду, бо „Наш дом“ – уплывовая арганізацыя…».

Вольга Карач растлумачыла «Белсату», што ейныя словы былі пра іншае: яе запрасілі не ў КР, а ў арганізацыйны камітэт па выбарах. У гэты арганізацыйны камітэт, па словах Карач, «запрашалі ўсіх», у тым ліку арганізацыю «Наш дом», якую яна і прадстаўляе. Сярод іншага Карач адзначыла: «Усе там заблыталіся ў гэтых структурах».

У Каардынацыйнай радзе «Белсату» пацвердзілі:

«Так, яна далучылася да грамадскага аргкамітэту па выбарах, тым самым заявіла намер балатавацца на выбарах у КР наступнага склікання».

Публікацыі па матывах таго сюжэту LNK згадваюць, што Карач «не прадставілі прытулак у Літве праз сувязі з расейскай выведкай». Ёй сапраўды адмовілі ў палітычным прытулку, назваўшы «пагрозай нацыянальнай бяспецы». Літоўскія спецслужбы мяркуюць, што кіраўніца «Нашага дому» наведвала тэрыторыю Расеі ў 2015–2019 гадах і нібыта сустракалася з прадстаўнікамі расейскай выведкі. Карач гэта адмаўляе, яна не збіраецца пакідаць Літву і хоча абскардзіць рашэнне аб дэпартацыі.

Дарэчы, што з выбарамі ў КР?

Правесці выбары новага складу Каардынацыйнай рады вырашылі яшчэ на канферэнцыі «Новая Беларусь» 6 жніўня 2023 года. Спачатку выбары планавалі на зіму 2023/24 гадоў, але арганізацыя зацягнулася. Паводле цяперашніх планаў, папярэдняя дата выбараў – 25 траўня 2024 года. Каардынацыйная рада 9 лютага зацвердзіла выбарчую сістэму, у якой на аднаго выбарніка даюць тры галасы, але атрымала негатыўны водгук ад выбранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай.

19 лютага КР паведаміла, што працоўная група з удзелам Офісу Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінету дасягнула кансэнсусу – «па папярэдняй інфармацыі» (як напісана ў паведамленні КР), на галасаванне ў КР прадставяць варыянт з адным голасам на выбарніка.

З арганізацыяй выбараў «вялікі бардак», заўважыла Карач:

«Каардынацыйная рада сама прыняла рашэнне аб правядзенні выбараў, узнікла пытанне пра ролю і функцыі аргкамітэту па правядзенні выбараў. Там між сабой ішло вельмі шмат перапалак усялякіх. Усё будзе вядома заўтра. Пакуль ідзе гаворка аб тым, што выбары [у фармаце] „адзін чалавек – адзін голас“. І што больш-менш пра гэта ўсё між сабой дамовіліся. Але заўтра будзе паседжанне – і будзе ўжо вядома канчаткова».

Як паведамляла Каардынацыйная рада, праект маюць прадставіць агульнаму складу і выставіць на галасаванне, таксама маюць разглядзець у грамадскім камітэце – а пасля скіраваць фінальны варыянт Ціханоўскай.

Каментар
Ягораў: Выбары ў Каардынацыйную раду могуць прайсці ў траўні. Ці аж у ліпені
2024.02.08 15:12

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў