Што адбываецца з мабілізацыяй ва Украіне: калі і колькі прызавуць, ці прызавуць жанчын?


Ва Украіне даўно ідуць размовы пра пашырэнне мабілізацыі, са снежня абмяркоўваюць патэнцыйны законапраект. Але не толькі рашэння, а нават канчатковага праекту ўсё няма. «Белсат» пераказвае, што пра гэта пішуць украінскія медыі і што кажуць палітыкі.

Гранатамётчыкі ЗСУ
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гранатамётчыкі Збройных сілаў Украіны.
Фота: 36 ОБрМП імені контрадмірала Михайла Білинського / Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Усеагульная мабілізацыя ва Украіне была абвешчаная з пачаткам поўнамаштабнага нападу Расеі 24 лютага 2022 года. Але цяпер вайскоўцам патрэбныя новыя сілы: усё больш здаецца, што баявыя дзеянні зайшлі ў тупік, страты ацэньваюць ў сотні тысяч чалавек. А Расея пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку можа адважыцца на адкладзеную другую хвалю мабілізацыі – і ў Расеі могуць прызваць на вайну значна больш, чым ва Украіне, бо колькасць насельніцтва вышэйшая ў 3,5 раза.

Як знайсці новыя сілы і ці трэба іх шукаць неяк па-новаму, ва Украіне ўсё яшчэ не могуць вырашыць.

Законапраект быў, знік і зноў будзе

Украінская дэпутатка Мар’яна Бязуглая 16 снежня 2023 года распавяла на Facebook пра працу над законапраектам аб мабілізацыі – напісала, што «вайскоўцы падалі строга жорсткія нормы, мы працуем над рэалістычнай мадэллю». Паводле апісанага ёй праекту, ва Украіне збіраліся мабілізаваць на вайсковую службу жанчын; зменшыць мінімальны ўзрост для мабілізацыі прызыўнікоў, якія не праходзілі службу, з 27 да 25 гадоў; скасаваць тэрміновую службу; увесці абавязковую трохмесячную агульнавайсковую падрыхтоўку і іншае. Заявы Бязуглай выклікалі скандал.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 19 снежня на прэс-канферэнцыі расказаў, што вайскоўцы і ў прыватнасці галоўнакамандуючы Збройнымі сіламі Украіны Валерый Залужны прасілі мабілізаваць 450–500 тысяч чалавек, але ён не пачуў дастаткова аргументаў за гэта і не пабачыў адказаў на пытанні пра ратацыю і адпачынкі для тых, хто ўжо ваюе. Таксама Зяленскі сказаў, што не падпіша закон, калі ў ім будзе мабілізацыя жанчын.

Зяленскі ў Аўдзееўцы
Уладзімір Зяленскі ў Аўдзееўцы, Украіна. 29 снежня 2023 года.
Фота: President.gov.ua

25 снежня (то бок на Раство, якое ва Украіне ў гэты дзень адзначаюць і каталікі, і праваслаўныя) Кабінет міністраў унёс у Вярхоўную раду законапраект пра змены ў працэс мабілізацыі. У ім не было пра мабілізацыю жанчын, але было пра скасаванне тэрміновай службы, абавязковую агульнавайсковую падрыхтоўку (разам з прафесійнай – на 5 месяцаў), зніжэнне мабілізацыйнага ўзросту да 25 гадоў, а таксама пра ўвядзенне электронных павестак, мабілізацыя людзей з III групай інваліднасці і іншае. Дэпутатам кіроўнай партыі «Слуга народу», як сцвярджалі ўкраінскія медыі, рэкамендавалі не каментаваць законапраект і валіць адказнасць на вайскоўцаў.

Гэты законапраект адклікалі 11 студзеня. Міністр абароны Украіны Рустам Умераў у той жа дзень расказаў, што ўжо падрыхтаваная новая рэдакцыя законапраекту. У новым праекце, дадаў ён, улічаныя прапановы дэпутатаў, але якія менавіта, не сказаў. На момант публікацыі – праз тыдзень па адкліканні – новага праекту не ўнеслі, канчатковага праекту няма. Ходзяць непацверджаныя чуткі, што новы праект унясуць 6 лютага.

На чым не могуць пагадзіцца?

Вядома, што дэпутатам не спадабаліся электронныя павесткі, мабілізацыя людзей з інваліднасцю, карупцыйныя рызыкі і іншае.

Але ва ўкраінскіх медыях нярэдка сустракаецца думка пра нежаданне палітыкаў прымаць непапулярныя рашэнні пра мабілізацыю пры разуменні неабходнасці гэтых крокаў. «Українська правда», напрыклад, сфармулявала гэта так: пасля заявы Зяленскага пра 450–500 тысяч «пачалося своеасаблівае публічнае жангляванне, калі вышэйшыя палітычныя і вайсковыя чыноўнікі спрабавалі знайсці таго, хто б узяў на сябе адказнасць за новую мабілізацыю».

А «РБК-Україна» піша, што «цяпер наўрад ці існуе хоць адна канцэпцыя мабілізацыйнага працэсу, якая карысталася б абсалютнай падтрымкай сярод усіх украінцаў».

Аналітыка
Абвастрэнне, якое чакалася. Што трэба ведаць пра новую хвалю паветранага тэрору супраць Украіны
2024.01.08 19:11

Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія 11 студзеня расказаў у Telegram, што «было шмат дыскусіяў», запыт вайсковага камандавання «разумеюць і гатовыя пайсці насустрач», «усе палітычныя сілы зразумелі і падтрымліваюць неабходнасць мабілізацыі», але «не ўсе нормы могуць быць падтрыманыя».

Гэта падобна да праўды: нават тыя, хто жорстка крытыкуе ідэі з законапраекту, не кажуць пра поўную адмову ад прыцягнення новых людзей на фронт. Напрыклад, былы дарадца Офісу Зяленскага Аляксей Арастовіч, які заклікаў заключыць з мір з Уладзімірам Пуціным, не выступаў супраць мабілізацыі агулам, а крытыкаваў падыходы і сумняваўся ў здольнасці дзяржавы мабілізаваць яшчэ паўмільёна чалавек.

Варта адзначыць, што ва Украіне цыркулююць чуткі пра канфлікт між Зяленскім і Залужным. Але прэзідэнт казаў толькі, што «ёсць шмат пытанняў» да вынікаў на полі бою, за якія адказвае галоўнакамандуючы ЗСУ, а пра адстаўку Залужнага ці нейкую нелюбоў да яго не вялося. Няма падставаў лічыць, што, напрыклад, Зяленскі або ягоная партыя маюць аж такі канфлікт з Залужным, каб сабатаваць мабілізацыю.

Аналітыка
Канфлікт ці працоўны момант? Што адбываецца паміж Зяленскім і Залужным?
2023.11.24 17:15

Залужны жа тлумачыў, што 400–500 тысяч чалавек – гэта планаваная колькасць мабілізаваных за цэлы 2024 год з улікам цяперашняга некамплекту і прагназаваных стратаў, а таксама заявіў, што ЗСУ не рабілі ніякіх законапраектаў, бо не маюць заканадаўчай ініцыятывы. ЗСУ, сказаў ён, толькі выпраўлялі прадстаўнікоў у працоўную групу, якія сачылі, каб законы найперш не парушылі механізмы вайсковага кіравання. Пра электронныя павесткі ён сказаў, што «рады любому спосабу», але не можа ацаніць, «ці магчыма гэта». Ён выказаўся за абмежаванне тэрміну службы 36 месяцамі, але адзначыў, што гэта рэалізуюць, калі людзей «будзе кім замяніць», а гэта ўжо ўрад мае ведаць, якія ў дзяржавы магчымасці.

Не выключана, што зменаў у заканадаўства пра мабілізацыю зусім не будзе. Так, украінскі палітычны аглядальнік Віталій Паротнікаў адзначаў, што мабілізацыйны працэс ва Украіне і так ішоў амаль два гады – яму не надта зразумела, чаму патрэбныя нейкія навацыі ў законе.

Магчыма, праблема ў матывацыі: як казаў прадстаўнік Міністэрства абароны Украіны Іларыён Паўлюк, праблема з мабілізацыяй звязаная з поспехамі ўкраінскага войска і з тым, што шмат грамадзянаў ўжо не ўспрымаюць вайну ва Украіне «ў экзістэнцыйных сэнсах», як гэта было ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання, а некаторыя лічаць, што «ёсць хтосьці іншы, хто зможа зрабіць гэтую працу за іх». Адпаведна, галоўныя рэформы могуць быць скіраваныя на тое, каб даць выбар тым, хто вагаецца, стварыць выразную сістэму ратацыі і разуменне канчатковасці тэрмінаў службы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбураны будынак у Кіеве.
Фота: Алесь Усцінаў / Pexels.com

Што амаль несумнеўна, дык тое, што жанчын усё ж не збіраюцца мабілізоўваць. Бязуглая – найбольш публічна актыўная прыхільніца гэтай ідэі – 14 студзеня заявіла, што сыдзе з кіроўнай партыі «Слуга народу», бо гэта «слабая фракцыя». Яна адкрыта выступае супраць Задужнага і патрабуе ягонай адстаўкі. Але дэпутатку ва Украіне нярэдка называюць «скандальнай» – яна, напрыклад, прапаноўвала расстрэльваць дэзерціраў. Хоць Бязуглая не адзіная прыхільніца мабілізацыі жанчын, падобна, што ідэю падтрымлівае невялікая меншасць украінцаў – нават сярод тых, хто заходзіць на ейную старонку на Facebook.

Беларускі ананімны блог «Cynic» выказваў такую здагадку: спачатку ва Украіне зрабілі «інфармацыйны ўкід» пра татальную мабілізацыю жанчын і людзей з інваліднасцю, каб потым улады маглі «здаць назад», а насамрэч прыняць менш шокавыя захады, аб якіх прасілі васкоўцы. Блог прапанаваў тлумачэнне іншымі словамі: «Калі трэба павысіць падаткі на 5 %, то трэба абвясціць аб павелічэнні на 20 %, а потым абвясціць, што пасля кансультацыяў з грамадскасцю прынятае рашэнне павысіць падаткі на 5 %».

Агляд
Расейцы заявілі пра захоп сяла Вясёлае на Данбасе. Што вядома?
2024.01.18 18:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў