На сустрэчы з Лаўровым Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая ўдзельнічаць у мірных перамовах


У Менску 19 студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з кіраўніком МЗС РФ Сяргеем Лаўровым, на якой абмеркавалі распачатую Расеяй вайну. Лукашэнка, у сваю чаргу, заявіў, што афіцыйны Менск дасць поўнае падтрыманне расейскай палітыцы.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым. 19 студзеня 2023 года.
Фота: БелТА

«Праблемы, звязаныя з аперацыяй Расейскай Федэрацыі ва Украіне… Усё, што я абяцаў, усё, што трэба для Расеі ў гэты няпросты перыяд – што там для Расеі, для нас, для Расеі і Беларусі, – мы робім. Думаю, Сяргей Фёдаравіч (кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік. – Заўв. рэд.) вам самым падрабязным чынам пра гэта раскажа», – сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка заявіў, што слухаў прэс-канферэнцыю Сяргея Лаўрова, якая прайшла 18 студзеня, і гатовы падтрымаць Расею ў тым, каб дамаўляцца наконт міру.

«І пры любых кантактах, якія ў нас здараюцца з Захадам, іншымі, мы гаворым пра тое, што Расея ніколі не была супраць міру. Калі ласка, давайце будзем дамаўляцца. Мы гатовыя ў гэтым удзельнічаць. Вы ў гэтым не мусіце сумнявацца. Калі нешта трэба з нашага боку і мы можам зрабіць (вы добра ведаеце, што мы можам зрабіць), скажыце проста, мы будзем працаваць разам, рука да рукі», – перадае словы Лукашэнкі БелТА.

Лукашэнка верыць у тое, што Захад спрабуе выкарыстоўваць Украіну супраць Беларусі:

«Сёння бяспека для нас, не толькі для Расеі, яшчэ больш важная. Вы ведаеце задумы нашых заходніх суседзяў. Не толькі Украіны. Яны спрабуюць і Украіну выкарыстоўваць супраць Беларусі. Але што мяне дзівіць і прыемна здзіўляе – Украіна пакуль трымаецца. Яна на правакацыі супраць Беларусі не ідзе. Хаця яе актыўна падштурхоўваюць нашыя заходнія суседзі. Таксама ведаеце, хто».

Таксама Лукашэнка зазначыў, што Расея і Беларусь актыўна рухаюцца ў імпартазамяшчэнні. «Мы з прэзідэнтам Пуціным практычна з гэтага любую сустрэчу пачынаем», – дадаў Лукашэнка.

Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. 19 студзеня 2023 года.
Фота: БелТА

У сваю чаргу, Сяргей Лаўроў падзякаваў Лукашэнку за сустрэчу і перадаў «прывітанне ад Уладзіміра Уладзіміравіча».

«Хоць вы з ім сустракаецеся… Мы палічылі – летась 10 разоў вы асабіста сустракаліся, апроч тэлефонных кантактаў. Таму нам на ўзроўні кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў не ўгнацца за вамі. Але так і мае быць», – заявіў Сяргей Лаўроў.

Таксама Сяргей Лаўроў плануе правесці перамовы міністраў замежных справаў дзвюх краінаў сам-насам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў