Ігар Банцэр: я не выйшаў на волю, я выйшаў у рэчаіснасць Беларусі


17 снежня з «хіміі» у Віцебску выйшаў на волю палітзняволены рок-музыка і актывіст Ігар Банцэр. Ён адбыў увесь прызначаны тэрмін, а апошнія 22 дні перад вызваленнем правёў у ШІЗА. Найперш, як толькі атрымаў тэлефон, пазваніў сваім родным: пагутарыў з дачкой і мамай. Мы размаўляем з ім позна ўвечары па дарозе дадому, у Горадню.

Ігар Банцэр пасля выйсця з «хіміі». Менск, 17 снежня 2021 г.
Фота: Белсат

– Чым бліжэй я да дому, тым больш мяне пачынае накрываць адрэналінавая хваля, бо сёння ўжо змагу абняць сваіх дзяцей, заўтра буду бачыцца з бацькамі. Гэта кайфова. Але пры гэтым я памятаю, у якой краіне мы жывем. Сябры віншуюць мяне з выхадам на волю, але я кажу – не трэба віншаваць, мяне вызвалілі з «хіміі», але я не выйшаў на волю, я выйшаў у рэчаіснасць Беларусі. Мы па-ранейшаму жывем пад прыгнётам, сэнс якога сфармуляваў калісьці даўно гарадзенскі гурт Deviation: жыццё пад акупацыяй. Таму зараз я кайфую, заўтра буду радавацца з роднымі, а ў панядзелак прыйдуць працоўныя будні. Але больш за тыдзень я нават не хачу нешта прагназаваць. Мой план-максімум: адзначыць Раство і дацягнуць на волі да Новага году. Ад маіх паводзінаў тут наогул нічога не залежыць: мы жывем у рэчаіснасці, дзе цябе могуць арыштаваць проста за адзін каментар, – кажа Ігар.

«Я да апошняга не верыў, што мяне вызваляць»

– З маім вызваленнем 17 снежня ўсё атрымалася вельмі смешна. Суд, які адбыўся 24 лістапада, не даў адказу, калі сканчаецца мой тэрмін. Хоць і была такая інфармацыя, што 17 снежня. А 25 лістапада перад тым, як мяне пасадзіць у ШІЗА, прыйшоў супрацоўнік «хіміі» і павесіў мне лэйбу, што мой тэрмін сканчаецца 17.01.2022. Таму я быў перакананы, што прыйдзецца сядзець яшчэ месяц. Мяне адправілі ў ШІЗА ў Гарадок, гэта 25 км ад Віцебску. 5 снежня накінулі яшчэ 10 содняў нібыта за брудную камеру. 15 снежня прыехалі, разам з начальнікам, і дадалі толькі 2 содняў. Я вельмі гэтаму здзівіўся. А падчас вячэры высветлілася, што нібыта 17 снежня мяне мусяць вызваліць. Я ўсё роўна да апошняга ў гэта не верыў, думаў, гэта нейкая махінацыя, каб псіхалагічна мяне разгойдаць. Апоўдні прыехалі за мной, завезлі на «хімію», хутка аформілі ўсе паперы і – на выхад. І гэта было вельмі дзіўнае адчуванне – апынуцца на волі.

«Мусор в мусоре»

– Калі я сядзеў апошнія 10 содняў у ШІЗА ў Гарадку, спантанна ўзнікла ідэя арт-перформансу. Калі мяне проста па бязмежжу заболтвалі, давалі парушэнні за парушэннямі, з суда адразу кідалі ў ШІЗА, дзе трымалі па 30-40 дзён, я думаў аб тым, што я на гэта магу адказаць. Калі мы кажам пра пратэст у турме, можна, напрыклад, узгадаць, што рабілі за кратамі чальцы ІРА ў 1980-я гады ў Англіі – у іх быў «брудавы», «коўдравы» пратэст, такія акцыі негвалтоўнага супраціву супраць дзеянняў адміністрацыі, якая іх цкавала. Вырашыў запісаць сабе ў біяграфію перформанс.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Перад чарговым прыездам супрацоўнікаў «хіміі», калі я быў ужо маральна падрыхтаваны да чарговых новых содняў, гляджу – стаіць сметніца, амаль да верху запоўненая. Прыехалі міліцыянты, такія з сурёзнымі тварамі, адзін старэйшы лейтэнант, другі – маёр, з відэафіксацыяй, і пытаюць: ну што, грамадзянін Банцэр, ці прыбрана ў вас у камеры? Я ў адказ: грамадзяне начальнікі, хвіліначку. Бяру сметніцу і высыпаю ім пад ногі. Адзін аж падскочыў. Кажу – гэта каб вы не хлусілі. І яшчэ тлумачэнне напішу, бо вы скажыце, што Банцэр проста смецце раскідаў, а гэта – арт-перформанс. Так і напісаў: каб не змушаць супрацоўнікаў да службовага падлогу, па-хрысціянску вырашыў здзейсніць арт-перформанс у выглядзе інсталяцыі, які завецца «Мусор в мусоре».

«Усміхаемся і махаем»

– Калі людзі ў жніўні 2020 выходзілі са сцягамі, шчырымі ўсмешкамі на вуліцы, абсалютна мірна, ніхто не думаў, чым гэта скончыцца. Усе верылі, што калі нас так шмат, мы можам давесці ўладзе, што мы стаміліся ад яе. Мы жывем у цэнтры Еўропы, у класнай краіне, але нам не стае дэмакратыі. Супраць цябе выходзіць АМАП, і жорсткі адказ дзяржавы мы адчуваем да гэтай пары. Мне шчыра шкада паламаных чалавечых жыццяў і лёсаў. Я са сваім перформансам адседзеў на «хіміі» зусім трошкі, а людзі за свае перакананні атрымліваюць вялізныя тэрміны ў турмах і калоніях. Што будзе далей – невядома, але я застаюся ў Беларусі, гатовы сустрэць гэтую рэчаіснасць з адкрытым забралам. Таму ўсім раю заставацца на пазітыве. Падчас ліставання на «хіміі» я ўсім пісаў – заставайцеся на яскравым баку жыцця, чаго б вам гэта не каштавала.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Кожны шосты вязень на віцебскай «хіміі» – палітычны

– Па ўмовах «хімія» – гэта як піянерлагер, тым больш мне ёсць з чым параўноўваць. Я сядзеў у гарадзенскай турме, быў на Валадарцы, СІЗА №6 у Баранавічах, СІЗА №2 у Віцебску. На «хіміі» усе ходзяць з тэлефонамі, ва ўсіх ёсць інтэрнэт, можна выходзіць у краму, на пошту. Таму ў параўнанні з калоніяй і турмой, «хімія» у нашых умовах – самы лагодны варыянт. Хаця канешне, для людзей, якія да гэтага ніколі не сутыкаліся з рэпрэсіямі з боку дзяржавы, там ёсць некаторыя нюансы, якія складана перажыць.

Віцебская «хімія» №9 лічыцца «чырвонай», паказальнай, там жорсткі начальнік, усё робіцца па рэгламенце. Зараз там адбываюць тэрмін 124 вязняў, з іх 20 – палітычныя, гэта амаль кожны шосты.

ШІЗА на «хіміі» – гэта не карцар у турме, дзе ўмовы вельмі суровыя. У карцары ты знаходзішся ў камеры-адзіночцы, у паласатай робе, ранкам абход, пасля абед, вячэра – і ўсё. Ты цалкам ізаляваны. Я ледзь не трапіў у карцар у Віцебскім СІЗА, але чалавек, які там сядзеў, распавядаў, што карцар там гукаізаляцыйны, ты там як у вакууме ходзіш, нічога не чуваць, што робіцца звонку. Гэта вельмі моцна цісне на псіхіку.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Для адбыцця ШІЗА на «хіміі» цябе вывозяць у Гарадок, невялікае мястэчка на 30 тысяч жыхароў, дзе людзі спагадлівыя самі па сабе. Міліцыянты вельмі простыя – у іх няма загаду цкаваць людзей. Таму ў параўнанні з карцарам у гарадокскім ШІЗА было нават камфортна. А вось у ШІЗА пры Віцебскім СІЗА было больш жорстка, там нават нельга прытуліцца да ложка, трэба сядзець на лаве цэлы дзень. Па правілах распарадку, табе нельга знаходзіцца на спальным месцы, то бок ляжаць, а калі ты сядзіш на лаве і спіш, гэта не забаронена. Але ўсё роўна, гэта залічваецца за парушэнне і людзям за гэта накідваюць содні.

Сядзець у ШІЗА 30, 40 дзён – гэта праблемы каб памыцца, праблемы з ежай, тым больш што я вегетарыянец, халодныя «хаты». Для непадрыхтаваных людзей гэта магчыма будзе цяжка. Як для мяне, я быў гатовы пасядзець у ШІЗА, карцары ці ў турме, бо гатовы ісці да канца за свае ідэі і перакананні. Мы ж кажам пра вышэйшыя ідэалы. Зараз ёсць некаторыя пытанні па здароўі, але яго паправім, я веру ў беларускую медыцыну.

«Палітвязні палітызыюць астатніх арыштантаў»

– Сядзельцы «хіміі» называюцца спец кантынгентам. Ён у асноўным складаецца з людзей, якія здзейснілі нейкія парушэнні ці злачынствы. Напрыклад, хтосьці не плаціў аліменты, хтосьці сядзіць за «п’яны руль». Былі і былыя крымінальнікі, асобы з пагашанай судзімасцю. Гэтыя людзі з цвярозым розумам, яны люта ненавідзяць міліцыянтаў і ўсю сістэму. Узровень іх палітызацыі раней можна было акрэсліць так: мы супраць міліцыянтаў, нас задзяўбла ўлада. У большасці там сядзяць людзі з вёсак, яны толкам не ведаюць, якія ў краіне адбываліся палітычныя працэсы.

Пасля тут пачалі з’яўляцца палітычныя вязні – людзі, якія пачалі ўплываць і змяняць астатніх. «Заязджаюць» не толькі спакойныя палітвязні, але і такія, як Зміцер Абрамук з Брэста, які заўсёды казаў – я хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам і гэтага не цураюся, я атрымаў дадатковы год за абразу Лукашэнкі – няма пытанняў, буду сядзець. Пасля прыехаў я, які таксама не хаваў сваіх поглядаў. Пасля яшчэ відэаблогер Зміцер Цімафееў з Баранавічаў. Калі чалавек-два, гэта можа і не значна, але калі такіх людзей становіцца шмат, гэта стварае трэнд, і ў простага кантынгенту пачынае фармавацца адмысловае стаўленне да палітычных. Аднаго можна зацкаваць, а калі такіх 10-20 – ужо трэба выбудоўваць стасункі і акрэсліваць пазіцыю. І ўсе ў прынцыпе на баку дабра, усе разумеюць, што цябе пасадзілі ні за што. Людзі з крымінальным бэкграўндам абураліся, а што гэты дзед тут робіць, а за што гэтага хлопца пасадзілі.

Гісторыі
Чалавека без нагі, без мыліцаў, з рукамі ў кайданках прымусілі ісці з камеры. Гісторыя Уладзіміра Гундара
2021.12.17 10:25

Палітвязні змяняюць ментальнасць звычайных арыштантаў, іх настроі і адносіны да палітычных актывістаў. Ствараецца больш палітызаваная маса. Таму праца ідзе нават за кратамі. У звычайным жыцці я з падобнымі людзьмі не сутыкаўся, таму для мяне гэта быў цікавы досвед. Не скажу, што патрэбны ці прыемны, але цікавы. Было цікава з імі камунікаваць, весці з імі дыскусіі, паспрабаваць пераканаць у сваёй рацыі. Нам пасля ўсім жыць у адной краіне, і палітвязням, і крымінальнікам, і супрацоўнікам адміністрацыі, і міліцыянтам. Нам трэба шукаць агульныя кропкі і грамадскі кансэнсус, дамаўляцца. Мы сябе ў гэтым плане паводзілі бездакорна, рабілі пазітыўную прапаганду.

Пра міліцыянтаў і супрацоўнікаў «хіміі»

– У Гарадку міліцыянты ніколі раней не бачылі палітычных вязняў. Яны глядзелі на нас проста ашалелымі вачыма. Але стаўленне было цалкам чалавечае, няма таго негатыву, які мы бачым у дзяржаўнай прапагандзе, якая пераконвае, што трэба ненавідзець адзін аднаго.

Супрацоўнікі «хіміі» нават у неафіцыйных размовах баяцца выказваць сваё стаўленне да палітычных, прызнаць, што ты ў чымсьці меў рацыю, нават проста галавой кіўнуць. У іх заўсёды ўключаная відэафіксацыя, таму яны проста выконваюць загады. Хаця часам па вачах я бачыў, што яны цалкам разумеюць сітуацыю. Я выключаю тут персанальны чыннік. Я і ім казаў – у мяне няма да вас персанальна ніякіх прэтэнзіяў, вы ёсць часткай сістэмы. Яна загадае цкаваць палітвязняў – вы будзеце гэта рабіць. Але самае важнае – як яны гэта робяць. Хтосьці выконвае загады зацята, хтосьці нават з асалодай, але агулам па адчуваннях, паўсюль ёсць цалкам адэкватныя людзі, якія ставяцца да цябе проста па-чалавечы. Я абсалютна не расчараваны ў беларускіх людзях. Міліцыянты таксама грамадзяне нашай краіны. Яшчэ ў гарадзенскай турме я пачынаў такія дыскусіі. Супрацоўнікі кажуць – мы апалітычныя. Я ў адказ – то калі вы апалітычныя, то калі прыйдзе новая ўлада, вы будзеце працаваць і на яе, не скінеце ж мундзір, не пойдзеце працаваць на будоўлю. І ўсе ківаюць. Яны разумеюць, што ім прыйдзецца жыць у гэтай краіне. Ёсць канешне людзі, якія не глядзяць наперад, жывуць адным днём і робяць непрыгожыя ўчынкі. Я жадаю ўсім моцнага здароўя і дажыць да пенсіі. Хочацца пабачыць змены, і з некаторымі людзьмі сустрэцца ў судзе, каб высветліць, хто ўсё ж парушаў заканадаўства.

Ігар Банцэр, музыкант, актывіст, журналіст. Горадня, Беларусь. 15 траўня 2021 года.
Фота: МК / Белсат

Былі выпадкі, калі супрацоўнікі непрыгожа рэагавалі на маю беларускую мову. Але былі і добрыя выпадкі. У СІЗА №2 людзі з высокімі пагонамі раптам пачыналі звяртацца да мяне на беларускай мове. Я стаяў і думаў: што адбываецца? Ці калі я сядзеў 40 дзён у ШІЗА на галадоўцы, у халоднай камеры, прыходзіць хтосьці на працу і прапаноўвае гарачай гарбаткі. Гэта такія простыя прыемныя моманты, я ва ўсім імкнуся знаходзіць пазітыў.

  • Ігара Банцэра затрымалі 20 кастрычніка 2020 году і абвінавацілі ў хуліганстве за танец у стрынгах перад міліцэйскай машынай. Музыка правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 5 месяцаў: яго кідалі ў адзіночную камеру, адпраўлялі на прымусовую псіхіятрычную экспертызу ў Навінкі, змяшчалі ў карцар. Падчас суду, каб абараніць свае правы, Банцэр абвесціў сухое галадаванне, якое трымаў без вады і ежы 16 дзён, да вынясення выраку. З-за гэтага ў яго пагоршылася здароўе. 19 сакавіка 2021 года суддзя Наталля Козел прысудзіла музыку 1,5 года «хіміі». Яго выпусцілі ў залі суда. Пасля пераліку тэрміну Банцэру заставалася сядзець 8 месяцаў. У чэрвені ён паехаў адбывае пакаранне ў ПУАТ-9 у Віцебску.
  • Ціск на палітвязня з боку адміністрацыі пачаўся летам, калі Банцэр неаднаразова адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. У карцар Ігара Банцэра кідалі «за розныя парушэнні». Напрыклад, 25 лістапада яго адправілі туды на 10 содняў за відэа для «Медыязоны», у якім гарадзенец паказваў умовы ўтрымання на «хіміі», і як яму праз краты перадаюць ежу. Пасля пакаранне ў ШІЗА працягнулі яшчэ на 10 сутак быццам праз кепскую прыборку ў камеры. Апошнія два дні ў карцары ён правёў за «няветлівасць да супрацоўнікаў».
  • Агулам са жніўня за ўвесь час віцебскай «хіміі» актывіст прасядзеў у ШІЗА 82 дні. На знак пратэсту ён неаднаразова абвяшчаў галадоўкі, падчас адной з іх схуднеў на 10-15 кг. За нібыта парушэнні рэжыму віцебскі суд прызначыў яму больш жорсткае пакаранне і хацеў адправіць у калонію. Але гэты прысуд быў адменены.
Гісторыі
«Ягоная ўнутраная свабода не да спадобы ўладам»: гісторыя гарадзенскага панка, якому пагражае 3 гады пазбаўлення волі
2021.03.04 07:30

СП belsat.eu

Стужка навінаў