Ракета, якая скалыхнула і прабудзіла Захад

Трагедыя пад Пшэводавам прыгадала еўрапейцам, што вайна зусім побач.

У Польшчы 15 лістапада здарыўся выбух, у выніку якога загінулі два чалавекі. Машыны паліцыі на месцы трагедыі.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Пра тое, што каля вёскі Пшэводаў у Люблінскім ваяводстве ўпалі ракеты і забілі двух мясцовых жыхароў, мне выпала даведацца падчас адной культурніцкай падзеі ў цэнтры Варшавы, на якой былі журналісты польскіх медыяў. Раптам пачалі званіць мабільныя тэлефоны, прысутныя заварушыліся, пераглядаліся і паказвалі адно аднаму гарачую навіну, якая прыйшла праз некалькі гадзінаў пасля здарэння. Па зале папаўзлі пытанні. Гэта пачатак Трэцяй сусветнай вайны? Ізноў будуць чэргі на бензастанцыях? Якая будзе рэакцыя NATO? Што будзе з курсам злотага? Улады абралі стратэгію маўчання да таго моманту пакуль не будуць вядомыя папярэднія высновы. Польская апазіцыя таксама не панікавала і не распаўсюджвала плётак. Усе чакалі пацверджаную інфармацыю. Іспыт здала і большасць польскіх медыяў, якія не пабеглі за навіной, устрымаліся, каб не дэзынфармаваць грамадства. Хутчэй за ўсё, дзякуючы гэтаму ўдалося не дапусціць сітуацыю, якая мела месца 24 лютага (чэргі па паліва, каля банкаматаў і ў крамах). Кожны разумеў, што рызыка збройнага канфлікту NATO з Расеяй як ніколі вялікая.

Ракета, якая ўпала каля Пшэводава, хутчэй за ўсе, належала ўкраінскай супрацьпаветранай абароне і спрабавала перахапіць расейскую ракету. Так кажуць польскія ўлады, ЗША і NATO, следства яшчэ працягваецца. Але адказнасць за гэты інцыдэнт цалкам ляжыць на баку Расеі, якая бамбардуе Украіну. Не было б вайны – не дайшло б і да гэтага інцыдэнту. У гэтым сэнсе ў Польшчы пануе кансэнсус.

Але паўстала шмат пытанняў да польскай супрацьпаветранай абароны. Маўляў, чаму не перахапілі ракету, калі побач з аэрапортам у Жэшаве стаяць амерыканскія сістэмы «Patriot» (каля 180 км ад Пшэводава). Аднак вайсковыя эксперты тлумачаць, што нават самая сучасная сістэма супрацьпаветранай абароны (якую мае, напрыклад, Ізраіль) не дае 100-адсоткавай бяспекі. А тыя ж «Patriot’ы» абараняюць толькі абʼекты, побач з якімі размяшчаюцца. Звычайна гэта дзяржаўныя і вайсковыя абʼекты, а таксама крытычная інфраструктура. Такое месца – аэрапорт у Жэшаве, бо гэта важны лагістычны пункт для паставак Украіне заходняга ўзбраення. Інцыдэнт з ракетай у Люблінскім ваяводстве, без сумневу, толькі прыспешыць узмацненне польскай супрацьпаветранай абароны. І магчыма, неўзабаве даведаемся пра новыя пастаўкі адмысловага ўзбраення.

Але ёсць і іншы бок таго, што адбылося. Вайна Расеі супраць Украіны ідзе амаль дзевяць месяцаў, і Еўропа пачала прывыкаць да бамбардаванняў і чарговых, на жаль, ужо руцінных, навінаў з украінскіх франтоў. Складвалася ўражанне, што вайна недзе далёка: Херсон, Запарожжа, Бахмут. Раптам еўрапейцы прыгадалі, што вайна побач, і што зусім невялічкая іскра можа выклікаць вялікі пажар, зруйнаваць жыццё не толькі палякаў, але і немцаў, французаў, брытанцаў, іспанцаў ці амерыканцаў. І адзінае, што перадухіліць гэты чорны сцэнар, – перамога ўкраінцаў. І выглядае на тое, што няшчасце, якое здарылася пад Пшэводавам, толькі павялічыць вайсковае падтрыманне для Украіны і ўзмоцніць яе супрацьпаветраную абарону.

Hавiны
Расейскі вайсковец уцёк на Захад і гатовы даць паказанні ў судзе пра зверствы ў Бучы
2022.11.18 08:34

Руслан Шошын belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў