Кабмін Украіны звольніў Ганну Маляр і яшчэ пяцярых намеснікаў міністра абароны


Кабінет міністраў Украіны 18 верасня вызваліў ад пасадаў шасцярых намеснікаў міністра абароны і дзяржаўнага сакратара міністэрства. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Кабінету міністраў у Вярхоўнай Радзе Тарас Мэльнычук.

Ганна Маляр.
Фота: Афіцыйны сайт прэзідэнта Украіны

Усяго звольнена сем чалавек, якія працавалі ў Міністэрстве абароны пры папярэднім міністры Аляксеі Рэзнікаве. Гэта Ганна Маляр, найбольш вядомая з усіх намеснікаў міністра, а таксама Віталій Дэйнэга, Уладзімір Гаўрылаў, Андрэй Шаўчэнка, Дзяніс Шарапаў і Расціслаў Замлынскі. Таксама звольнены Канстанцін Вашчанка, які займаў пасаду дзяржаўнага сакратара Мінабароны Украіны.

Паводле закону Украіны аб органах выканаўчай улады, у выпадку звальнення міністра першы намеснік міністра і намеснікі міністра вызваляюцца ад пасадаў Кабінетам міністраў. Аднак першы намеснік міністра абароны генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлюк застаўся на пасадзе.

Нагадаем: Вярхоўная Рада Украіны 5 верасня адправіла ў адстаўку міністра абароны Аляксея Рэзнікава, які займаў гэтую пасаду з 2021 года. На ягонае месца прызначылі Рустэма Умерава.

Інтэрв’ю
Украінскі міністр абароны – мусульманін? Хітры ход, каб зламаць расейскія наратывы
2023.09.05 18:40

«Українська правда» са спасылкаю на свае высокапастаўленыя крыніцы ва ўрадзе перадае, што ўсе намеснікі міністра напісалі заявы на звальненне добраахвотна пасля просьбы Рустэма Умерава і больш на гэтыя пасады не вернуцца. Цяпер працягваюцца кансультацыі адносна кандыдатаў у намеснікі міністра абароны. Таксама крыніца адзначыла, што цяпер «ідзе поўнае абнаўленне».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў