Украінскі міністр абароны – мусульманін? Хітры ход, каб зламаць расейскія наратывы


Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў учора падаў у адстаўку. На ягонае месца прэзідэнт Уладзімір Зяленскі прапанаваў крымскага татарына Рустэма Умерава. Пра гэтую змену ва ўкраінскай палітыцы «Белсат» пагутарыў з крымскататарскім палітолагам з Варшаўскага ўніверсітэту Нэдымам Усэінавым, прадстаўніком Каардынацыйнай рады Сусветнага кангрэсу крымскіх татараў у Польшчы.

Нэдым Усэінаў, фота FB

– Адкуль ва ўкраінскай палітыцы ўзяўся Рустэм Умераў?

Рустэм Умераў належыць да маладога пакалення ўкраінскіх палітыкаў, таму не мае за плячыма дыскрэдытоўнага мінулага. Ён прайшоў у парламент ад партыі «Голас», а не ад «Слугі народу». Ён ужо зарэкамендаваў сябе на важных дзяржаўных пасадах. Ён мае моцныя пазіцыі як ва ўнутранай, так і ў міжнароднай палітыцы, што павінна дазволіць яму займаць такую ключавую пасаду, як міністр абароны.

Умераў – не алігарх і не пратэжэ нейкага алігарха. Ён распачаў сваю карʼеру ў пачатку 2000-х гадоў у Крыме, стварыўшы там прыватны бізнес. Гэта была рэдкая з’ява, бо ў Крыме тады панаваў сістэмны расізм рэгіянальных расейскіх элітаў. Прарыў крымскага татарына ў Крыме на вяршыню бізнесу ў той час сведчыў пра незвычайныя здольнасці. Тым больш што ў Кіеве ў яго не было ніякіх «тылоў».

Новы міністр абароны Украіны і Крым

– Кандыдат у міністры абароны Украіны нарадзіўся не ва Украіне, а ў Самаркандзе ва Узбекістане.

– Гэта тыповы лёс кожнага крымскага татарына. Яго сям’я вярнулася ў Крым у рамках масавай рэпатрыяцыі, калі яму было некалькі гадоў, і ён вырас ужо ва Украіне.

– На вашую думку, этнічнае паходжанне новага міністра мае нейкае значэнне, акрамя сімвалічнага?

– Безумоўна, гэта мае вельмі вялікае іміджавае значэнне. Гэта пасланне расейцам і ўсяму свету, што Украіна не аддасць Крыму, што ён не будзе разменнай манетай, што яна будзе змагацца за Крым. Бо гэта важна не толькі сімвалічна. Гэта стратэгічны рэгіён, без якога немагчыма запэўніць бяспеку Украіны, як вайсковую, так і эканамічную.

rustem umerow, tatar, krym, minister, ukraina, wojna na ukrainie
Рустэм Умераў, вылучаны Уладзімірам Зяленскім на пасаду міністра абароны Украіны, крымскі татарын і дзейны кіраўнік Фонду дзяржаўнай маёмасці Украіны. Фота spfu.gov.ua

Гэта не толькі маё меркаванне, яго падзяляюць генерал Бэн Годжэс і некалькі іншых заходніх аналітыкаў з ваенным досведам. Гэта пастаянная функцыя, якую добра разумее і Уладзімір Зяленскі, які ўзмацняе гэтую карту. Нядаўнія ўкраінскія напады на Крым паказваюць рашучасць Кіева. Яны таксама заглушаюць прарасейскія галасы, якія ўзнікаюць у заходняй грамадскай думкі, што Крым і Данбас трэба аддаць. Падобныя заявы некаторых аўтсайдараў заходняй палітыкі, такіх, як Віктар Орбан і Нікаля Сарказі, гучаць усё больш дзіўна.

Кіеў такім чынам паказвае: кажыце, што хочаце, але мы будзем рабіць сваю справу, пакуль не вернем кантроль над акупаванымі тэрыторыямі.

– А ці паўплывае прызнанне новага міністра на адносіны Украіны з блізкаўсходнімі партнёрамі – арабскімі дзяржавамі і Турцыяй? Бо Рустэм Умераў – мусульманін-суніт.

– Я думаю, што гэта магла быць адна з ідэй Зяленскага адносна блізкаўсходняй палітыкі. Гэта таксама хітры ход, каб зламаць расейскія наратывы. Масква заяўляе, што ўладу ў Кіеве трымаюць нацысты, а тут, калі ласка, кіраўнік аднаго з найважнейшых міністэрстваў – мусульманін. Да таго ж, ён прайшоў у парламент не ад прэзідэнцкай партыі. У Расеі гэта нешта незразумелае, цяжка вытлумачальнае, што падрывае асновы іх прапаганды.

Вядома, важна, ці ўдасца Умераву атрымаць пастаўкі зброі з арабскіх дзяржаваў. Бо Захад падтрымоўвае Украіну і зацікаўлены ў яе перамозе, але праблема ў т. зв глабальным поўдні, краінах арабска-мусульманскага свету, з якімі трэба працаваць.

І для іх нехта такі, як Рустэм Умераў, будзе больш пераканаўчым. Не толькі таму, што ён мусульманін, але і таму, што ён прадстаўнік маленькага народу, які перажыў расейскі імперыялізм, расейскую каланізацыю Крыму. Хто зможа зразумелай у посткаланіяльных краінах мовай патлумачыць, што адчуваюць крымскія татары, чаму яны сёння з Украінай і чаму просяць пастаўкі зброі ва Украіну.

Мабілізацыя ў Расеі

– Ці можа быць гэтае вылучэнне таксама сігналам для постсавецкіх краінаў Сярэдняй Азіі і мусульманскіх меншасцяў у Расеі? Такая мэта таксама была?

– Гэта можа быць дадатковы фактар, але, вядома, не галоўны. Рустэм Умераў заўсёды можа звярнуцца да мусульманскай меншасці Расеі з просьбай аб салідарнасці з татарамі, але я не думаю, што Кіеў на гэта разлічвае.

Мая вера ў здольнасць нацыянальных меншасцяў Расеі падняць галаву і натхніцца барацьбой іншых народаў за незалежнасць мізэрная. Гэта настолькі пацыфікаваныя расейскай прапагандай і рэпрэсіўнай машынай супольнасці, што я не бачу аніякай суб’ектнай ролі, якую яны маглі б адыграць у гэтым канфлікце.

Адзіны стымул, які мог бы падштурхнуць гэтае грамадства да пратэсту супраць Крамля, – усеагульная мабілізацыя. Гэта можа выклікаць чарговыя масавыя ўцёкі з Расеі і незадаволенасць, якая выявіцца падчас выбараў. І ўсё. У расейскіх меншасцяў няма лідараў, няма патэнцыялу для барацьбы за незалежнасць. Гэтыя этнічныя групы цяпер занадта разрозненыя і запалоханыя.

Карупцыя ва ўкраінскім войску і іншыя памылкі Рэзнікава

– Чым кандыдат на пасаду новага міністра абароны адрозніваецца ад свайго папярэдніка?

– Фігура Рустэма Умерава тут сімвалічная. Ён перш за ўсё чалавек, які ўзважвае свае словы, а не кідае іх на вецер. Ён не дае справакаваць сябе СМІ ў публічнай дыскусіі, як Аляксей Рэзнікаў, які нядаўна прапанаваў журналістам заклад: калі тое, што пра яго пішуць, не адпавядае рэчаіснасці, яны звольняцца з рэдакцыі, а калі гэта акажацца праўдай, ён сам падае ў адстаўку. Гэта не чыстая гульня. Дасведчаны палітык такога сабе не дазваляе.

– У Рэзнікава сапраўды была схільнасць рабіць з сябе шоўмена.

– Ён не павінен быў гэтага рабіць, таму што яго задача была забяспечыць пастаўкі зброі ва Украіну, будучы ў добрых адносінах з заходнімі саюзнікамі, і ўсё. Многімі з гэтых справаў Рэзнікаў грэбаваў, з-за чаго ў войску наракалі на шматлікія праблемы. Журналісты пастаянна ўздымалі тэму карупцыі ў яго ведамстве, якую ён не мог кантраляваць, нават калі сам да яе не датычны.

Міністр – гэта цяпер не толькі добры кіраўнік, але і спецыяліст па камунікацыі і іміджы. Магчыма, у Рэзнікава былі добрыя сувязі, яго паважалі на Захадзе, але ў наш час трэба быць комплексным начальнікам, тым больш у такім значным міністэрстве. Бо інакш дні такога чыноўніка ў дэмакратычнай дзяржаве злічаныя.

– Што магло паўплываць на рашэнне Зяленскага звольніць Рэзнікава?

– Безумоўна, паўплывалі ранейшыя заявы Рэзнікава, яго паводзіны, калі СМІ пісалі пра скандалы ў міністэрстве. Ён павінен быў сказаць, што будзе расследаваць справы і пакарае вінаватых, а калі такое паўторыцца, то падасць у адстаўку. І вось гэта нарэшце здарылася. Я думаю, што гэта таксама было ўзгоднена з прэзідэнтам.

– Які менавіта ўплыў міністр абароны мае на ўкраінскае войска падчас вайны?

– Кіраўнік міністэрства выконвае адміністрацыйна-палітычныя функцыі, ён не галоўнакамандуючы войска, ён не павінен умешвацца ў камандаванне. Міністр павінен забяспечваць функцыянаванне арміі. Прасцей кажучы, ён павінен рабіць так, каб генералы былі задаволеныя, а яны задаволеныя, калі ў іх шмат зброі, боепрыпасаў і жаўнераў.

Для гэтага міністр ініцыюе стварэнне адпаведнай нарматыўна-прававой базы, вядзе перамовы з замежнымі партнёрамі аб пастаўках абсталявання, якое генералы палічаць неабходным. Пры гэтым ён нясе персанальную адказнасць за ўсю сваю каманду, пачынаючы ад намесніка міністра і заканчваючы аўтарам паведамленняў у «Фэйсбуку», бо ад гэтага залежыць імідж міністэрства.

Барацьба Зяленскага з карупцыяй ва Украіне

– Нядаўна Зяленскі згадаў будучыя прэзідэнцкія выбары. Адначасова ён пашырыў барацьбу з унутранай карупцыяй, што можа быць уступам да выбарчай кампаніі. Ці не дэстабілізуе сітуацыю ў ваенны час зняцце з пасадаў чыноўнікаў, заангажаваных у карупцыю?

– Калі вайна з карупцыяй шчырая і эфектыўная, яна заўсёды будзе мець станоўчы ўплыў на краіну. Таму што карупцыя аслабляе дзяржаву: яе структуры, інстытуты, абароназдольнасць. Гэта аслабляе дэмакратыю. Чым хутчэй з гэтым пачнуць змагацца, тым лепш для Украіны.

Акрамя падрыхтоўкі глебы для выбараў і нейтралізацыі палітычных апанентаў, я б у першую чаргу разглядаў працэс уступлення ў Еўразвяз і іншыя заходнія структуры. Барацьба з карупцыяй была вельмі выразна пастаўленай умовай Захаду.

Пазіцыя Зяленскага цяпер вельмі моцная. Гэта не той час, калі яе можа пахіснуць адзін алігарх кшталту Ігара Каламойскага. Украінскае грамадства вельмі гучна заявіла: «Мы хочам у Еўразвяз». І палітыкаў, якія няздольныя гэта выканаць, украінскае грамадства вельмі хутка звальняе і змагаецца з імі. Зяленскі добра разумее, што грамадства патрабуе канкрэтнага выніку. Наступны крок — вызначэнне даты ўступлення Украіны ў Еўразвяз. Гэта адзіны фактар, які можа негатыўна паўплываць на падтрымку, якую ён мае з боку ўкраінцаў. Таму ён будзе сачыць за выкананнем найважнейшых патрабаванняў замежных партнёраў. Віктар Януковіч недаацаніў сілу волі грамадзянскай супольнасці. І знік. Я не думаю, што Зяленскі зробіць такую ​​памылку.

З Нэдымам Усэінавым гутарыў Пётр Яворскі belsat.eu

Стужка навінаў