Зварот у міжнародныя суды ад нашага імя. Што дае чарговая справаздача ААН пра рэпрэсіі ў Беларусі?


Управа вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека апублікавала ўжо трэці даклад аб жудаснай сітуацыі ў Беларусі, заявіўшы пра прыкметы злачынстваў супраць чалавецтва. Уладам дадзеныя рэкамендацыі, на якія ў Менску пляваць хацелі. Плануецца, што дакумент будзе абмяркоўвацца 19 сакавіка на 55-й сесіі Рады ААН у правах чалавека.  «Белсат» спытаў экспертаў, у чым сэнс такіх дакладаў ды рэзалюцыяў і што трэба, каб пасля фіксацыі злачынстваў пачаўся наступны этап – прыцягванне вінаватых да адказнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дэманстрацыя з нагоды прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў Берліне, Нямеччына. 15 жніўня 2020 года.
Фота: John Macdougall / AFP / East News

У дакладзе Управа вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека занатаваныя факты рэпрэсіяў з 2020 года. У дакуменце згадваюцца:

  • затрыманне дзясяткаў тысяч беларусаў з палітычных матываў;
  • збіццё людзей, якія падчас арышту не супраціўляліся;
  • незаконныя вобшукі;
  • знішчэнне палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў;
  • пераслед праваабаронцаў, журналістаў, прафсаюзных актывістаў, адвакатаў;
  • несправядлівыя і палітычна матываваныя прысуды;
  • жорсткія, бесчалавечныя ўмовы за кратамі, катаванні, гвалт, у тым ліку сексуалізаваны і ў тым ліку ў дачыненні ЛГБТК-асобаў, выпадкі смерці ў зняволенні, што не былі належным чынам расследаваныя;
  • эміграцыя 300 тысячаў беларусаў з 2020 года, якія ўцякалі ад «скаардынаванай кампаніі гвалту і рэпрэсіяў»;
  • планы пазбаўляць беларускага грамадзянства за «экстрэмізм».

Управа ААН у правах чалавека адзначае, што беларускія сілавікі дзеяць «беспакарана, з адабрэння і пры падтрыманні вышэйшага кіраўніцтва».

Аналітыка
«Выказванне заклапочанасці не такое бессэнсоўнае, як можа здавацца». Ці трэба рэфармаваць ААН?
2023.11.27 07:01

Аўтары даклада прыйшлі да высновы: усё, што адбываецца ў Беларусі, – «арганізаваная, безупынная і сістэматычная кампанія гвалту, рэпрэсіяў і пакаранняў» з боку ўладаў:

«З увагі на спектр парушэнняў правоў чалавека, учыненых супраць рэальных або імаверных палітычных апанентаў, іх характар і цяжар у Управы вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ёсць разумныя падставы меркаваць, што было здзейсненае злачынства супраць чалавецтва ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі».

ААН паўтарыла свае ранейшыя рэкамендацыі ўраду Беларусі (напрыклад, неадкладна спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і пачаць расследаванне парушэнняў правоў чалавека), а таксама выпісала новыя:

  • дазволіць зняволеным сувязь з вонкавым светам;
  • неадкладна вызваліць усіх дзяцей, затрыманых з палітычных матываў;
  • перастаць лічыць іншадумства экстрэмізмам і тэрарызмам;
  • гарантаваць права на грамадзянства без дыскрымінацыі.

Дзяржавам-чальцам ААН рэкамендавана:

  • намагацца прыцягнуць вінаватых у рэпрэсіях у Беларусі да адказнасці ў нацыянальных судах праз прынцыпы ўніверсальнай і экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі;
  • дапамагаць уцекачам з Беларусі, абараняць ахвяраў і сведак рэпрэсіяў, садзейнічаць выдачы і прызнанню праязных дакументаў і дакументаў, што сведчаць асобу.

«Падобныя даклады фіксуюць на міжнародным узроўні парушэнні правоў чалавека і маюць вялікае значэнне, але, з большага, у замежных краінах. Напрыклад, пры разглядзе справаў аб наданні статусу бежанца асобам, якія з’ехалі з Беларусі», – патлумачыў «Белсату» значэнне дакумента адвакат Алесь Міхалевіч.

Ён адзначыў, што ў тэорыі краіна, якой ААН паказвае на парушэнні, мусіць выпраўляць сітуацыю, аднак у нашым выпадку гэта не працуе. Абавязковымі для выканання сталіся б рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, аднак спадзявацца на гэтую структуру не выпадае:

«Міжнародная супольнасць мае вельмі мала магчымасцяў наўпроставага ўмяшання ў справы краіны, бо сталымі чальцамі Рады Бяспекі ААН зʼяўляюцца Расея і Кітай, што кіруюцца дыктатарамі, якія амаль заўсёды блакуюць магчымасць міжнароднага ўмяшання».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праваахоўнікі затрымаюць мужчыну падчас мітынгу супраць таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў Менску, Беларусь. 23 верасня 2020 года.
Фота: TUT.BY / AFP / East News

Міхалевіч мяркуе, што за парушэнні, зафіксаваныя ў цяперашнім дакладзе, Аляксандру Лукашэнку Гаага не пагражае:

«Для таго, каб Міжнародны крымінальны суд заняўся гэтай справаю, імавернае злачынства павінна быць здзейснена грамадзянінам краіны-падпісанта Рымскага статута, або на тэрыторыі краіны, якая падпісала Рымскі статут ці прызнае юрысдыкцыю суда. Нічога гэтага ў нашым выпадку няма».

Затое правадыр і ягоныя памагатыя могуць трапіць пад трыбунал за іншае – за датычнасць да дэпартацыі дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў, бо Кіеў з 2015 года прызнае юрысдыкцыю суда, хаця і не ратыфікаваў Рымскі статут. За ордар для Лукашэнкі апошнім часам змагаецца кіраўнік НАУ Павел Латушка.

У астатнім жа застаецца спадзявацца на ўніверсальную юрысдыкцыю – судовыя разборы ў розных краінах, канстатуе праўнік.

Каментар
«Злачынцы рэжыму панясуць адказнасць. Гэта пытанне часу». Юрысты збіраюць доказы
2023.08.08 08:00

«Гэта магчыма, аднак вельмі малая практыка ў падобных пытаннях, за выключэннем Іспаніі. І беларусам даводзіцца ствараць практыку ў іншых краінах, што вельмі складана. Але гэты даклад ААН можа істотна дапамагчы ў падобных кейсах», – падсумаваў Алесь Міхалевіч.

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі ў размове з «Белсатам» назваў вельмі важным даклад ААН. Гэтай справаздачай можна ўзброіцца, каб звяртацца ў суды:

«Злачынства супраць чалавецтва – кампетэнцыя Міжнароднага крымінальнага суда, гэта азначае, што дзяржавы могуць звяртацца туды з патрабаваннем адкрыць крымінальную справу, нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута. Тут маецца прававая перспектыва, і дзяржавы могуць звяртацца фактычна ад імя беларусаў».

Акрамя таго, паводле Кавалеўскага, перспектыўным выглядае разгляд беларускай справы ў Міжнародным судзе ААН, які яшчэ называюць Міжнародным судом справядлівасці. Праблема ў тым, каб знайсці краіны, якія б сталі нашым адвакатам:

«З гэтай справаздачай мы сапраўды можам ісці далей, звяртацца да нашых партнёраў. Насамрэч былі магчымасці для такіх дзеянняў і раней, але тое, чаго нам крытычна не хапае, – палітычнай волі дзяржаваў, якія могуць ініцыяваць такія звароты. Наша задача цяпер – дамагацца таго, каб яны праявілі гэтую палітычную волю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, Нідэрланды. 7 сакавіка 2022 года.
Фота: Phil Nijhuis / AP Photo / East News

Такія судовыя разборы – справа павольная і дарагая, не кожная дзяржава можа знайсці на гэта грошы і праўнікаў, якія спецыялізуюцца на такіх гісторыях.

«Трэба таксама разумець, што гэта дарагая працэдура, яна вымагае дзейнасці адвакацкіх групаў, якія могуць працаваць цягам не аднаго і не двух гадоў, а больш. Таму краіны насцярожана ставяцца да такіх задач, бо гэта патрабуе вельмі шмат рэсурсаў на працягу доўгага часу», – тлумачыць суразмоўца «Белсату».

Якія краіны маглі б узяць на сябе гэтую ношу, Кавалеўскі не сказаў: «Да моманту афіцыйнага звароту такая праца вядзецца ў закрытым рэжыме».

Дыпламат упэўнены, што рана ці позна вінаватыя ў маштабных рэпрэсіях у Беларусі панясуць адказнасць:

«Мы будзем павінныя аднавіць у правах тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, аднавіць іх маёмасныя, грамадзянскія, палітычныя правы, рэабілітаваць. Упэўнены, што адказнасць надыдзе – ці міжнародная, ці нацыянальная, калі будзе адноўленая дэмакратыя ў Беларусі. За падобныя злачынствы супраць чалавецтва адказнасць мусіць наступіць».

Агляд
Самыя чалавечныя і найбольш жорсткія турмы свету: як на іх тле выглядае Беларусь?
2024.02.16 07:07

Старшыня НАУ Павел Латушка ў каментары «Белсату» назваў вельмі важнай фіксацыю злачынстваў, якія ўчыняюцца ў нашай краіне, аднак абурыўся, што ў справаздачы ААН нічога няма пра дэпартацыю беларусаў. У дакуменце маецца пункт «Выгнанне», дзе пазначана, што з 2020 года праз пагрозу пераследу Беларусь пакінулі да 300 тысячаў асобаў. Латушка ўпэўнены, што гэта і ёсць дэпартацыя:

«З пункту гледжання прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва гэта ключавы момант. Дэпартацыя дае юрыдычныя падставы ставіць пытанне аб адказнасці Лукашэнкі і ягоных памагатых у межах Міжнароднага крымінальнага суда. Тое, што выкасоўваецца менавіта гэты важны момант, выклікае нашую занепакоенасць».

Прэтэнзіі палітыка выклікалі менавіта фармулёўкі ў дакладзе, на падставе якіх можна судзіцца.

«Вельмі важна, што падкрэсліваецца маштаб і сістэмны характар гэтых злачынстваў. Але сам факт фіксацыі на працягу чатырох гадоў нас не задавальняе. Можна фіксаваць да апошняга дня жыцця Лукашэнкі і не прыцягнуць яго да адказнасці», – падкрэсліў спадар Павел.

Гэтая справаздача будзе абмяркоўвацца 19 сакавіка на 55-й сесіі Рады ААН у правах чалавека. Таксама будзе прынятая пастанова, ці працягваць місію экспертаў, якія сочаць за сітуацыяй у нашай краіне.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка у размове з «Белсатам» выказаў надзею, што гэтую працу не толькі не скончаць, але і дадуць місіі больш магчымасцяў для расследавання сітуацыі ў нашай краіне. Ён таксама заклікаў беларусаў і беларусак, якія зазналі палітычны пераслед на радзіме, звязвацца з праваабаронцамі і распавядаць свае гісторыі:

«Тая праца, якая можа быць праведзеная цяпер, у адсутнасць нейкіх судовых варыянтаў, – гэта неблагі шлях. Мы спадзяемся, што мандат будзе працягнуты яшчэ мінімальна на год, і звяртаемся з просьбай паведамляць праваабаронцам пра ўсе выпадкі катаванняў, бесчалавечнага абыходжання, адвольнага прыцягнення да крымінальнай і іншай адказнасці, пра ўсе парушэнні правоў чалавека ў Беларусі».

Інтэрв’ю
«Не трэба ізаляваць сябе». Псіхолаг пра тое, як зберагчы свядомасць ва ўмовах рэпрэсіяў
2024.02.28 07:33

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў