Пуцін сказаў, што хацеў абмяняць Навальнага, і назваў ягоную смерць «сумнаю падзеяй»


Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў пракаментаваў смерць расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Ён сказаў, што нібыта быў згодны абмяняць Навальнага на «некаторых людзей» у заходніх турмах.

Удзельнікі акцыі памяці аб Аляксею Навальным трымаюць ягоны партрэт насупраць будынку пасольства Расейскай Федэрацыі ў Варшаве пасля навінаў пра смерць Аляксея Навальнага. Варшава, Польшча. 16 лютага 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Што датычыць спадара Навальнага. Так, ён пайшоў з жыцця. Гэта заўсёды сумная падзея, – сказаў Пуцін. – На жаль, здарылася тое, што здарылася. Але гэта здараецца. Нічога з гэтым не зробіш. Такое жыццё».

Пуцін адзначыў, што людзі ў месцах пазбаўлення волі ў Расеі ўжо паміралі, гэтак жа, як і ў ЗША.

«Хіба ў Злучаных Штатах такога не бывала? Бывала, і неаднаразова», – заявіў ён амерыканскаму журналісту, які пытаўся пра Навальнага.

Паводле Пуціна, за некалькі дзён да смерці Аляксея Навальнага ён атрымаў прапанову абмяняць апазіцыянера:

«За некалькі дзён да сыходу спадара Навальнага з жыцця мне некаторыя калегі – не супрацоўнікі адміністрацыі, а некаторыя людзі – сказалі, што ёсць ідэя абмяняць спадара Навальнага на некаторых людзей, якія застаюцца ў месцах пазбаўлення волі ў заходніх краінах. Вы можаце мне паверыць, можаце не: чалавек, які са мною размаўляў, яшчэ фразу не скончыў, а я сказаў: “Я згодны”».

Згоду нібыта даў пры ўмове, што Навальны з’едзе з Расеі:

«Мы яго памяняем, каб ён не вяртаўся. Няхай там сядзіць».

Прыхільнікі Аляксея Навальнага сцвярджаюць, што Пуцін забіў свайго апанента.

«Пацвердзіў абмен і тут жа загадаў забіць», – пракаментаваў заяву Пуціна дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй Іван Жданаў.

Аляксей Навальны загінуў 16 лютага ў расейскай калоніі ў Харпе. Цела палітыка паўтара тыдня не аддавалі маці Людміле Навальнай. Яна таксама паведаміла, што ўлады ціснулі на яе, пагражаючы, што зусім не дадуць пахаваць сына, калі пахаванне не пройдзе таемна. 1 сакавіка Навальнага пахавалі ў Маскве. На развітальную цырымонію прыйшлі тысячы чалавек.

Hавiны
Gulagu.net паведамляе, што Навальнага, магчыма, катавалі перад смерцю
2024.02.25 16:47

Першымі пра планаваны абмен пасля смерці Навальнага таксама апавялі ягоныя прыхільнікі. Кіраўніца ФБК Марыя Пеўчых і журналіст-расследвальнік Хрыста Грозэў казалі, што абмен мог быць у тым ліку на афіцэра ФСБ Вадзіма Красікава, які атрымаў пажыццёвы тэрмін у Нямеччыне за забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі.

Навальнага прызналі палітычным вязнем у Расеі. У паведамленнях з турмы ён рэгулярна перадаваў, што яго трымаюць у жудасных умовах. Сярод іншага, караюць ШІЗА, а таксама спецыяльна трымаюць недалёка ад чалавека з псіхічнымі хваробамі.

Hавiны
Вынікі афіцыйнага экзітпола ў Расеі: Пуцін набірае 87%
2024.03.17 21:26

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў