Ціханоўская назвала марадзёрствам продаж на аўкцыёне менскай кватэры ейнай сям’і


Святлана Ціханоўская назвала марадзёрствам і бандытызмам продаж на аўкцыёне кватэры ейнай сям’і. «Калі гэтая кватэра дастанецца камусьці з рэжыму, уяўляю, як ім будзе жыць у гасцях у Сяргея Ціханоўскага», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Кватэра Сяргея Ціханоўскага, якую выставілі на аўкцыён.
Фота: e-auction.by

Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская пракаментавала паведамленне пра тое, што на аўкцыён выстаўленая кватэра, дзе ейная сям’я жыла да 2020 года.

«У гэтай кватэры мы з Сяргеем і нашымі дзецьмі правялі шмат добрых і радасных дзён. Як бы гэтыя людзі ні намагаліся пазбавіць нас сям’і, любові і памяці, у іх не атрымаецца – кожны момант шчасця застаецца з намі», – адзначыла Ціханоўская.

Абраная прэзідэнтка заўважыла, што суседзі ведаюць, чыя гэта кватэра, і калі яна «дастанецца камусьці з рэжыму, уяўляю, як ім будзе жыць у гасцях у Сяргея Ціханоўскага».

Дзеянні цяперашніх уладаў Беларусі яна назвала марадзёрствам і бандытызмам.

«Вось у што ператвараюцца палітыкі, якія страцілі легітымнасць: дзеля выжывання яны ідуць на ваенныя злачынствы, хаваюць нявінных людзей у турмы, адпраўляюць іхных дзяцей у дзіцячыя дамы, крадуць маёмасць, грамяць дамы. Гэта не мае нічога агульнага з тым, якога жыцця заслугоўваюць беларусы і якой стане будучыня нашага народу: мірнай, бяспечнай і абароненай сапраўдным законам», – падкрэсліла Ціханоўская.

Кватэру Ціханоўскіх у доме на праспекце Незалежнасці ў Менску выставілі на аўкцыён «БелЮрЗабеспячэння». Пачатковы кошт трохпакаёўкі – 214 860 рублёў (амаль 77 тысяч долараў).

Hавiны
Кватэру Ціханоўскага ў Менску выставілі на аўкцыён
2023.02.18 09:55

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў