Эстонія палічыла мітрапаліта РПЦ пагрозай нацыянальнай бяспецы


Мітрапаліту Яўгенію, кіраўніку Эстонскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, пастанавілі не працягваць від на жыхарства праз апраўданне расейскага нападу на Украіну, расказвае «Postimees».

Мітрапаліт Яўгеній
Мітрапаліт Яўгеній (Валерый Рашэтнікаў) на службе на Раство. Таллін, Эстонія. 7 студзеня 2024 года.
Фота: orthodox.ee

Дэпартамент паліцыі і памежнай аховы Эстоніі паведаміў 18 студзеня пра пастанову не працягваць віду на жыхарства мітрапаліту Яўгенію (Валерыю Рашэтнікаву), бо ён стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы. Тэрмін ягонага дзейнага віду на жыхарства скончыцца 6 лютага.

Кіраўнік бюро памежнай аховы Пых’яскай прэфектуры Індрэк Ару растлумачыў, што Рашэтнікаў «у сваёй публічнай дзейнасці, у тым ліку ў публічных выступах, падтрымлівае дзеянні агрэсара і не змяніў сваёй лініі паводзінаў, нягледзячы на ​​ранейшыя папярэджанні». Ён падкрэсліў, што пастанова датычыць дзеянняў канкрэтнага чалавека, але не закранае самой царквы Маскоўскага патрыярхату і яе вернікаў.

Гэтак жа дзейнасць мітрапаліта ацаніла і Паліцыя бяспекі Эстоніі. Сцвярджаецца, што са святаром неаднаразова праводзілі размовы і прасілі спыніць апраўданне расейскай агрэсіі.

Справу пракаментаваў і міністр унутраных справаў Эстоніі Лаўры Ляанэмэтс. Ён адзначыў, што Рашэтнікаў падпарадкоўваецца непасрэдна маскоўскаму патрыярху, які «ёсць сваім чалавекам Крамля, які ўзмацняе пасланні пуцінскага рэжыму і апраўдвае крывавую агрэсію, вайну супраць Украіны і дае ёй сваё так званае святое бласлаўленне як рэлігійны лідар».

У Эстоніі дзейнічаюць дзве праваслаўныя царквы: буйнейшая – Маскоўскага патрыярхату, меншая – Эстонская апостальская праваслаўная царква, якая трапляе пад юрысдыкцыю Канстанцінопальскага патрыярхату.

Паводле звестак на канец 2021 года, хрысціянамі сябе лічаць 26,8 % жыхароў Эстоніі, у тым ліку 16,3 % лічаць сябе праваслаўнымі (з іх 74 % – этнічныя расейцы). Прыхільнікаў астатніх рэлігіяў разам – 2,1 %. Атэістамі сябе лічаць 58,4 % жыхароў Эстоніі, яшчэ 12,7 % не далі адказу пра рэлігію.

Hавiны
Кіраўніка РПЦ Кірыла абвясцілі ў вышук ва Украіне
2023.12.15 21:49

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў