«Сядзіць у адзіночцы, вучыць нямецкую і арабскую, ёсць праблемы са здароўем». Што вядома пра Мікалая Дзядка


Палітвязень, актывіст анархісцкага руху, блогер Мікалай Дзядок за кратамі працягвае самаадукацыю, вывучае замежныя мовы, з кніг замаўляе слоўнікі, даведнікі, падручнікі. Навіны ад Мікалая «Радыё Свабода» перадала дасведчаная ў справах зняволенага крыніца.

Мікалай Дзядок.
Фота: Новы Час

«Сядзіць у адзіночнай камеры. На прагулкі выводзяць рэгулярна, на гэта не скардзіцца. Са здароўем ёсць праблемы – страўнік, галаўныя болі. Але спрабуе з імі разабрацца. Чарговую медычную бандэроль для яго пранялі без праблем. На харчаванне таксама не наракае», – распавяла пра стан палітвязня крыніца.

Мікалай Дзядок мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі, ведае ангельскую мову, на якой вучыўся ва ўніверсітэце ў Коўне. Паводле крыніцы, палітвязень на гэтым вырашыў не спыняцца і ўвесь вольны час прысвячае самаадукацыі.

«Цяпер ён самастойна вучыць нямецкую і арабскую мовы, не забывае і пра ангельскую. Сярод кніг, якія яму ўдаецца замаўляць, у асноўным слоўнікі, даведнікі, падручнікі. Арабская мова для яго не проста хобі, але і прафесійны занятак, бо ягоная дыпломная праца ў ЕГУ прысвячалася паліталагічным праблемам на арабскім Блізкім Усходзе. Калі Мікалай бываў у Ізраілі і Іярданіі, дык кантактаваў з арабамі на іх роднай мове. Цяпер, пэўна, ягоныя веды арабскай сталі яшчэ большымі», – мяркуе крыніца.

Артыкулы
Як здзекуюцца з палітвязня Міколы Дзядка: чатыры ШІЗА за месяц, ізаляцыя ад людзей, лістоў і перадачаў
2022.03.11 17:28

Паводле суразмоўцы, Мікалай Дзядок мае магчымасць тэлефанаваць сваякам, ад яго даходзяць лісты, хаця і не так часта, як раней з калоніі. Таксама Дзядка наведвае адвакат.

Мікалай Дзядок быў затрыманы 11 лістапада 2020 года і асуджаны да 5 гадоў зняволення па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь: 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), 361 («Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»), 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»).

Артыкулы
Палітвязня Мікалая Дзядка паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да суіцыду»
2021.12.30 11:29

Палітвязень адбывае пакаранне ў гарадзенскай турме №1, куды яго перавялі з калоніі №9 у Горках.

За час зняволення ў следчым ізалятары калоніі № 9 і потым у гарадзенскай турме № 1 актывіста шмат разоў каралі карцарам, ПКТ і ШІЗА.

Па стане на 17 лістапада 2023 года ў Беларусі 1449 палітвязняў, паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў