Прысуды журналісту Мажэйку і адвакатцы Юргілевіч пакінулі без зменаў: 6 гадоў калоніі кожнаму


Вярхоўны Суд 17 кастрычніка не задаволіў апеляцыйных скаргаў палітвязняў Паўла Мажэйкі і Юліі Юргілевіч, піша канал «Право имеют». Прысуды застаюцца ранейшыя: 6 гадоў калоніі кожнаму за «экстрэмісцкую» журналісцкую працу.

Журналіст Павел Мажэйка і адвакатка Юлія Юргілевіч на абвяшчэнні прысуду ў гарадзенскім судзе. Горадня, Беларусь. 26 ліпеня 2023 года.
Фота: БелТА

Журналіста Паўла Мажэйку і адвакатку Юлію Юргілевіч затрымалі 30 жніўня 2022 года. Паводле матэрыялаў справы, Мажэйка нібыта «дзеяў у групе асобаў пры папярэдняй змове з Юргілевіч і з лютага да сакавіка 2022 года перадаў нявызначаным асобам для размяшчэння на інтэрнэт-парталах арганізацыі «Белсат» атрыманую ад Юргілевіч інфармацыю наконт пазбаўлення яе ліцэнзіі адваката і выключэння з Гарадзенскай абласной калегіі адвакатаў і наконт разгляду Менскім гарадскім судом крымінальнай справы ў дачыненні Алеся Пушкіна і прызначэння яму пакарання».

Суддзя Максім Філатаў пастанавіў пакараць Мажэйку 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Юргілевіч – 6 гадамі калоніі агульнага рэжыму за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці». Праваабаронцы назвалі пераслед палітычна матываваным, а Мажэйку і Юргілевіч – палітвязнямі.

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», апеляцыйныя скаргі ў Вярхоўным Судзе разглядалі ў закрытым рэжыме, судовую калегію ўзначальваў суддзя Павел Каршуновіч. Палітвязняў неўзабаве маюць перавесці ў калоніі, але куды менавіта, не вядома.

Напісаць абодвум палітвязням можна пакуль на стары адрас: Турма № 1, 230023, Горадня, Кірава, 1.

Hавiны
Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка: Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця
2023.10.04 18:37

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў