«Яны проста назіралі, як чалавек памірае». Вольга Швед узгадвае, якім быў Алесь Пушкін


У вёсцы Бобр Крупскага раёну 13 ліпеня адбылося пахаванне беларускага мастака Алеся Пушкіна, які памёр у рэанімацыі 11 ліпеня праз нясвоечасовае аказанне медычнай дапамогі. Яму было 57 гадоў, з якіх два апошнія знаходзіўся за кратамі. У студыі «Белсату» разам з журналісткай Вольгай Швед, якая асабіста ведала Алеся, узгадваем пра жыццё памерлага палітзняволенага.

Мастак Алесь Пушкін на акцыі пратэсту. Лета 2020 года.
Фота: асабісты архіў Алеся Пушкіна

Вольга Швед адзначае, што для кожнага, хто хоць раз у жыцці сустракаўся з Алесем Пушкіным, ён застанецца ў памяці. «Ён заўжды быў чалавекам яскравым, з яго біла жыццё і ён гэтае жыццё глынаў. Алесь быў чалавекам-з’явай, вельмі адданы беларускасці і гэтай справе, якую ён называў крыжам. І гэты крыж ён да канца і данёс», – кажа яна.

«Ягоная творчасць застанецца назаўжды, ён велізарная фігура для ўсяго беларускага народу і беларускай культуры. І тое, што ён увесь час мусіў змагацца, каб рабіць сваю справу», – распавядае Вольга.

Алесь Пушкін быў не толькі мастаком, але таксама займаўся рэстаўрацыямі цэркваў і касцёлаў. Ён лічыў гэта сваёй асноўнай працай, але з гэтым таксама былі бясконцыя праблемы. Напрыклад фрэскі, якія яму даводзілася замалёўваць, таму што яны не пасавалі па ідэалагічным прычынам. І ўсё ягонае жыццё было такім змаганнем.

Таксама Вольга ўзгадвае, што Алесь кожны год 25 сакавіка выносіў вялікае палатно і маляваў яго цягам больш за 20 гадоў: раз на год вывозіў і пісаў. «Гэтае палатно засталося і ўсё гэта павінна будзе знайсціся ў Нацыянальным музеі мастацтва Беларусі, бо гэта сапраўды неардынарная, незвычайная асоба ў нашай культуры», – дадае журналістка.

«Акупацыйная ўлада Беларусі робіць усё, каб знішчыць беларускую культуру. І гэта робіцца на ўсіх узроўнях. Алесь, апроч сваёй мастацкай творчасці, змагаўся за беларускую культуру нават на ўзроўні таго, каб ягоны дзеці маглі вучыцца па-беларуску ў школе», – кажа Вольга.

Па ейных словах, ёсць сведчанні таго, што ў палітвязняў, якія размаўляюць на беларускай мове, ёсць дадатковыя санкцыі і праблемы ў турме. Алесь усё свае жыццё размаўляў па-беларуску, для яго гэта была прынцыповая пазіцыя і ў турме ён працягваў гэта рабіць. За гэта ён трапляў у карцар і атрымліваў пакаранні.

Вольга дадае, што адміністрацыя калоніі, ведаючы, што ў Алеся Пушкіна язва, працягвала трымаць яго на звычайным харчаванні, а не дыетычным.

«Па-першае, трэба падкрэсліваць і казаць пра гэта гучна, што яго забілі мэтанакіравана і свядома. Людзі ў калоніях з язвай атрымліваюць адпаведную дыету на такія захворванні, ёсць абавязак гэтых людзей карміць інакш. Алесь такой дыеты не атрымліваў і яшчэ знаходзіўся ў карцары. Таксама ён тры дні знаходзіўся без аніякай медычнай дапамогі ў вялізных пакутах – яны проста назіралі, як чалавек памірае, гэта проста свядомае забойства. Чалавек не памер у турме – яго забілі, закатавалі», – кажа Вольга Швед.

Hавiны
У вёсцы Бобр на Меншчыне развітваюцца з Алесем Пушкіным
2023.07.13 12:24

Палітвязень і мастак Алесь Пушкін памёр у рэанімацыі больніцы хуткай дапамогі ў Горадні ўначы 11 ліпеня. Пазней высветлілася, што яго даставілі ў больніцу без прытомнасці на машыне хуткай медычнай дапамогі 10 ліпеня. Алесю спрабавалі рабіць аперацыю, падчас якой сэрца мастака спынілася. У апошніх лістах з вязніцы Пушкін паведамляў, што страціў 20 кг вагі, моцна схуднеў, скардзіўся на болі ў нырках і прасіў перадаць лекавы пояс.

Пазней з’явілася інфармацыя пра тое, што ў Пушкіна здарылася прабадная язва.

belsat.eu

Стужка навінаў