З Расеі ў Беларусь прыбудуць сотні баявых машын і каля 9 тысячаў вайскоўцаў


Расея прывязе ў Беларусь каля 170 танкаў, каля 200 баявых машын, а таксама да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм, паведаміў начальнік Дэпартаменту міжнароднай ваеннай супрацы Мінабароны РБ Валерый Равенка.

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі.
Фота: modmilby / Telegram

Начальнік Дэпартаменту міжнароднай ваеннай супрацы Мінабароны Беларусі Валерый Равенка распавёў, колькі зброі і вайскоўцаў з Расеі прыбудзе ў Беларусь у межах рэгіянальнай групоўкі сіл.

«Агульная колькасць да прыбыцця ў РБ складзе да 9000 асабовага складу, каля 170 танкаў, да 200 баявых браніраваных машыны і да 100 гармат і мінамётаў калібрам больш за 100 мм», – адзначыў Равенка.

Прадстаўнік мінабароны распавёў, што расейскія вайскоўцы і тэхніка патрэбныя каб адказаць на «пагрозу з боку NATO». Таксама менавіта з боку Захаду цяпер улады бачаць «заахвочванне беларускіх радыкальных элементаў для звяржэння законнай улады ў Беларусі».

Таксама ў Беларусь ужо прыбылі самалёты МіГ-31 без ракетаў.

Аляксандр Лукашэнка 10 кастрычніка заявіў, што пастанавіў з Уладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі і Расеі. Лукашэнка таксама аддаў загад падрыхтавацца да прыёму і размяшчэння расейскіх вайскоўцаў, якіх будзе «не адна тысяча асобаў». Ён патлумачыў гэта тым, што Украіна нібыта плануе нанясенне ўдараў па тэрыторыі Беларусі.

Пры тым рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі была створаная яшчэ ў 1999 годзе, яе аснову складае беларуская армія ў поўным складзе, дадаткова «фармаваць» яе патрэбы няма.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў