«Беларусьфільм» звальняе людзей, якія гадамі ўкладаліся ў яго якасць

Я даўно не сачу за падзеямі на «Беларусьфільме», настолькі кінастудыя зрабілася безнадзейнаю. Але з яго дакументальнай студыяй «Летапіс» іншая гісторыя: неігравое кіно «Беларусьфільму» каштоўнае само па сабе, пытанне толькі ў тым, якой якасці летапісы нам застануцца. Таму звальненне кіраўніцтва і працаўнікоў студыі дакументальнага кіно, пра якое даведалася «Еўрарадыё», выклікала настальгічны сум, быццам у Беларусі разбурылася яшчэ адна цытадэль.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. АПАМ прабягае каля «Беларусьфільму» падчас маршу пратэсту ў Менску, Беларусь. 1 лістапада 2020 года.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Студыя «Летапіс», колькі помню сябе кінакрытыкам, заўсёды лічылася неаспрэчна найлепшым з таго, што мае «Беларусьфільм». З ігравым кіно ўвесь час было так сабе: ні збораў у пракаце, ні поспехаў на фестывалях, і ўвогуле аб’ектыўны правал. Затое на «Летапісе» рабіліся стужкі, якія можна было выстаўляць на агляданне.

Прынамсі, час ад часу: да 2020-га мастацкія ўдачы былі рэдкія, і студыя хутчэй цягнула шлейф сваёй былой славы, чым рэальна яе заслугоўвала. Нават зоркі «Летапісу» Віктар Аслюк, Вольга Дашук і Галіна Адамовіч больш не блішчалі – імаверна, перадусім таму што былі заціснутыя ў абмежаванні, патрабаванні ды іржавыя механізмы «Беларусьфільму». І таму што кінастудыя не вяла метадычнай працы для прасоўвання стужак на кінафестывалі.

Дагэтуль помню, як Галіна Адамовіч у кінатэатры «Цэнтральны» з нейкім пасіўна-агрэсіўным надрывам прэзентавала зняты ў якасці хвалебнай візітоўкі краіны фільм, назвы якога ніхто ўжо і не ўспомніць, і як бы апраўдвалася, што не магла яго не зняць. Але пры гэтым на Нацыянальнай кінастудыі яна зрабіла карціны «Божа мой», «Завядзёнка», «Вядо», «Лебедзі» і «Добрых дзяўчынак не б’юць» – хіба апошняе, што я паспела пабачыць у аўтаркі яшчэ ў Беларусі, яшчэ ў сценах кінастудыі «Беларусьфільм».

Я любіла зайсці на прэсавыя паказы, дзе зробленыя за год дакументальныя фільмы «Летапісу» дэманстраваліся адзін за адным, ды перакінуцца словам з работнікамі студыі. Штука ў тым, што нават калі мастацкія ўдачы на студыі былі рэдкія, адлюстраванне ёю беларускай прасторы заставалася і застаецца вартым як дакумент.

Вядома, і непапраўныя ігравыя стужкі часоў дыктатуры ў будучыні будзе цікава аналізаваць з нейкага гледзішча, але дакументальнае кіно ў любым выпадку пакіне ў сабе каштоўны летапіс краіны. У «Лебедзях» Галіны Адамовіч пра тое, як у малым мястэчку працавала хуткая дапамога; у «Полацкім вальсе» Вольгі Дашук – як вёска на Полаччыне спявала і арганізоўвала свае вольныя часіны; у «Абходзе» Віктара Аслюка – з чым працуе ўчастковы міліцыянер у вёсцы на Мядзельшчыне. Тым больш істотна гэта гучыць сёння, калі прафесійна дакументаваць Беларусь, апроч як на дзяржаўныя грошы, амаль немагчыма, і мы рызыкуем атрымаць у архівах лакуну, невядома наколькі доўгую.

Рэжысёрка Галіна Адамовіч выступае ў кінатэатры «Цэнтральны» падчас прэм’еры свайго новага дакументальнага фільму «Тэатр кінаактора». Менск, Беларусь. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: sb.by

Усіх пералічаных у спісе звольненых у артыкуле «Еўрарадыё» я ведала: з аднаго боку, яны з розных прычынаў не рабілі дакументальнага кіно «Беларусьфільму» «great again», з другога боку – давалі рады выкруціцца ў непаваротлівай бюракратычнай сістэме, каб зрабіць лепш, чым магло быць.

Іх звольнілі, «сышлі» або яны не вытрымалі самі – дакладна даведацца цяжка. Тэарэтычна сваю ролю мог сыграць эканамічны чыннік, бо яшчэ да 2020 года кінастудыя пачала выводзіць людзей па-за штат, але ўсё-ткі ў кантэксце чыстак на «Беларусьфільме» і ў цэлай краіне такое скарачэнне не выглядае выпадковым.

Паводле «Еўрарадыё», дырэктарка «Летапісу» Аксана Эйхарт страціла пасаду за «актыўнае адстойванне праектаў студыі падчас іх разгляду на мастацкай радзе». Да Галіны Адамовіч, якую выданне таксама называе звольненай, быццам бы былі пытанні адносна новых працаў, а таксама фанаграмы, прысвечанай Украіне, у адной са стужак. Вядучы рэдактар Уладзімір Мароз, які працаваў на кінастудыі з савецкіх часоў, цяпер быццам бы далучаецца толькі да праектнай працы, але кантракт з ім не працягнуты. Тады гэта так іранічна, што работнікі і аўтары мусілі гадамі ісці на творчыя і прафесійныя саступкі, падладжваючыся пад сістэму, каб у выніку ўсё роўна застацца за бортам.

Гэта гучыць драматычна ў кантэксце кар’ераў канкрэтных людзей, але хіба ўдзячна ў дачыненні летапісаў Беларусі – звольненыя цяпер людзі гадамі рабілі дакументальнае кіно «Беларусьфільму» лепшым, чым яно было б без іх. Хто цяпер будзе адстойваць праекты на мастацкіх радах, каб адваяваць драбок якасці на «Беларусьфільме»? Хіба хтосьці асмеліцца?

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў