Палітвязню, які дасылаў навіны ў бот ТГ-канала Сцяпана Пуцілы, хочуць даць 5,5 года калоніі


Заўтра, 18 траўня, суд Цэнтральнага раёну Менску вынесе прысуд чальцу ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргею Капанцу. Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе для палітвязня 5,5 года зняволення. Пра гэта паведаміла belsat.eu жонка палітвязня Алена.

Сергея Капанца судзяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 293 («Масавыя беспарадкі)» і ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Яго абвінавачваюць у тым, што ён даслаў у бот тэлеграм-каналаў, якія цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі», інфармацыю і відэа аб перамяшчэнні 9 жніўня спецтэхнікі сілавікоў. Следства кваліфікуе гэтыя дзеянні як дапамаганне Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі «масавых беспарадкаў».

Таксама Капанца вінавацяць у распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім, і каардынаванні руху людзей ад гандлёвага цэнтру «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёнупасля закрыцця 9 жніўня выбарчых участкаў. Васкрасенскі фігуруе ў справе ў якасці сведкі, але ў судзе ён так і не з’явіўся, на працэсе зачытвалі ягоныя паказанні падчас папярэдняга следства.

Акрамя таго, Капанца вінавацяць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна.

Сяргей Капанец у судзе. 13 траўня 2021 года.
Фота: spring96.org

Сёння, 17 траўня, дзяржаўны абвінаваўца Арцём Цвяткоў папрасіў суд пакараць Сяргея Капанца 5,5 года калоніі ўзмоцненнага рэжыму.

Сяргей Капанец не прызнаў сваёй віны. У апошнім слове ён распавёў, што далучыўся да ініцыятыўнай групы, бо быў уражаны асобай Віктара Бабарыкі. Ён быў перакананы, што кампанія будзе праходзіць выключна ў межах закону, і ніякіх гвалтоўных дзеянняў не будзе. «Сяргей падкрэсліў, што не планаваў і не жадаў парушаць закону. З усімі довадамі абвінавачання ён не пагадзіўся», – распавяла belsat.eu жонка Капанца Алена, якая прысутнічала на паседжанні.

Справу палітвязня разглядае Вікторыя Шабуня. Частку судовых паседжанняў праводзілі ў закрытым рэжыме на той падставе, што на іх вывучалі матэрыялы з тэлеграм-каналу, прызнанага цяпер «экстрэмісцкім».

Сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі быў затрыманы 11 жніўня 2020 года ў двары свайго дому. Спачатку яго трымалі ў СІЗА КДБ, але пазней перавялі ў СІЗА № 1 Менску. Праваабаронцы прызналі Сяргея Капанца палітвязнем.

Па прафесіі Сяргей Капанец маркетолаг.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў