Урокі гісторыі трэба вывучыць. Але як?

Дзіўна, але расейскія СМІ сёлета ўсе прамаўчалі пра Катынскую трагедыю, нібыта быў загад. І дата круглая – 80 гадоў таму 13 красавіка радыёстанцыя «Радыё Берлін» заявіла на ўвесь свет, што выяўленае масавае пахаванне польскіх афіцэраў у Катынскім лесе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У 13-ую гадавіну смаленскай катастрофы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўсклаў вянок у памяць аб загінулых у авіякатастрофе. Кракаў, Польшча. 10 красавіка 2023 года.
Фота: Artur Barbarowski / East News

Дарэчы, нічога не прагучала і наконт гадавіны катастрофы ля аэрадрому «Смаленск-Паўночны», дзе 10 красавіка 2010 года загінулі 96 чалавек – найвышэйшыя вайсковыя камандзіры і прэзідэнт Лех Качыньскі са сваёй жонкай Марыяй.

Затое польскія СМІ паказалі архіўныя кадры, дзе прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выказвае спачуванне брату загінулага прэзідэнта Ярославу Качыньскаму і нават  абдымае яго на знак суцяшэння, адводзячы погляд убок. Тады магло здацца, што прэзідэнт Расіі хаваў вочы, каб незнарок на публіцы не выпусціць скупую мужчынскую слязу… Але гэта было тады.

Цяпер чакалі нейкіх рухаў з боку расейскіх уладаў толькі таму, што летась былі агучаныя ініцыятывы наконт Катынскага мемарыялу. Гаворка ідзе аб звароце да ўраду Расеі некаторых палітыкаў і вядомых дзеячаў з прапановай дэмантаваць польскую частку мемарыяла ў Катыні з-за… вайны ва Украіне.

Дырэктар смаленскай студыі «Просвещение» Аляксандр Стацура так і сказаў выданню «КоммерсантЪ»:

«Урад нашай краіны дзеля захавання нармальных дачыненняў пайшоў насустрач Польшчы ў «катынскім пытанні». Але калі няма нармальных дачыненняў паміж Польшчай і Расеяй, відаць, час па-іншаму паглядзець і на Катынь».

Ці ёсць логіка ў словах чыноўніка са сферы адукацыі і культуры? Яна ёсць, калі ўлічыць, у якіх умовах рос і выхоўваўся гэты таварыш, а таксама ягоныя бацькі і бацькі ягоных бацькоў. Бо ўсё цяпер стала настолькі відавочным, што гэта можна проста браць і цэлымі параграфамі ўстаўляць у школьныя падручнікі, каб нарэшце зрабілася абсалютна ўсім зразумела, што бывае, калі не вучыць урокаў гісторыі.

Цяпер можна шмат дыскутаваць наконт таго, ці мелі магчымасць краіны антыгітлераўскай кааліцыі перамагчы сталінізм у СССР. Чаму так атрымалася, што немцаў прымусілі вучыць урокі гісторыі і яны вельмі добра іх засвоілі, а «савецкіх вызваліцеляў» вучыць не было каму. Маўляў, пераможцаў не судзяць.

Была вясна, а наперадзе мірнае і светлае жыццё. Вельмі шмат савецкіх людзей тады на гэта разлічвалі. Але жорны рэпрэсіўнай машыны краіны-пераможцы не спыніліся і працягвалі бязлітасна малоць жыцці соцень тысяч суайчыннікаў.

Вядома, гісторыя не церпіць умоўнага ладу, але, калі б тады так, як нацысцкіх злачынцаў у Нюрнбэргу, судзілі б за злачынствы супраць чалавечнасці сталінскіх катаў, то не было б сёння ні гэтага шэрага Пуціна, ні гэтых заяваў, ні гэтай вайны.

У жніўні 2017 года з Менску адправіўся аўтобус з людзьмі, якія хацелі ўшанаваць памяць ахвяраў аўтакатастрофы пад Смаленскам і ахвяраў сталінізму ў Катынскім лесе. Я была разам з аператарам у той паездцы. Мяжу мы праехалі без праблемаў, але ўжо за пару кіламетраў да памятнага знака дарогу нам заступіў шлагбаум. Нейкія таварышы ў цывільным паведамілі нам, што ісці можна толькі праз поле, якое, як адразу ж высветлілася, ніколі не было знаёмае з касой. Зараснікі баршчэўніка вышэй за чалавечы рост і трава па пояс.

Пры гэтым нейкі таварыш перыядычна прабіраўся да мяне праз гэтыя зараснікі і папярэджваў, што здымаць забаронена. Кім? Ён не ведае дакладна, але забаронена. Увесь час кудысьці тэлефанаваў і быў відавочна збянтэжаны.

Дабраліся да памятнага знака. Было відаць, што пасля польскай дэлегацыі ў красавіку тут не было ніводнага чалавека: штучныя кветкі ўжо выцвілі на сонцы, а пра жывыя нагадваюць сухія пруткі.

Беларусы адразу ўзяліся дружна прыбіраць тэрыторыю, ставіць новыя сцяжкі, кветкі, свечкі. Служывыя таварышы на адлегласці назіралі за іхнымі дзеяннямі. Чаму з красавіка ніхто ні разу не прыйшоў на гэтае месца? Столькі людзей ходзяць міма на працу і зусім не зважаюць. Тады ж Польшча ніякім чынам не свяцілася ў вайне. Мясцовыя ўлады маглі ж неяк прасачыць, каб на гэтым месцы быў парадак? Маглі, але не сталі гэтым займацца. Чаму? А таму што справа ў тых самых уроках гісторыі.

Мы пад наглядам службістаў рушылі ў бок мемарыяльнага комплексу. Кіроўцу забаранілі дзе-небудзь спыняцца. Нават заехаць дарогаю ў краму. І папярэдзілі, каб аніякіх экскурсіяў. Маўляў, з акенца паглядзіце на горад і хопіць. На месцы нас чакаў сюрпрыз. Гэта быў пікет і было відаць, нас там чакалі не адну гадзіну. Пікет быў маляўнічы і складаўся, як у тым савецкім анекдоце, з піянераў і пенсіянераў.

Пікет каля мемарыялу «Катынь». Смаленск, Расея. 23 жніўня 2017 года.
Фота: Любоў Лунёва / Белсат

Пікетоўцы старанна скандавалі лозунгі на наш адрас. Было відаць, што яны ніяк не чакалі такога поўнага ігнаравання з нашага боку. Тым часам ля ўваходу ў мемарыял нас ужо спрабавалі не пусціць, спасылаючыся на тэхнічныя прычыны. Цікава, якія тэхнічныя прычыны могуць быць у лесе? І ведалі ж, што мы столькі праехалі толькі, каб трапіць менавіта сюды.

Урэшце ўсё ж пусцілі пры ўмове, што мы будзем з іхным экскурсаводам. Само гэтае месца настолькі моцна ўздзейнічае на чалавека, што ніякія экскурсаводы там і не патрэбныя. Досыць проста чытаць, чытаць, чытаць гэтыя бясконцыя імёны і разумець, якая страшная трагедыя адбылася тады на гэтым месцы.

Чаму гэтая тэма выклікае такую рэакцыю мясцовых уладаў? Мінула амаль 80 гадоў з часу той трагедыі. Навошта спатрэбіўся цырк з затрыманнем журналістаў? Паліцыянты не чакалі, што на іхнае «Здымачная група застанецца, а вы, таварышы, вольныя», удзельнікі экскурсіі заявяць, што без журналістаў не зʼедуць…

Такім чынам, 13 красавіка 1943 года ў самы разгар вайны нямецкае «Радыё Берлін» заявіла, што выяўленае месца масавага расстрэлу палякаў савецкімі НКВДыстамі. Натуральна, Сталін тут жа абʼявіў, што гэта правакацыя. Падцягнуліся польскія камуністы. «Известия» апублікавалі іхную заяву, у якой яны абвінавацілі ва ўсім Трэці райх. Праз тыдзень і Польская працоўная партыя выступіла з такой жа заявай.

Давайце ўспомнім Бучу. Пуцінцы таксама з усіх сваіх рупараў прапаганды заявілі, што ўкраінцы самі забілі сваіх жа суайчыннікаў, каб усё зваліць на расейскіх салдатаў. Нічога нават не спатрэбілася вынаходзіць. Канечне, не параўнаць маштабаў трагедыі ў Катыні і Бучы, але страшныя трагедыі застаюцца трагедыямі.

Аб’ектыў
80 гадоў «катынскага загаду» згадвае Польшча і Беларусь
2020.03.05 22:48

Да гэтага часу невядома, колькі ж дакладна трупаў хавае Катынскі лес і іншыя месцы масавых забойстваў. Крыху пралівае святло на падзеі сакрэтная запіска тагачаснага шэфа КДБ Аляксандра Шэлепіна на імя кіраўніка СССР Мікіты Хрушчова. Шэлепін у сакавіку 1959 года сваёй рукой напісаў, што расстралялі 21 857 чалавек, з іх 14 552 афіцэры. Ён удакладніў, што ў Катынскім лесе пад Смаленскам забілі 4421 чалавека з Казельскага лагеру. У харкаўскай турме забілі 3820 чалавек са Старабельскага лагеру. Ва ўрочышчы Меднае Калінінскай вобласці – 6311 чалавек з Асташкоўскага лагеру. Акрамя таго, яшчэ расстралялі і 7305 грамадзянаў, якіх арыштавалі ў Заходняй Украіне і Беларусі – чыноўнікаў, інтэлігентаў, ксяндзоў і актывістаў палітычных партыяў.

Наогул каля 60 % афіцэраў таксама былі прадстаўнікамі інтэлігенцыі, шмат хто з іх добраахвотнікамі ўступілі ў войска пасля нападу Нямеччыны. Толькі ў адным Казельскім лагеры было 20 універсітэцкіх прафесараў. У час вайны палякі неаднаразова ўзнімалі пытанне пра лёс палонных суайчыннікаў.

У сваіх успамінах памочнік генерала Уладзіслава Андэрса палкоўнік Юзэф Чапскі, які сам быў раней вязнем Старабельскага лагеру, пісаў:

«Мяне ўсё больш грызла трывога. З боку савецкіх уладаў – маўчанне ці ўніклівыя фармальныя адказы. А тым часам зʼявіліся страшныя чуткі аб лёсе зніклых. Што іх вывезлі на паўночныя выспы за Палярным колам, што іх утапілі ў Белым моры. Ні аб адным з 15 000 зніклых палонных не было з вясны 1940 года ніякіх вестак, і нікога з іх, літаральна – ніводнага, не ўдалося знайсці».

Цяпер устаноўлена, што з канца сакавіка 1940 года вязняў лагераў пачалі расстрэльваць. Як і тады ў Катыні, так і ў наш час у Бучы на тэрыторыю масавых пахаванняў былі дапушчаныя эксперты Чырвонага Крыжа. Яны зрабілі выснову наконт таго, хто быў сапраўдным забойцам. Але тады ў снежні 1941 года на сустрэчу са Сталіным з Лондану прыляцеў прэмер-міністр ураду Польшчы Уладзіслаў Сікорскі, і яны з Андэрсам узнялі пытанне аб лёсе вязняў Казельскага, Асташкоўскага і Старабельскага лагераў. Той заявіў, што яны «ўцяклі» і параіў шукаць іх у Маньчжурыі.

Як тут не згадаць Лукашэнку, які пасля знікнення палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага казаў, што тыя проста збеглі за мяжу, і раіў іх шукаць то ва Украіне, то ў Нямеччыне.

Праз паўстагоддзя пасля расстрэлу палякаў 13 красавіка 1990 года прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў перадаў некаторыя дакументы аб злачынстве прэзідэнту Польшчы Войцеху Ярузэльскаму. Дарэчы, той таксама не з чутак ведаў, што такое лагернае жыццё ў савецкай краіне.

Дык чаму ж сёння раптам замоўкла расейская прапаганда на тэму Катынскага мемарыялу? Можа, нехта патлумачыў, што ваяваць з мёртвымі неяк не надта, калі свае мерцвякі штабялямі валяюцца на палях, не пахаваныя?

Гэтая вайна ўрэшце скончыцца, і гэта факт. Але ці будзе гэтым разам праяўленая воля нейкіх краінаў, скажам, «антыпуцінскай кааліцыі», – зламаць пякельную машыну і прымусіць агрэсара вучыць урокі гісторыі?

Вельмі хочацца спадзявацца, што хтосьці ўжо цяпер пра гэта думае. Што гэты хтосьці разумее, што гэта ўрокі, якіх нельга не вучыць, бо ўсё вернецца нашым унукам, і зноў будуць бамбіць, і зноў будуць саджаць у турмы, і зноў чалавечае жыццё не будзе каштаваць і капейкі.

Перамаглі фашызм, перамаглі нацызм, засталося перамагчы сталінізм. Можа, гэта цяпер не так і цяжка будзе зрабіць, бо свет мяняецца, і людзі таксама. Тады, 80 гадоў таму, нягледзячы на закрытую мяжу, адсутнасць свабоднага друку і беспардонную прапаганду, людзі заставаліся ў большасці людзьмі. Прыйдзецца вучыць урокі гісторыі. Без гэтага давядзецца жыць на міне запаволенага дзеяння.

Гісторыі
Праўда пра Катынь: як кіраўніцтва СССР пайшло на адну з самых жудасных фальсіфікацыяў
2023.04.13 17:13

Любоў Лунёва  belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў