ГУБАЗіК прыйшоў з ператрусам да меркаванага бацькі беларускага добраахвотніка


ГУБАЗіК прыйшоў з ператрусам да меркаванага бацькі аднаго з беларускіх добраахвотнікаў, што ваюе ва Украіне. Мужчына заявіў сілавікам, што згодны з сынам і сам бы паехаў ваяваць ва Украіну пры магчымасці. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал сілавікоў.

Скрыншот з відэа тэлеграм-каналу, які рэгулярна публікуе прапагандысцкія матэрыялы сілавікоў.

Сілавікі 17 сакавіка змясцілі на сваіх тэлеграм-каналах відэа ператрусу, з якім супрацоўнікі ГУБАЗіК прыйшлі, меркавана, да бацькі аднаго з беларускіх добраахвотнікаў, які ваюе ва Украіне. На відэа мужчына кажа, што падтрымлівае сына і сам бы паехаў ваяваць, калі б мог. Мяркуючы па відавочных прыкметах, мужчына кажа ўсё гэта ў нецвярозым стане.

Пры гэтым сілавікі не паведамляюць ні прозвішча мужчыны, ні прозвішча яго сына, паказваючы толькі побач з кадрамі з кватэры фота барадатага мужчыны ў вайсковай форме. Аднак аўтары відэа не ўстрымаліся, каб не пакпіць са знешнасці паказанага на відэа чалавека і яго жылых умоваў.

Прапаганда, гвалт, здзек і знявага чалавечай годнасці – прычыны па якіх адміністрацыя Telegram ўжо неаднаразова блакавала рэсурсы ГУБАЗіК у адказ на шматлікія скаргі. Аднак сілавікі заводзяць новыя старонкі. Зараз гэта некалькі каналаў, абʼяднаных назвай ГУ «БАЗА». Праўда, колькасць падпісчыкаў на іх ніжэй прыстойнай.

Раней «палітычная паліцыя» Беларусі анансавала рэйды па «адпрацоўцы сувязяў» байцоў Палка Каліноўскага, каб знайсці сярод іхных сваякоў і знаёмых тых, хто «садзейнічае экстрэмісцкай дзейнасці».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў