Прафесарку БДУ Абрашыну-Жадаеву, якая запісала зварот у падтрымку калегі, звальняюць з працы


Выкладчыцу БДУ Наталлю Абрашыну-Жадаеву, якая ў студзені запісала зварот у падтрымку звольненага калегі Максіма Шундалава, таксама звальняюць з працы. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

«Паважаная Наталля Рыгораўна, інфармуем Вас, што сёння ў 12:00 на прафкаме БДУ будзе разглядацца пытанне аб дачы папярэдняй згоды на вашае звальненне», – такое паведамленне атрымала 17 лютага прафесарка БДУ Наталля Абрашына-Жадаева.

«Вось так мне сёння паведамілі. Сказалі, у 10:30 магу азнаёміцца з паперамі пра мяне. А ў мяне была лекцыя, а зараз іду на заняткі, але не пабягу ў галоўны корпус. Такой непавагі, здаецца, не заслужыла. На зум не запрасілі», – пракаментавала атрыманае паведамленне прафесарка.

22 студзеня 2022 году прафесарка кафедры вышэйшай матэматыкі БДУ Наталля Абрашына-Жадаева на старонцы ў Facebook апублікавала відэа, у якім абурылася фактам звальнення свайго калегі – кандыдата фізіка-матэматычных навук, дацэнта Максіма Шундалава.

«Але больш за ўсё мяне збянтэжыла паведамленне, што калегі з іншых кафедраў пагадзіліся выконваць за яго ягоную нагрузку. Гэта як? Думаюць, што з імі так не зробяць. Што іх такі лёс абміне.

Сёння вы прамаўчалі, а заўтра з вамі гэтак жа разлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць ці прыслужваць. Як кажуць: служыць Богу ці прыслужваць юдзе!», – напісала 22 студзеня Наталля Абрашына-Жадаева.

71-гадовая Наталля Абрашына-Жадаева працуе ў навуцы ад 1972 года. Яна ветэран працы, сёлета спаўняецца 50 гадоў яе працоўнага стажу.

Hавiны
Выкладчыца БДУ запісала зварот у абарону звольненага калегі
2022.01.22 17:40

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў