Палітвязень Вадзім Плаўскі выйшаў на волю. Ён адбыў пакаранне, быў у няволі больш за год


Яго пераследавала вядомая ў Горадні прыхільніца Лукашэнкі і расейскіх ультраправых. Яго асудзілі за «хуліганства» на паўтара года калоніі.

Вадзім Плаўскі. Скрыншот: mvd.gov.by

Палітычны зняволены Вадзім Плаўскі выйшаў на волю 17 студзеня. Жыхар Горадні быў асуджаны на 1,5 гады пазбаўлення волі па справе «белых стужак».

30 кастрычніка 2020 года ён забраў дачку з садка і гуляў з ёй у скверы, дзе на дрэвах і парэнчах віселі белыя стужкі. Да іх падышла прадстаўніца руху «Антывандал-Гродна» і вядомая ў горадзе прыхільніца Лукашэнкі і Пуціна Вольга Бондарава.

Вольга Бондарава.
Фота: Гродненская правда

Яна пачала здымаць мужчыну на тэлефон, калі ён пачаў адыходзіць ад яе – пачала яго пераследаваць. Адбыўся канфлікт, Плаўскі паваліў Бондараву на зямлю. Яна напісала заяву, у выніку гарадзенца судзілі за «Хуліганства» (арт. 339 КК РБ).

За гэта яго асудзілі на 1,5 гады «хатняй хіміі», але неўзабаве прысуд замянілі на больш жорсткі – «хімію з накіраваннем». Пакаранне Вадзім Плаўскі адбываў у ПК-15 у Магілёве. Дома яго чакаюць двое непаўналетніх дзяцей.

Hавiны
Паўтара года калоніі. Гарадзенца асудзілі за канфлікт, справакаваны прадстаўніцай «Инфоспецназа»
2021.04.02 16:13

Тыдзень таму, 11 студзеня, выйшаў на волю яшчэ адзін палітвязень з Горадні, які пацярпеў з-за Бондаравай Васіль Пілец. Ён адбываў пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў Ваўкавыску (ПУАТ №29).

14 снежня 2020 года ён гуляў з сынам і сабакам па вуліцы. Убачыў, што Бондарава і ейны паплечнік зафарбоўваюць на тратуары нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Пілец штурхаў Бондараву, сарваў маску з паплечніка, перакуліў бляшанку з фарбай. За гэта яго судзілі на 1,5 гады «хатняй хіміі», а неўзабаве прысуд замянілі на больш жорсткі – год калоніі.

Hавiны
На свабоду выйшлі палітвязні Васіль Пілец і Ілля Лабацэвіч
2022.01.11 19:19

Чым вядомая Вольга Бондарава?

  • Пасля жнівеньскіх падзеяў 2020 хадзіла па горадзе разам з іншымі «актывістамі» і паведамляла органам пра ўсе развешаныя бел-чырвона-белыя сцягі і налепкі.
  • Фігурантка некалькіх палітычных справаў, што заводзіліся на людзей, якія развешвалі ў Горадні сцягі, стужкі ці вывешвалі сцягі на сваім балконе. За гэтае яны былі пакараныя рэальнымі тэрмінамі ці штрафамі.
  • Сама Бондарава калісьці таксама прыцягвалася да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці – за кантрабанду цыгарэт у Польшчу.

    Прыходзіла з камерай на Кірава, 3, дзе размяшчаліся «Цэнтр гарадскога жыцця» і крама з нацыянальнай сімволікай «Адметнасць». Пасля гэтага там прайшлі ператрусы.
  • Зараз актыўна займаецца пошукам новых «ворагаў»: адсочвае ў інтэрнэце і сацсетках людзей з бел-чырвона-белымі фотаздымкамі ці аватаркамі, ці актывістаў разнастайных грамадскіх ініцыятываў і арганізацыяў, і піша на гэтых людзей даносы. З-за такіх даносаў да людзей прыходзілі з ператрусамі, адмяняліся розныя культурніцкія імпрэзы і канцэрты з удзелам гэтых людзей.
  • Актыўна збірала подпісы за знясенне крыжоў у Курапатах, у прыватнасці – крыжа ў памяць Вацлава Ластоўскага.
  • Настойліва прапаноўвала гарадзенскім уладам знесці пахаванні польскіх жаўнераў, якія ў 1939 годзе ваявалі з саветамі, калі тыя прыйшлі ў Горадню.
  • Прыходзіла ў Фарны касцёл Горадні з камерай і спрабавала справакаваць ксяндза.
  • Прыходзіла ў галоўны праваслаўны храм Горадні – Свята-Пакроўскі сабор і абуралася іконамі, якія там вісяць з 2007 года. На абразах – выявы мучанікаў, якія загінулі ад пераследу савецкай улады, а таксама выявы салдат Чырвонай арміі.
  • Бондарава вядомая сваімі прарасейскімі поглядамі. Выходзіла на мітынгі са сцягам расейскага ўльтраправага руху НОД і «георгіеўскімі стужкамі». Пастаянна перапошчвае ў сваіх каналах суполкі кшталту «Пуцін – наш прэзідэнт» і падобнае.
  • Ганебна ставіцца да ўсяго беларускага. Бел-чырвона-белы сцяг Бондарава называе «бчб-анучай», прыхільнікаў пераменаў – «бчбесамі». Абражае беларускую мову. Так, у адным са сваіх відэаролікаў Бондарава абураецца тым, што дзяцей у дзіцячым садку вучаць казаць па-беларуску «дзякуй», «добры дзень», «дабранач», а таксама – тым, што ў школе прадмет «Мая Радзіма Беларусь» вывучаюць толькі на беларускай мове.

СК belsat.eu

Стужка навінаў