Намыс і уят: чым кіраваліся пратэстоўцы ў Казахстане і што чакае краіну далей


Да 2022 года існавала шырока распаўсюджанае перакананне, якое вынікала з росту заможнасці казахскай палітычнай ды эканамічнай эліты, што Казахстан – адна з самых стабільных і квітучых краін былога Савецкага Саюзу.

Нурсултан Назарбаеў і Касым-Жомарт Такаеў.
Фота: rg.ru

Раптоўны выбух пратэстаў і беспарадкаў ставіць пытанне: што ж насамрэч адбывалася і адбываецца ў гэтай краіне? У краіне, тэрыторыя якой амаль у 13 разоў большая за Беларусь, падзеленая на 14 правінцыяў, з трыма гарадамі рэспубліканскай значнасці. У краіне з насельніцтвам 19 мільёнаў, дзе акрамя казахаў, якія складаюць ¾ грамадзянаў, жывуць расейцы, узбекі, украінцы, уйгуры, татары, немцы, дунганцы, карэйцы, чачэнцы, беларусы, габрэі, палякі ды іншыя нацыянальнасці. У краіне, у якую падчас беспрэцэдэнтнай дэрусіфікацыі за тры дзесяцігоддзі незалежнасці пераехалі каля мільёна г.зв. аралманаў – рэпатрыянтаў, якія лічыліся несаветызаванымі казахамі.

Аналітыка
Як паўплываюць падзеі ў Казахстане на рэжым Лукашэнкі?
2022.01.15 20:51

Казахстан – прамыслова развітая краіна з моцна стратыфікаваным грамадствам, эканоміка якой грунтуецца на даходах ад энергарэсурсаў. Гэта важны сусветны цэнтр здабывання нафты, вугалю і ўрану. Палітычная сістэма дзяржавы, нягледзячы на шматлікія спробы зменаў і мадэрнізацыі, не выходзіла за межы функцыянавання постсавецкай патрыманіяльнай дзяржавы, якая заставалася ў палітычных і эканамічных сувязях са сваімі магутнымі аўтарытарнымі суседзямі – Расеяй і Кітаем.

Дзяржаўны сцяг Казахстана прыспушчаны на даху будынку гарадской адміністрацыі ў дзень жалобы па загінулых падчас масавых акцый пратэсту. Алматы, Казахстан, 10 студзеня 2022.
Фота: MARIYA GORDEYEVA / Reuters / Forum

Разам з тым дзяржава прайшла вялізную эвалюцыю з таго часу, калі ў 1990-я гады яе можна было акрэсліць словамі Войцеха Гарэцкага, выбітнага спецыяліста ў пытаннях Цэнтральнай Азіі ды Каўказу, як «еўразійскую Беларусь». У ХХІ стагоддзі валоданне значнымі запасамі прыродных рэсурсаў, адсутнасць палітычных хваляванняў і моцная лінія ўлады ў Казахстане спалучаліся з адноснай адкрытасцю, прагрэсіўнасцю і імкненнем да рэформаў. У якасці цікавага факту можна дадаць, што пра сучаснасць Казахстану сведчыць не толькі адна з найлепш арганізаваных у постсавецкіх краінах антыковідных кампаніяў (за паразы на фронце барацьбы з пандэміяй, растрату грошай і дрэнны стан сістэмы аховы здароўя міністр трапіў у турму), але і масавы майнінг крыптавалюты. З прычыны нізкіх коштаў на электраэнергію Казахстан быў важным на сусветных рынках здабывальнікам біткойнаў. Здараліся і скандалы ў сувязі з тым, што гэта рабілася на службовых камп’ютарах – напрыклад, у кабінетах супрацоўнікаў сілавых ведамстваў.

Улады Казахстану на чале з Нурсултанам Назарбаевым (спачатку сакратаром Камуністычнай партыі Казахскай АССР, а потым прэзідэнтам) ад падзення СССР да 2019 года мадэрнізавалі, дэмакратызавалі ды адкрывалі краіну на Захад. Пра гэта сведчыць як наяўнасць заходніх медыяў і інвестыцыяў, так і сучасных рашэнняў у галіне эканомікі, навукі, кіравання і палітыкі, а нават спорту. Напрыклад, казахскія футбольныя клубы – дзякуючы таму, што частка краіны геаграфічна размешчаная ў Еўропе – спаборнічалі таксама з польскімі і беларускімі клубамі. А прэзідэнт Назарбаеў асабіста папулярызаваў гульню ў тэніс сярод сваіх суайчыннікаў.

Павалены помнік Назарбаеву ў Талдыкаргане, Казахстан. 5 студзеня 2022 года.
Фота: kaztag_tg / Telegram

Казахстан, апроч гэтага, узначальваў Арганізацыю бяспекі і супрацы ў Еўропе, а цяперашні прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў быў віцэ-старшынём Парламенцкай асамблеі АБСЕ і займаў пасаду генеральнага дырэктара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе. З іншага боку, прэзідэнт Назарбаеў заставаўся важным сімвалам дзяржаўнай і нацыянальнай стабільнасці нават пасля сваёй адстаўкі з прэзідэнцтва ў 2019 годзе – у якасці патэнцыйнага арбітра і перамоўцы ў эліце Казахстану. Таксама ён фармаваў замежную палітыку і кантраляваў сілавыя міністэрствы ў якасці кіраўніка Савету бяспекі Рэспублікі Казахстан да пачатку пратэстаў у студзені гэтага года.

У гэтым ідылічным вобразе Казахстану і казахаў варта згадаць развагі, якімі шмат гадоў таму падзяліўся адзін з выбітных экспертаў у пытаннях постсавецкай палітычнай прасторы, расейскі журналіст азербайджанскага паходжання Архан Джамаль. Ён быў выдатна знаёмы з рэаліямі постсавецкіх мусульманскіх дзяржаваў (і за дакладнасць аналізаў застрэлены «невядомымі злачынцамі» ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы ў 2018 годзе падчас журналісцкага расследавання сувязяў расейскіх алігархаў з мясцовым рэжымам).

Расейскія войскі ў Казахстане.
Фота: Мінабароны РФ

Джамаль ахарактарызаваў Казахстан як «гэткую кланаваную Расею». Тут ён абыграў спалучэнне двух словаў: «клан» – папулярны тэрмін для абазначэння патранальна-кліенцкіх групаў, якія кантралююць розныя галіны эканомікі Казахстану, а таксама родаплемянных групаў, якія адыгрываюць вялікую ролю ў мясцовай палітыцы і эканоміцы, – і «клон». А казахаў апісваў як храбрых стэпавых мусульманаў, якія, на ягоную думку, сваёй ваяўнічасцю і бескампрамісным характарам нагадваюць былых горцаў з Чачэніі часу паўстання імама Шаміля ў ХІХ стагоддзі на Каўказе, яшчэ да таго, як сярод іх з’явіўся пацыфіст, харызматычны мусульманскі мысляр Кунта-хаджы.

Адкрытасць краінам Захаду, Еўропе, дэмакратыі і сусветнай эканоміцы стала важнай прычынай памкненняў і незадаволенасці шматнацыянальнага грамадства Казахстану, у першую чаргу саміх казахаў. Яны не хочуць жыць так, як у суседніх краінах «кланаванай»/«кланавай» карупцыі, алігархіі ды дэспатыі – у Сярэдняй Азіі, Кітаі ці Расеі. Яны хочуць жыць, як у развітых краінах, свабодных ад сістэмнай карупцыі, з адладжаным дзяржаўным і судовым апаратам, такіх, як папулярныя і ўзорныя для Казахстану краіны ЕЗ, ЗША, Малайзія ці Сінгапур. Адсюль і папулярнасць сацыяльных і антырэжымных пратэстаў у Казахстане, якія апошнімі гадамі базуюцца на досведзе Украіны і Беларусі.

Варта падкрэсліць, што ўлада, сабраная вакол прэзідэнта Назарбаева ў Казахстане, з самага пачатку, нягледзячы на сваю незмяняльнасць, вяла спецыфічны дыялог з грамадскасцю – адказваючы, часта са спазненнем, на патрабаванні пратэстоўцаў. На думку Ізабэль Ахаён, якая даследуе Казахстан савецкага часу, пратэст, бунт або паўстанне ў культуры казахаў – гэта адчайныя заклікі да далёкай цэнтральнай улады, каб тая звярнула ўвагу на злоўжыванні і самавольства мясцовых уладаў. І такая іх форма часта адпавядае азіяцкім культурным нормам (пры адначасовай адсутнасці іншых формаў дыялогу або пасярэднікаў).

Калі перанесці вышэйсказанае на наш час, то гэта спроба прыцягнуць увагу ўладаў у такой форме сацыяльнай камунікацыі да рэаліяў паўсядзённага жыцця найбяднейшых слаёў насельніцтва, пакрыўджаных размеркаваннем даходаў ад энергарэсурсаў. Як у царскім, так і ў савецкім ды незалежным Казахстане адбываліся шматлікія пратэсты, бунты і сацыяльныя паўстанні супраць уладаў.

Hавiны
Што адбываецца на вуліцах Алматы і ў галовах казахскіх уладаў? Спыталі казахскіх экспертаў
2022.01.10 17:33

Найбольш вядомым было паўстанне казахаў у 1916 годзе супраць прымусовага прызыву ў армію Расейскай імперыі на тылавыя працы падчас Першай сусветнай вайны. Гэтае паўстанне было вельмі падобным да часткі сёлетніх студзеньскіх пратэстаў: у яго не было вызначаных лідараў, і яно мела анархічны характар. Галоўным яго пастулатам было выгнанне царскіх уладаў. У выніку яно было задушанае расейскімі карнымі экспедыцыямі.

Пад канец савецкай эпохі, у снежні 1986 года, адбыліся антысавецкія паўстанні супраць навязанага Масквой сакратара Камуністычнай партыі Казахстану, неказаха Генадзя Колбіна, таксама вядомыя як Жэлтаксан. Крывава задушаныя ўладамі, яны сталі часткай школьных праграмаў незалежнага Казахстану. У выніку грамадства, якое выхоўвалася на біяграфіях герояў Жэлтаксану, перакананае, што дзеянні супраць несправядлівых уладаў былі пазітыўнай з’явай. Гэтыя гісторыі сталі ў адзін шэраг з жыццяпісамі казахскіх ханаў і герояў (батыраў) – такіх, напрыклад, як знакаміты Кенесары Касымулы, – якія змагаліся з расейцамі, кітайцамі ці калмыкамі.

Алматы, Казахстан. 9 студзеня 2022 года.
Фота: Павел Міхееў / Reuters / Forum

Таму і ў незалежным Казахстане казахі працягвалі выходзіць на акцыі пратэсту. Прэзідэнт Назарбаеў быў у стане правесці краіну і яе жыхароў праз рыфы нацыянальных, этнічных і рэлігійных канфліктаў. Аднак мадэль алігархічнага капіталізму, якая ўзнікла ў Казахстане, прывяла да ўзнікнення велізарнай няроўнасці ў багацці, павелічэння разрыву паміж гарадскімі і сельскімі жыхарамі, росквіту карупцыі і трагічнага становішча працоўных у святле Працоўнага кодэксу, які дзейнічаў на Захадзе – пры адначасовай незмяняльнасці ўлады з элементамі паліцэйскай дзяржавы.

І, між іншага, з гэтай прычыны ў незалежным Казахстане было шмат розных відаў пратэстаў – ад вялікіх забастовак і маршаў рабочых Кентаў у 1990-х гадах да жорстка здушаных пратэстаў у Жанаўэзене ў 2011 годзе. І заканчваючы тымі, што ўспыхнулі ў самым бунтоўным рэгіёне Казахстану – заходнім – у студзені гэтага года. У тым жа Жанаўэзене, дзе самы працяглы страйк у посткамуністычных краінах скончыўся ўжываннем зброі супраць пратэстоўцаў і гібеллю (паводле ацэнак праваабаронцаў) некалькіх дзясяткаў з іх.

Hавiны
Назарбаеў сышоў. Чаму пратэсты ў Казахстане не спыняюцца і чаму іх не здушылі, як у Беларусі?
2022.01.06 00:57

Аднымі з вызначальных паняткаў у палітычнай культуры Казахстану застаецца намыс (‘годнасць’, ‘гонар’) і уят (‘ганьба’, ‘сорам’). Імі кіраваліся пратэстоўцы, калі выходзілі на вуліцы, хаця ў фоне дайшло да палітычных маніпуляцыяў на вяршыні ўлады Казахстану. У ценю здушэння пратэстаў уся ўлада была сканцэнтраваная ў руках прэзідэнта Такаева, а першы прэзідэнт Назарбаеў, як і ягоная сям’я, адхіленыя ад улады. Падобнымі катэгорыямі – намыс і уят – пратэстоўцы кіраваліся і ў 2015 годзе, калі выступалі супраць продажу зямлі замежнаму капіталу (імаверна, кітайскаму).

Нягледзячы на тое, што на Захадзе іх называюць мусульманамі, далучаючы да шырокага панятку пра ўяўны «ісламскі свет», казахі ў сваіх дзеяннях кіраваліся не столькі мусульманскай палітычнай культурай, колькі ўзорамі пратэстаў, якія яны назіралі за апошнія гады ва Украіне і Беларусі. І з якімі яны атаясамліваліся вельмі моцна.

Доктар Мар’юш Маршэўскі – аналітык Цэнтру ўсходніх даследаванняў, спецыяліст у пытаннях Турцыі, Каўказу і Цэнтральнай Азіі для belsat.eu

Стужка навінаў