16-гадовую дзяўчыну, якая напісала песню пра пратэсты ў Беларусі, выклікаюць у міліцыю


16-гадовую Лізавету Вішняк выклікаюць у Цэнтральны РУУС Менску па адміністратыўнай справе паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Дзяўчына хадзіла на нядзельныя акцыі пратэсту разам з сям’ёй, але позву атрымала толькі яна. Бацькі не выключаюць, што дачка прыцягнула ўвагу міліцыі праз сваю песню, прысвечаную апошнім падзеям у Беларусі.

Бацька 16-гадовай дзяўчыны Ігар Вішняк не хавае таго, што разам з сям’ёй неаднаразова наведваў нядзельныя маршы пратэсту ў Менску. Аднак ніякіх прэтэнзіяў да яго з боку міліцыі не было, позву атрымала толькі дачка.

«Мы атрымалі ліст з Цэнтральнага РУУС, каб мая 16-гадовая дачка з’явілася ў якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністратыўны працэс. Мы хадзілі ўсе разам на нядзельныя маршы, ды не адныя, а ў вялікай кампаніі. Ішлі заўсёды ў сярэдзіне шматтысячнай калоны і ніякіх інцыдэнтаў не было. Мабыць, гэта (позва ў міліцыю – заўв. belsat.eu) звязана з той песняй, якую дачка выклала на YouTube», – распавёў ён belsat.eu.

Песню пра Беларусь «Разам пераможам» Лізавета напісала яшчэ два месяцы таму, адразу пасля крывавых падзеяў 9-12 жніўня.

«Дачка вельмі ўразлівая, яна два дні плакала пасля тых падзеяў, мы не маглі яе супакоіць. А паколькі ў нас уся сям’я музыкаў, яна напісала песню і, хоць мы і баяліся, апублікавала яе. Спачатку ўсё ціха было, а цяпер вось выклікаюць. Імаверна, так спадабалася, што хочуць узнагародзіць», – кажа ён.

Праўда, з боку Ігара гэта толькі здагадка, бо дэталі адміністратыўнага працэсу супраць Лізаветы невядомыя дагэтуль. Дзяўчынку выклікалі ў міліцыю 11 кастрычніка, але тады сям’я яшчэ знаходзілася на каранціне праз каронавірус. А калі Ігар патэлефанаваў у РУУС, то высветлілася, што міліцыянт, які займаецца справай Лізаветы, сам знаходзіцца на бальнічным.

Лізавета Вішняк
Лізавета Вішняк. Фота прадастаўлена Лізаветай

«Хоць мне і 16 гадоў, але я жыву ў гэтай краіне і не лічу, што мяне не павінна гэта закранаць, – адзначыла Лізавета ў каментары belsat.eu, – Я не магла застацца абыякавай падчас гэтых падзеяў, я перакананая, што справядлівасць мусіць быць на першым плане.

Мне вельмі шкада свой народ: колькі нас прыгняталі, колькі забівалі, колькі людзей аддалі сваё жыццё, каб мы проста маглі размаўляць на роднай мове. І вось цяпер адбываюцца такія жахлівыя падзеі толькі таму, што адзін чалавек ухапіўся за ўладу. Я проста не магла заставацца абыякавай і напісала песню. Я ганаруся тым, што раблю. Магчыма, потым гэта перашкодзіць мне паступіць у ВНУ, але я ведаю, што ўсё раблю правільна».

Лізавета Вішняк
Лізавета Вішняк. Фота прадастаўлена Лізаветай

Дарэчы, пасля жнівеньскіх падзеяў у Беларусі Лізавета цалкам перайшла на беларускую мову, у тым ліку ў стасунках з сябрамі і аднакласнікамі. Яшчэ больш пераканалася ў сваім рашэнні дзяўчына пасля прагляду фільму «Купала», які яе вельмі натхніў.

«Я вырашыла, што буду размаўляць на роднай мове. Шчыра кажучы, некаторыя натхніліся маім рашэннем і таксама перайшлі на беларускую мову, ім падабаецца і яны лічаць, што гэта крута. Хаця ёсць і тыя, хто смяецца з гэтага. Але я стараюся на такое не звяртаць увагі», – дадае яна.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў