Хто прыдумаў назву нашай краіны і чаму Беларусь, а не Белоруссия ці Weißrussland ды Baltkrievija?


Адкуль пайшла назва Беларусь? Ці сапраўды яе нам навязала Расейская імперыя, калі гвалтоўна далучыла да сябе нашыя землі? Ці мусім мы дамагацца, каб іншыя краіны называлі нас менавіта Беларусь, а не Белоруссия ці Белая Расея? Паспрабавалі разабрацца ў гэтых пытаннях разам з гісторыкам Паўлам Церашковічам. Паглядязелі таксама, як у розных дзяржавах называюць нашую радзіму і якія краіны апошнім часам змянялі свае назвы ці прасілі, каб іх называлі менавіта так, як гэта гучыць у іхных нацыянальных мовах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Maxim Shemetov / Reuters / Forum

Gudija і Baltarusija, але не Беларусь: як нас называюць у Літве

У Літве Беларусь называюць Baltarusija, ці, у дакладным перакладзе – «Белая Расея» (balta – белая, Rusija – Расея). Пры гэтым літоўская моўная камісія тлумачыць, што назва Baltarusija выводзіцца ад наймення беларусаў па-літоўску (baltarusiai), якое ў сваю чаргу паходзіць ад гістарычнай Русі (Rusia), а не ад Расеі (Rusija).

Пра афіцыйнае змяненне назвы нашай краіне ў літоўскай мове на Belarus гаворка ішла ў 2021 годзе – тады пра гэта казаў міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

«Калі беларусы выкажуць такое пажаданне, то мы абавязкова разгледзім гэтае пытанне гэтак жа, як мы ўжо змянілі назву Грузіі на Сакартвэло», – казаў міністр.

11 студзеня 2021 года Літва пачала называць Грузію не Gruzija, а Sakartvelas.

Аднак у Літве для Беларусі ёсць і яшчэ адна назва – Gudija. Гэтую назву можна сустрэць нават на некаторых тапаграфічных мапах, якія выдаюцца ў Літве. Беларусаў пры гэтым называюць gudai, а беларус у адзіночным ліку – gudas. Паводле некаторых гісторыкаў, гэтая назва пайшла ад старажытных найменняў яцвягаў, якія ў першым тысячагоддзі нашай эры пражывалі ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі, а менавіта – у басейне Нёману і яго правых прытокаў. У тапаграфічных назвах гэтага рэгіёну  шмат дзе захаваўся корань «гуд»: мястэчка Гудагай у Астравецкім раёне, вёска Гуды ў Валожынскім раёне, вёска Гудаўшчына ў Браслаўскім, Вілейскім, Ашманскіх арёнах, вёска Гудзяняты ў Іўеўскім раёне.

Агляд
Як адрадзіць Беларусь? Пераходны кабінет напісаў Стратэгію нацыянальнага адраджэння
2023.11.28 14:32

Ёсць таксама меркаванне, што слова «гуды» пайшло ад готаў і менавіта так літоўцы некалі называлі не толькі нямецкае племя готаў, але і беларусаў.

Baltkrievijа: адкуль такая назва ў латышскай мове?

У Латвіі нашую краіну называюць Baltkrievija. Krievija у латышскай мове – гэта Расея. То бок, дакладны пераклад такі ж, як і з літоўскай – Белая Расея.

Назва Расеі Крэвія (Крывія) паходзіць ад славянскага племені крывічоў, якія жылі ў вярхоўях Дзвіны і Дняпра, Волгі, на поўдні Чудскага возера. Крывічы адыгралі значную ролю ў фармаванні беларускага народу. На тэрыторыі рассялення крывічоў склалася Полацкае княства, насельніцтва якога называлася крывічамі, а князі Полацку – крыўскімі князямі. Гістарычная Крывія знаходзіцца на тэрыторыі трох сучасных дзяржаў: Беларусі, Латвіі і Расеі.

Дзеячы беларускага нацыянальнага Адраджэння пачатку XX стагоддзя, напрыклад, Вацлаў Ластоўскі, на падставе таго, што асноўная частка тэрыторыі, якая раней насялялася крывічамі, практычна дакладна паўтарала паўночныя і паўночна-ўсходнія этнаграфічныя і лінгвістычныя межы тэрыторыі рассялення беларускага народу, прапаноўвалі атаясамліваць паняцці «Беларусь» і «Крывія».

У 2020 годзе пра назву Беларусі ў латышскай мове разважаў дэпутат Сейму Літвы Яніс Дамбрава. Ён адстойваў слушнасць таго, як прынята называць нашую краіну ў латышскай мове.

«Нядаўна распачаліся дыскусіі пра назву Беларусі. Гэтая краіна ўтварылася шляхам зліцця прыбалтыйскіх народаў са славянамі Кіеўскай Русі. Фактычна беларускі народ – гэта нашчадкі прыбалтаў і русаў, таму назва балтрусы – лагічная», – казаў дэпутат.

Краіны, у якіх мы дагэтуль – Белая Расея

  • Аўстрыя – Weißrussland
  • Бельгія – Wit-Rusland
  • Вугоршчына – Fehéroroszország (ёсць таксама варыянт Belarusz)
  • Грэцыя – Λευκορωσία (Lefkorosía)
  • Ісландыя – Hvíta-Rússland
  • Ліхтэнштэйн – Weißrussland
  • Люксембург – Wäissrussland
  • Нідэрланды – Wit-Rusland (у афіцыйных крыніцах можна сустрэць напісанне – Belarus (Wit-Rusland)
  • Нямеччына – Weißrussland
  • Турцыя – Beyaz Rusya (цяпер таксама афіцыйна ўжываеццца Belarus)
  • Фінляндыя – Valko-Venäjä
  • Эстонія – Valgevene

Дзе нашую краіну называюць Белоруссия

  • Албанія – Bjellorusia
  • Боснія і Герцэгавіна – Bjelorusija
  • Італія – Bielorussia
  • Іспанія – Bielorrusia
  • Косава – Bjellorusia
  • Мальта – Belarussja
  • Партугалія – Bielorrússia
  • Паўночная Македонія – Белорусија
  • Расея – Белоруссия (пры гэтым шмат якія незалежныя СМІ і апазіцыйна настроеныя расейцы пішуць і кажуць усё ж – Беларусь)
  • Сербія – Белорусија
  • Славенія – Belorusija
  • Францыя – Biélorussie
  • Харватыя – Bjelorusija
  • Чарнагорыя – Bjelorusija
  • Швейцарыя – Bielorussia

Дзе нас пачулі і пачалі называць Belarus

Адной з першых еўрапейскіх краінаў, якая пачула просьбу беларусаў называць нашую краіну менавіта Беларусь і ніяк інакш, стала Швецыя. Раней там нашую краіну таксама называлі Белай Расеяй – Vitryssland. Аднак беларускай дыяспары ўдалося дамагчыся таго, што 25 лістапада 2019 года МЗС Швецыі пастанавіў афіцыйна называць нашую краіну Belarus.

Услед за Швецыяй называць нашую краіну Belarus пачалі Данія (у 2021 годзе) і Нарвегія (29 траўня 2022 года, раней называлі Hviterussland – Белая Расея).

Дагэтуль Беларусь афіцыйна называе Белай Расеяй Нямеччына – Weissrussland. Хоць пасля выбараў 2020 года нямецкае грамадства пачало выкарыстоўваць у дачыненні да нашай краіны назву Belarus. У 2021 год Вікіпедыя змяніла назву старонкі пра нашую краіну з Weissrussland на Belarus, пасля чаго тэрмін Belarus стаў таксама выкарыстоўваць штотыднёвік Der Spiegel.

Краіны Еўропы, у якіх на сённяшні дзень Беларусь называюць Belarus.

  • Азербайджан – Belarus
  • Арменія – Բելառուս (Belarrus)
  • Балгарыя – Беларус
  • Вялікая Брытанія – Belarus
  • Грузія – ბელარუსი (Belarusi)
  • Данія – Belarus
  • Ірландыя – An Bhealarúis
  • Малдова – Belarus
  • Нарвегія – Belarus
  • Польшча – Białoruś
  • Румынія – Belarus
  • Славакія – Bielorusko
  • Украіна – Білорусь.
  • Чэхія – Bělorusko
  • Швецыя – Belarus.

«Назва Беларусь з’явілася значна раней, чым нашая зямля была гвалтоўна далучаная да Расеі»

Датычна назвы Беларусь часта можна пачуць, што нашая краіна і не павінна так называцца, што гэты тапонім быў навязаны і нават прыдуманы Расеяй, што мы насамрэч – ці Літва, ці Крыўя. Гэтыя меркаванні абвяргае гісторык Павел Церашковіч.

Каментар
Чаму беларусы адзначаюць Дзень вайсковай славы, калі ёсць Дзень абаронцы (савецкай) Айчыны
2023.09.08 14:42

«Назва Беларусь з’яўляецца значна раней, чым нашая зямля была гвалтоўна далучаная да Расеі. Ужо ў XVI стагоддзі Саламон Рысінскі, студэнт з Полаччаны, які вучыўся ў Нямеччыне, свядома пазначыў сябе беларусам, – адразу кажа гісторык. – А ў XVII стагоддзі мы маем масавыя звесткі пра тое, што жыхары ўсходняй часткі нашай краіны сябе называлі беларусцамі. Гаворка ідзе пра трагедыю сярэдзіны XVII стагоддзя – самую страшную вайну ў гісторыі Беларусі паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай, падчас якой вялікая колькасць беларусаў, галоўным чынам, з усходу, была прымусова дэпартаваная ў Расею. Калі іх прапускалі праз штосьці падобнае на сённяшнія фільтрацыйныя лагеры, то пыталіся, хто яны, і шмат хто пазначыў сябе як беларусцы».

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя, паводле Паўла Церашковіча, праводзіліся апытанні святароў Расейскай імперыі, і па іх выніках было добра бачна, што святары ўсходняй часткі нашай краіны пазначылі вернікаў сваіх прыходаў беларусамі.

«Так, тады яшчэ не было ўстойлівай свядомасці на нашай тэрыторыі. Але калі казаць пра палітыку Расейскай імперыі на нашых землях, якая нібыта навязала і прыдумала назву Беларусь, то, па-першае, тут трэба зазначыць, што ўвогуле ў расейскай адміністрацыі не было ўстойлівага разумення, што рабіць з гэтым рэгіёнам і як яго называць, – кажа спадар Церашковіч. – Але вядомы казус Мікалая І, які ў 1840 годзе асабіста забараніў ужываць назвы Беларусь і Літва».

Паўночна-Заходні край і заходнерусы

Пасля гэтай забароны ўзнікла канцылярская назва Паўночна-Заходні край Расеі ці проста Заходні край Расеі.

«І калі ўжо казаць пра жаданні расейскай адміністрацыі, то ёй бы хацелася, каб менавіта гэтая назва замацавалася за нашай зямлёй – Заходняя Расея, Заходняя Русь. Беларусаў яны спрабавалі называць заходнерусамі і лічылі, што гэта тыя ж самыя рускія, толькі сапсаваныя заходнім уплывам, лацінскім ці польскім, і што трэба ўвесь гэты «бруд», які прынесла заходняя цывілізацыя, знішчыць, каб адрадзіць спрадвечны, рускі характар краю. У тыя часы яшчэ пачалі казаць, што нібыта беларусы – самыя чыстыя са славянаў. Нябожчык Караткевіч у свае часы пажартаваў з гэтага і казаў, калі б яшчэ пару дзесяцігоддзяў такой прапаганды, то мы б пайшлі адваёўваць жыццёвую прастору», – кажа гісторык.

Ворота города, Минск, Вароты Менску
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Расейская адміністрацыя ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ці называла нашую тэрыторыю Заходнім краем Расеі, ці магла і пагадзіцца, што гэта можа быць Беларусь, і што беларусы існуюць як малодшая частка рускага народу. Але пакрысе, у другой палове ХІХ стагоддзя за ўсёй тэрыторыяй нашай краіны замацоўваецца назва Беларусь, кажа Павел Церашковіч.

«Яна зафіксаваная ў такіх важных падзеях, як правядзенне першага сапраўднага перапісу Расейскай імперыі на нашай тэрыторыі, дзе большасць насельніцтва пазначыла сваёй роднай мовай беларускую. І там, дзе родная мова – беларуская, вельмі добра можна бачыць этнічную тэрыторыю Беларусі. Да гэтага можна дадаць намаганні шматлікіх этнографаў, картографаў, якія спрабавалі вылучыць тэрыторыю Беларусі. Здаецца, найлепш гэта ўдалося Яўхіму Карскаму, які правёў адмысловую экспедыцыю і надрукаваў мапу беларускага племені. Усё гэта спрыяла таму, што ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя гэтая назва замацавалася дастаткова трывала за ўсёй нашай тэрыторыяй», – зазначае эксперт.

«Назва Belarus у іншых мовах – прызнанне, што мы існуем і сімвалічнае аддзяленне нас ад Расеі»

Што датычыць назвы «Белоруссия», якую ўпарта выкарыстоўваюць у Расеі і даказваюць, што менавіта так у расейскай мове называецца нашая краіна, гэта не мае ніякага абгрунтавання, лічыць Павел Церашковіч:

«Тое, што яны кажуць пра слоўнік Даля, што там замацаваная такая назва, гэта не так. І ў Расеі ўводзілася правіла, каб называць нашую краіну менавіта Беларусь. Тут проста такая імперская традыцыя Расеі, што ўсе назвы, якія склаліся яшчэ ў часы савецкага саюзу, яны пакідаюць без зменаў, нягледзячы на тое, што шмат у якіх краінах назвы змяніліся. Напрыклад, Малдову яны дагэтуль называюць Малдавіяй, і г.д».

Спадар Церашковіч лічыць, што мы маем права прасіць іншыя краіны называць нас менавіта Беларусь, і ніяк не Белая Расея.

«Канешне, у розных мовах ёсць свае назвы. Мы бачым, што і ў польскай мове краіны інакш называюцца, чым яны самі сябе называюць, і ў нямецкай і т.п. Тая ж самая Фінляндыя, якую амаль усе краіны называюць Фінляндыяй, а не Суомі, – кажа гісторык. – Але калі ёсць магчымасць дамагчыся каб называлі так, як ты сябе называеш, то чаму не? Тым больш, што для краінаў гэта не так і шмат каштуе. А для нас такое змяненне – гэта сімвалічнае прызнанне таго, што мы існуем, і аддзяленне нас ад Расеі ва ўяўленні іншых краін, а гэта вельмі істотна і важна».

Якія яшчэ краіны просяць называць іх так, як яны самі сябе называюць?

Яшчэ ў 2005 годзе ў Грузіі было паднятае пытанне аб афіцыйным выкарыстанні назвы краіны Сакартвэло. Цяпер паўсюль у Грузіі выкарыстоўваецца толькі гэтая назва. Ад назвы «Грузія» адмовіліся Японія, Паўднёвая Карэя, Ізраіль. З 2021 года тапонім Сакартвэлас выкарыстоўваюць таксама літоўцы.

Каментар
Ці паглыбіўся падзел на Беларусь і «Белоруссию»? Разважае сацыёлаг Коршунаў
2022.12.27 14:06

У 2019 годзе назву змяніла Македонія і стала Паўночнай Македоніяй.

З 1 студзеня 2020 года на афіцыйным узроўні ў Нідэрландах стала выкарыстоўвацца толькі назва «Нідэрланды». Ад назвы «Галандыя» цалкам адмовіліся.

У 2022 годзе саманазву змяніла таксама Турцыя – ва ўсіх афіцыйных дакументах ААН яна пачала называцца так, як і ўнутры краіны – Türkiye. Пасля ААН назву Турцыі змянілі ў афіцыйных дакументах і іншыя арганізацыя. Турцыя просіць цяпер называць яе толькі Türkiye.

У якасці аднаго з аргументаў пераназвання прыводзіўся той факт, што ў англійскай мове слова «turkey» азначае не толькі «Турцыя», але яшчэ і птушку індычку. Таксама, паводле Кембрыджскага слоўніка англійскай мовы, адно з пераносных значэнняў слова «turkey» – дурань, недарэка, няўдачнік.

У 2023 годзе пытанне аб пераназванні падняла Індыя – запрашэнні гасцям саміту G20, які праходзіў у гэтай краіне, было разасланае ад імя прэзідэнта Бхарата. Гэтае слова выкарыстоўваецца для назвы Індыі ў мове хіндзі, а таксама яно ёсць у прынятай у 1949 годзе Канстытуцыі краіны, дзе гаворыцца: «Індыя, то бок, Бхарат».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў