Што такое годнасць у палоне, і ці важнейшая яна за захаванне жыцця? Тлумачаць былыя палонныя «ЛНР»


Беларускую палітычную зняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк нядаўна ўганаравалі ўкраінскім Крыжам «За годнасць у палоне». Але ці параўнальныя палон у баевікоў на ўсходзе Украіны і зняволенне ў Беларусі?

«Белсат» звярнуўся да ўкраінцаў і спытаў, што цяпер вядома пра палон у «ДНР» і «ЛНР», і якія парады даюць тым, хто можа трапіць у рукі баевікоў на ўсходзе Украіны.

Як і чаму ўкраінцы ўганаравалі беларускую зняволеную

Крыж «За годнасць у палоне», якім узнагародзілі Паліну Шарэнду-Панасюк, – не дзяржаўная ўзнагарода, а грамадская («Знак народної пошани»), яе выдала ўсеўкраінскае аб’яднанне «Країна». Кіраўнік грамадскага аб’яднання «Країна» Аляксандр Сопаў – таксама сябра працоўнай групы Вярхоўнай рады Украіны ва ўдасканаленні сістэмы ўзнагародаў.

Агулам вырабілі сто Крыжоў «За годнасць у палоне». Іх выдаюць толькі пасля праверкі біяграфіі радаю ўзнагародаў (камісія складаецца з трох чалавек) і атрымання даведкі са Службы бяспекі Украіны. У свеце, кажа Сопаў «Белсату», розная практыка ўшанавання былых палонных: дзесьці выдаюць знак усім, хто перажыў палон, незалежна ад учынкаў, а дзесьці – толькі тым, хто ўцёк з палону, а не быў вызвалены. Крыж для былых палонных, які дае «Країна», – не за само знаходжанне ў палоне і не за самаахвярнасць, а за тое, што чалавек не здрадзіў сваёй краіне і сябрам.

Узнагародзіць Шарэнду-Панасюк вырашылі адзінагалосна: уразіліся ейнаю прамовай на судзе, «выразнаю і ў меру жорсткай». Сопаў кажа, што спадзяецца: умовы, у якіх утрымліваюць палітычных зняволеных у Беларусі, лепшыя за падвалы баевікоў «ДНР» і «ЛНР». Але гэта не значыць, што Шарэнда-Панасюк не вартая ўзнагароды, бо ў няволі яна адстойвала сваю пазіцыю з годнасцю.

Hавiны
Паліна Шарэнда-Панасюк – суддзю: Крэсла, на якім вы седзіце, і тое праўдзівейшае за вас
2021.06.08 14:46

На пытанне аб тым, ці варта наогул у палоне захоўваць годнасць, ці лепей перадусім ратаваць жыццё, Сопаў удакладняе: узнагарода не за бессэнсоўнае геройства, не за «кіданне грудзямі на амбразуру, калі можна было кінуць гранату», а за паводзіны, за якія не будзе сорамна перад нашчадкамі.

У палоне няма сэнсу штосьці даказваць, бо пад катаваннямі выб’юць любое прызнанне

Былая палонная «ЛНР», журналістка з Луганску Марыя Варфаламеева кажа «Белсату»: ейны досвед паказаў, што максімальна не трэба спрабаваць нешта даказваць і не паводзіць сябе агрэсіўна, а наадварот: паказаць, што ты «нармальны мірны чалавек». Найбольшыя праблемы ў палоне былі ў тых, хто спрабаваў даказаць ўласную правату.

«Калі мяне дапытвалі, я казала: хочаце, я прызнаюся ў забойстве [прэзідэнта ЗША] Кенэдзі? – расказвае Варфаламеева. – Натуральна, калі чалавека доўга катаваць, дапытваць, то ты прызнаешся ў чым заўгодна. Цяжка казаць, каб чалавек ні ў чым не прызнаваўся – такую параду лёгка даваць, калі ты на волі.

Я радая была па магчымасці называць прозвішчы тых людзей, якія ўжо выехалі з Луганску, якіх я не магла падставіць. І такім чынам «з’ехаць» на няважную інфармацыю. А тых, хто быў у Луганску, я старалася максімальна не згадваць і вывесці з-пад падазрэння».

«Няма варыянту, што ты не гуляеш паводле іхных правілаў, бо на іхным баку сіла, – заяўляе былая палонная. – Які сэнс, калі ты будзеш мець рацыю, але будзеш мёртвы?»

Артыкулы
Чаму за кратамі рэжуць вены і глытаюць лыжкі? Тлумачыць былы вязень, які рабіў так шматкроць
2021.06.05 18:23

Якія шанцы, што чалавек трапіць у турму «ЛНР» ні за што?

Варфаламеева згадвае, што трапіла ў палон у «больш-менш спакойны перыяд», калі ў «ЛНР» ужо «імітавалі законнасць». У студзені 2015 года яе затрымалі за спробу сфатаграфаваць некалькі прыватных дамоў, якія належалі мясцовым багацеям і, як меркавалася, трапілі ў рукі «сепаратыстаў». Яе асудзілі за «шпіянаж» на 15 гадоў пазбаўлення волі, але 3 сакавіка 2016 года абмянялі на баевіка, які трапіў ва ўкраінскі палон.

Але нават цяпер «законнасць» і «суды» ў «ЛНР» гэта толькі імітацыя, кажа яна: ёсць афіцыйныя турмы і неафіцыйныя, і ў неафіцыйным падвале могуць дапытваць, пакуль не здабудуць патрэбных паказанняў. «На падвале» няма сэнсу камусьці штосьці даказваць, перакананая былая зняволеная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ваеннапалонныя «ДНР» і «ЛНР» падчас абмену палоннымі ў Горлаўцы Данецкай вобласці. 29 снежня 2019 года.
Фота: Аляксандр Ракун / ТАСС / Форум

Яна згадвае, што ў яе ў камеру шмат хто трапіў, бо «рэпрэсіўнай машыне трэба было кагосьці арыштоўваць, кагосьці асудзіць»: там былі і тыя, хто падтрымліваў на «рэферэндуме» незалежнасць «ЛНР», і дзяўчына з Расеі, якая прыехала ваяваць за «ЛНР» і мела на майцы надпіс «Russian patriot». Пры тым у суседняй камеры былі і баевікі «ЛНР», асуджаныя за сапраўдныя бясчынствы.

Цяпер, кажа Варфаламеева, наўрад ці жыхар падкантрольнай «ЛНР» тэрыторыі трапіць за краты за выпадковае спалучэнне ў адзенні жоўтага і блакітнага – колераў украінскага сцяга. Цяпер больш шанцаў, што суседзі «настукаюць», што чалавек паводзіць сябе падазрона. Ды яна ведае, што некалькі чалавек «трапілі на падвал» за фота з украінскім сцягам на фоне парку – іх, кажа Варфаламеева, жорстка білі, зламалі рэбры і выбілі зубы.

Беларусь – усё яшчэ не «ЛНР»

Луганская журналістка Лана Косач-Квітка сочыць за сітуацыяй у Беларусі, бо сама напалову беларуска. Яна кажа «Белсату», што сітуацыя ў цяперашняй Беларусі і ў «ДНР»/«ЛНР» усё ж розная: «Вас свае прэсуюць, а нас – акупацыйныя войскі і іхныя прыспешнікі». У Беларусі, на яе думку, цяпер адбываецца тое, што было б ва Украіне, калі б «Еўрамайдан» у 2014 годзе быў здушаны ўладамі.

На Данбасе, дадае яна, у першы час кожны падвал мог зрабіцца катавальняй – тады былі і «разборкі» між баевікамі, і між расейскімі вайскоўцамі і мясцовымі баевікамі, былі выкраданні, каб патрабаваць выкупу. Расейскім прафесійным вайскоўцамі «казалі ўсё, як было», але з «казакамі» ні ў якім разе нельга было казаць праўду, кажа Косач-Квітка. Бывалі і такія баевікі, якія закопвалі людзей жыўцом.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палонныя салдаты ўкраінскай арміі перад абменам ваеннапалоннымі з «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага 2015 года.
Фота: Тарас Дуднік / ТАСС / Forum

«Калі яны [«сепаратысты»] спачатку прыйшлі, яны пачалі забіваць, рабаваць, – згадвае яна падзеі 2014 года. – Забівалі наогул людзей, якія былі па-за палітыкай. Быў дужа суворы перыяд – тады мы казалі людзям: уцякайце адтуль».

Пазней, кажа журналістка, «сепаратысты», каб забяспечыць нейкі парадак, самі «пазабівалі найбольшых нелюдзяў». Цяпер, за сем гадоў, усё сцішылася. Апалітычных людзей ужо не чапаюць, катавальняў ужо няма, працуюць якія-ніякія суды. Ходзяць чуткі, што ў турмы ўсё больш садзяць «сваіх» – прыхільнікаў рэжыму.

Як паводзіць сябе з беларускімі сілавікамі, Косач-Квітка не ўяўляе. Але журналістка дае некалькі карысных парадаў: ніколі не хадзіць па адным (каб хтосьці мог пацвердзіць, куды ідзяце, і каб былі сведкі), запісваць важныя кантакты ў тэлефоне як «Сантэхнік» ці «Водаканал», трымаць тэлефоны для важных размоваў разладаванымі і разабранымі, перапісвацца ў сакрэтных чатах (якія выдаляюцца праз пэўны час).

Hавiны
Праваабаронцы стварылі мапу фізічных, псіхалагічных і сексуальных катаванняў Беларусі
2021.04.01 12:02

Калі ўжо няма чаго «выбіваць», могуць і не біць

У 2018 годзе ўладальніцу крамы для жывёлінаў Алену Сарокіну з Першамайску Луганскай вобласці лічылі загінулай: хадзілі чуткі, што ў «ЛНР» яе расстралялі пасля таго, як асудзілі за «здраду радзіме» за ўлёткі з надпісам «Луганськ – це Україна» (надпіс палічылі «экстрэмісцкім» праз два месяцы праверкі «камісіяй»). Хадзілі і чуткі, што яна сама павесілася ў няволі. Аднак у канцы 2019 года яна аказалася сярод тых, каго абмянялі на палонных байцоў «ЛНР».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жыхары Украіны, якіх трымалі ў палоне «ДНР» і «ЛНР», падчас абмену палоннымі каля кантрольна-прапускнога пункту Маёрск. 29 снежня 2019 года.
Фота: Аляксандр Рака / ТАСС / Форум

Жанчына расказвае «Белсату»: з палоннымі ў «ЛНР» абыходзяцца па-рознаму. На ўласныя вочы яна бачыла, як людзей у няволі збівалі, чула, як зняволеным пагражалі. Жанчыны казалі, што іх катавалі электрашокам, падлучалі электроды да вушэй. Яна таксама бачыла, як мужчыну трымалі аднаго ў камеры, не давалі мыцца, выводзілі ў прыбіральню з мяшком на галаве і паднятымі рукамі.

З ёй самой абыходзілася не так жорстка, кажа Сарокіна: на яе ўжо былі ўсе звесткі, бо за ёй сачылі і праслухоўвалі, у тэлефоне знайшлі ўсе кантакты з украінскім бокам.

«З мяне не было чаго выбіваць, усё было ў тэлефоне, і я не адмаўлялася, – кажа яна. – Мне не было каго здаваць, не было людзей, якія засталіся там, каго я магла падвесці. Проста ўсё, што мне паказалі, што дасталі з майго тэлефона, – я сказала, што я гэта рабіла».

Сарокіна распавядае, як адкрыта казала баевікам, што яе вызваляць: была ўпэўненая, што яе шукаюць і што абмяняюць на палонных. На судзе яна заявіла, што не прызнае «ЛНР» і лічыць сябе грамадзянкай Украіны, а тэрыторыю – украінскай, і патрабавала, каб яе перавялі з падвалу «міністэрства дзяржаўнай бяспекі», дзе трымаюць незаконна, у СІЗА, дзе пра яе лёс маглі б даведацца родныя і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў.

Аднак калі проста нічога не казаць баевікам, дык будуць біць, мяркуе Сарокіна: гэта ёй пашанцавала, што не было каго здаваць, хоць ёй доўга не верылі, што яна ляпіла ўлёткі адна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палонныя салдаты ўкраінскай арміі перад абменам ваеннапалоннымі з «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага 2015 года.
Фота: Валерый Шарыфулін / ТАСС / Forum

Ды нават без пабояў у руках баевікоў «ЛНР» было няпроста: зняволеных трымалі ў падвале без прагулак; не дазвалялі кантактаваць з абаронаю і са сваякамі; давалі ежу, на якой «доўга не працягнеш»; не выдавалі ні туалетнай паперы, ні зубной шчоткі. Сарокіна згадвае, як пісала заявы пракурору з патрабаваннем, каб яе перавялі з падвалу, на што ахоўнікі адказвалі ёй: «Куды вы пішаце? Пракурор у суседняй камеры сядзіць».

Hавiны
Праваабаронцы кажуць пра катаванні валанцёраў Міжнароднага камітэту супраць катаванняў у Беларусі
2021.04.08 14:44

АА belsat.eu

Стужка навінаў