Як абараніць свой ровар ад злачынцаў?


Жалезны конь, двухколавы аўтамабіль і нават найлепшы сябра і палюбоўніца – так гаспадары аднаго з самых экалагічных відаў транспарту называюць свае ровары.

Сезон пачынаецца адразу пасля сыходу снегу і цягнецца да зімы. З плюсаў: хуткасць, трымае ў тонусе, аздараўляе, дый з паркоўкаю праблемаў не бывае, адрозна ад аўтамабіля. Хіба адзіны мінус, які турбуе раварыстаў, – абарона свайго «каня» ад крадзяжу. З гэтае прычыны акурат перад летам мы сабралі для вас топ супрацьугонных роварных сродкаў у Беларусі і Еўропе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Існуе два віды абароны ад угону: актыўны і пасіўны.

Актыўная абарона ўключае ў сябе розныя механічныя прыстасаванні, якія павінныя ўскладніць працэс крадзяжу. Да іх адносяцца розныя прылады тыпу тросу, ланцугоў, пласцінаў. Таксама ў продажы ёсць блакатары колаў, якія змяшчаюцца паміж спіцамі і не даюць колам круціцца. Праўда, трэба памятаць, што ровар можна проста падняць і знесці.

Пасіўная абарона – гэта тыя дзеянні, якія дапамагаюць ужо пасля крадзяжу: пакрыццё шкоды, пошук і вяртанне гаспадару ягонай маёмасці. Да пасіўных метадаў абароны можна аднесці самастойнае занясенне роварных звестак у прыватную базу, страхоўку.

Калі ж казаць пра папулярныя сродкі абароны ад угону, то мы маглі б параіць набываць не простыя ланцугі, якія можна перарэзаць ці зламаць, а нешта больш нязвыклае. Сярод самых папулярных у продажы цяпер можна знайсці:

1. Сігналізацыя

Такі сродак абароны складае альтэрнатыву ранейшым. Існуе некалькі яе відаў:

Самастойная – усталёўваецца не ў замок, а асобна ад яго. Пачынае сігналізаваць у момант руху, а дэактывуецца пры дапамозе набору коду з чатырох лічбаў.

Існуе сігналізацыя інтэграваная – з замком-блакатарам.

Ёсць таксама сігналізацыя са зваротнай сувяззю. І гэта самы круты варыянт на сённяшні дзень. Бо прылада не толькі падае сігнал, але і апавяшчае аб крадзяжы на смартфон і адсочвае месцазнаходжанне ровара праз спадарожнік.

2. Электронны замок

Адносна новы тып замкоў, які выкарыстоўвае тэхналогіі Bluetooth ці Wi-Fi для злучэння з вашым смартфонам. Напрыклад, мадэль BitLock. Увогуле можна вылучыць некалькі відаў такой прылады.

Noke U-Lock – не толькі паведамляе гаспадару, што ягоны ровар крадуць, але і фіксуе спосаб узлому. Маскіруецца U-Lock выдатна: з выгляду гэта звычайны U-замок. Але пакуль злачынца спрабуе яго зняць, замок кліча гаспадара на дапамогу.

Lock 8 – мае функцыю геалакацыі і працуе як гучная сігналізацыя. Пры спробе механічнага ўздзеяння прылада пасылае сігнал на ваш смартфон. Нават калі ў ход ідзе гарачы паяльнік ці замарозка, у прыбора ёсць датчык, які рэагуе на змену тэмпературы.

Skylock – паведамляюць сваім уладальнікам пра кожны старонні дотык. Моцная гіперадчувальнасць і адсутнасць ключа – галоўныя прыкметы гэтай прылады. Электронны ключ вядомы толькі ўладальніку, пры гэтым страціць яго немагчыма.

3. Складаныя велазамкі

Яны выглядаюць больш сурʼёзна, чым звычайныя ланцугі і цэпы.

Pinhead Bicycle Locking Skewer Set – вельмі дарагі складаны замок, які патрабуе часу на зборку. Справіцца з ім можна, але злодзей мусіць выдаткаваць шмат высілкаў, часу і цярплівасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Alejandro Lopez / unsplash.com

ABUS Bordo Granit X-Plus 6500/85 – каленчаты замок. Таксама няпросты і даволі дарагі. Абусы добрыя сістэмай падвойнай фіксацыі, а таксама функцыяй разблакавання адзіным ключом. Ёсць толькі адзіны мінус – паступовае сціранне суставаў.

4. GPS-трэкер

Прылада, якая дазваляе адсочваць месцазнаходжанне вашага ровара ў рэальным часе. Напрыклад, мадэль Sherlock. Яны не адрозніваюцца вонкава ад звычайнага роварнага абсталявання, лёгка ўсталёўваюцца і працуюць у аўтаномным рэжыме ад 1 да 30 дзён без наладоўвання. Онлайн-назіранне можна весці праз смартфон ці кампʼютар. На GPS-жучок усталёўваецца віртуальная геазона на мапе вакол паркоўкі, і як толькі ровар пакіне яе межы, вам прыйдзе СМС. Трэкер мантуецца ў раму ці на іншым зручным вам месцы. Галоўнае, каб ён не кідаўся на вочы іншым.

5. Спецыяльная фарба

На вашае патрабаванне міліцыя пазначае байк спецыяльным бескаляровым маркерам, які відаць толькі ў святле УФ-лямпы. Яго відаць нават пад дадатковым слоем лаку, калі злачынец паспрабуе перафарбаваць ровар. Пазначаны такім чынам нумар дапаможа вам вярнуць свой байк, калі яго знойдуць праваахоўнікі.

Гэта толькі некаторыя прылады з разнастайнага роварнага свету. Усе яны працуюць, але не страхуюць ад крадзяжу на 100 %. Як кажуць, найлепшая страхоўка – увогуле не мець ровара, бо злачынцы дасканаляцца разам з паступленнем на рынкі новай прадукцыі. Але ж імкнуцца перадухіліць крадзеж абавязкова варта, бо нашмат складаней потым будзе знайсці свой байк, асабліва калі на ім няма ні трэкера, ні сігналкі.

Круцім педалі насустрач лету!

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў