Авіяўдары па Адэсе і Крывым Розе і пратэсты ў Грэцыі і Сенегале. Фатаграфіі тыдня


Развітанне з памерлай у шпіталі беларускай Лізаветай у Варшаве, падвойны расейскі авіяўдар па Адэсе, ракетны абстрэл Крывога Рогу, а таксама пачатак рамадану ў Інданезіі – сабралі здымкі тыдня.

Хлопец Лізаветы Г. Даніла кідае белую ружу на пахаванні беларускі на Паўночных могілках (Północny cmentarz) у Варшаве. 25 лютага на дзяўчыну напаў Дор’ян С., згвалціў яе і душыў, ад чаго ў Лізаветы здарылася гіпаксія, што выклікала незваротныя наступствы для мозга. 1 сакавіка беларуска памерла ў шпіталі. Нападніка затрымалі праз некалькі гадзінаў пасля здзяйснення злачынства. Варшава, Польшча. 16 сакавіка 2024 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Белсат
Ратаўнік Дзяржаўнай службы надзвычайных сітуацыяў сядзіць у шоку пасля падвойнай расейскай атакі ў Адэсе. Ударам быў разбураны трохпавярховы будынак рэкрэацыйнага аб’екту, а таксама пашкоджаныя 10 прыватных будынкаў, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, газаправод і два пажарныя аўтамабілі. У выніку атакі загінулі сама меней 20 асобаў, больш за 70 атрымалі раненні. Сярод загінулых – працаўнік ДСНС, а таксама фельчар хуткай дапамогі, якія прыбылі на месца прылёту першай ракеты і трапілі пад удар другой. Адэса, Украіна. 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Ukrainian Emergency Service / AP / East News
Людзі здзяйсняюць рытуалы, у рамках якіх прыносяць садавіну і ежу ў ахвяру вулкану Папакатэпэтль, падчас цырымоніі ў гонар вулкану. Сант’яга-Саліцынтля (Santiago Xalitzintla), Мексіка. 12 сакавіка 2024 года.
Фота: José  Castañares / AFP / East News
Мусульманскія вернікі моляцца на пачатку святога ісламскага месяца рамадан у мячэці Аль-Акбар (Al Akbar) у Сурабаі, Інданезія. 11 сакавіка 2024 года.
Фота: Juni Kriswanto / AFP / East News
Падлеткі прабіраюцца затопленай вуліцай пасля моцных дажджоў у горадзе Авэллянэда (Avellaneda) на ўскраіне правінцыі Буэнас-Айрэс, Аргентына. 12 сакавіка 2024 года.
Фота: Natacha Pisarenko / AP Photo / East News
Студэнты пратэстуюць супраць закону аб прыватных ВНУ ў Афінах. Парламент Грэцыі падтрымаў законапраект, што дазваляе ствараць у краіне прыватныя ўніверсітэты. Гэтаму папярэднічалі дэбаты ў парламенце і масавыя пратэсты на вуліцах. Афіны, Грэцыя. 14 сакавіка 2024 года.
Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News
Спадарыня Зоя выходзіць са сваім катом з пашкоджанага будынку ў Крывым Розе. Трое асобаў загінулі і 38 былі параненыя ў выніку расейскага авіяўдару па Крывым Розе, Украіна. 13 сакавіка 2024 года.
Фота: Alex Babenko / AP Photo / East News
Прыхільнік лідара апазіцыі Сенегалу Усмана Сонка (Ousmane Sonko) і кандыдата ў прэзідэнты Басіру Д’ёмая Фая (Bassirou Diomaye Faye) святкуе вызваленне мужчынаў з турмы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Абодва палітыкі сустрэліся з тысячамі сваіх прыхільнікаў у Дакары пасля вызвалення, што адбылося паводле амністыі прэзідэнта Макі Саля. Выбары маюць адбыцца 24 сакавіка пасля няўдалай спробы перанесці іх на снежань. Дакар, Сенегал. 14 сакавіка 2024 года.
Фота: John Wessels / AFP / East News

Андрэй Шаўчэнка belsat.eu

Стужка навінаў