Стала вядома, чаму супрацоўнікі МУС прыходзілі з «аглядам» у рэдакцыю «Intex-press»


Падчас агляду ў рэдакцыі, які адбыўся 15 лютага, супрацоўнікі МУС забралі сістэмныя блокі, фотаапарат, ноўтбукі журналістаў Intex-press, а таксама камп’ютарную тэхніку бухгалтэрыі і рэкламнага аддзелу, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ператрус у фісе БАЖ 16 лютага 2021 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца фота: TUT.BY

Пастанову на агляд падпісваў начальнік Баранавіцкага ГАУС Студзенічнік, санкцыянаваў яго намеснік Баранавіцкага міжраённага пракурора Хвалько. Паводле пастановы, былі разгледжаныя «матэрыялы праверак па факце парушэння заканадаўства аб СМІ». Якія менавіта парушэнні – у дакуменце не ўдакладнялася. Пералічваліся толькі відэа, апублікаваныя на YouTube-канале «Intex-press»: «Што папрасілі б у Дзеда Мароза жыхары Баранавічаў», «Пра што б спыталі кіраўніка гораду, распавялі жыхары Баранавічаў» і «Прадукцыю якіх прадпрыемстваў з Баранавічаў можна пастаўляць у Афрыку».

Як зазначаецца ў дакуменце, правесці агляд было пастаноўлена, «улічваючы наяўнасць дастатковых падставаў меркаваць, што падчас агляду могуць быць выяўленыя сляды адміністрацыйнага правапарушэння, іншыя матэрыялы, абʼекты, высветленыя іншыя акалічнасці, якія маюць значэнне для справы аб адміністрацыйным правапарушэнні».

БАЖ паведамляе, што карэспандэнта, які размаўляў з гараджанамі на вуліцах Баранавічаў выклікалі 16 лютага ў гарадское аддзяленне ўнутраных справаў.

Выданне «Intex-press» не было названае «экстрэмісцкім», але да нядаўняга часу было заблакаванае ў Беларусі. 6 лютага сайт разблакавалі «ў сувязі з устанаўленнем факту адсутнасці парушэння заканадаўчых актаў». 30 чэрвеня 2022 года міністр інфармацыі падпісаў загад наконт анулявання пасведчання друкаванага СМІ «Intex-press». Журналіста «Intex-press» летам 2022 года асудзілі на два з паловай гады калоніі за фота расейскай вайсковай тэхнікі.

«Intex-press» – штотыднёвая газета і навінны сайт з Баранавічаў. Выданне заснаванае ў 1994 годзе, выдавецкі дом таксама выдаваў газеты «Ганцавіцкі час», «Ляхавіцкі час» і «Нясвіжскі час», да 2007 года – пінскі «Мясцовы час». Сайт Intex-press.by, нягледзячы на «рэгіянальнасць», рэгулярна ўваходзіў у рэспубліканскія топы паводле наведвальнасці.

Hавiны
У выдавецкі дом «Intex-press» прыйшлі сілавікі, сканфіскавалі тэхніку
2023.02.15 16:44

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў