У Беларусі разблакавалі сайт баранавіцкага выдання «Intex-press»


Пастанова наконт аднаўлення ў Беларусі доступу да сайту intex-press.by прынятая Міністэрствам інфармацыі Беларусі 6 лютага 2023 года, паведамляе выданне.

Друкаваная версія газеты «Intex-press».
Фота: Intex-press / Вконтакте

Старонку баранавіцкага недзяржаўнага выдання «Intex-press» заблакавалі больш за год таму, у канцы снежня 2021 года, праз «парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена». Зайсці на сайт можна было толькі з VPN або з-за межаў Беларусі.

«У сувязі з устанаўленнем факту адсутнасці парушэння заканадаўчых актаў, якое стала падставай для прыняцця пастановы аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу, а таксама іншых парушэнняў у межах сваёй кампетэнцыі загадваю: аднавіць доступ да інтэрнэт-рэсурсу з ідэнтыфікатарамі www.intex-press.by і intex-press.by», – гаворыцца ў лісце з подпісам міністра інфармацыі, які паступіў у рэдакцыю «Intex-press» 9 лютага.

Раней, 30 чэрвеня мінулага года, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў падпісаў загад наконт анулявання пасведчання друкаванага СМІ «Intex-press». У красавіку 2021 года «Белпошта» адмовілася прадаваць штотыднёвік «Intex-press», у якім апублікавалі інтэрв’ю са Святланай Ціханаўскай. Пазней гэтае інтэрвʼю прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам».

intex, Cichanouska, zdj.: Intex
Вокладка нумару газеты «Intex-press» за 14 красавіка 2021 года.
Фота: Intex

Гэта трэці выпадак разблакавання сайтаў недзяржаўных СМІ ў Беларусі. Раней улады РБ аднавілі доступ да ўэб-старонак «Народнай волі» і выдання «Беларусы і рынак».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў