Улады Беларусі адкажуць Літве і Польшчы на закрыццё пунктаў пропуску. Спачатку мякка. Потым – больш жорстка


Аляксандр Лукашэнка назваў закрыццё пунктаў пропуску на заходніх межах краіны эканамічнай правакацыяй і паабяцаў адказаць «сіметрычна», перадае БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўска-беларуская мяжа.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Вы бачыце, як паводзіць сябе Польшча, Літва. Пакуль з эканамічнага пункту гледжання яны пастаянна правакуюць. Пераносяць адказнасць на мяне. Вось яны зачынілі пункты пропуску. Гэта што такое? Гэта эканамічная правакацыя. Значыць, гандлю няма, няма эканомікі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў чацвер 16 лютага ў інтэрв’ю замежным і беларускім СМІ. «Цяпер мы думаем аб тым, як на гэта адказаць. Рашэнні прынятыя. Адкажам мякка спачатку. Не зразумеюць – узмоцнім. У нас дастаткова для гэтага рычагоў», – паабяцаў ён.

Са словаў Лукашэнкі, адказ можа быць значна мацнейшым за тыя абмежаванні, што ўводзяць заходнія суседзі: «мы вымушаныя адказваць. Пакуль сіметрычна, адэкватна. Калі дойдзе да таго, што мы вымушаныя будзем прымаць асіметрычныя меры, мы прымем. Яны на стале».

Пакуль да гэтага не дайшло таму, што беларускія ўлады хочуць «сябраваць з палякамі, літоўцамі, як гэта было заўсёды», – заявіў Лукашэнка.

Як паведамлялася, з 10 лютага Польшча закрыла памежны пераход «Баброўнікі» («Бераставіца» з беларускага боку), а Літва з 16 лютага – чыгуначны пункт пропуску «Стасілы» (з беларускага боку «Беняконі»).

Алена Голуб belsat.eu

Стужка навінаў