Прэс-афіцэр, якой запенілі дзверы, хоча справу за паклёп. Яна нібыта не казала, што Бандарэнка быў п’яны


У судзе Фрунзенскага раёну Менску 16 лютага працягваецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні менчука, які запеніў дзверы ў кватэру супрацоўніцы міліцыі. Сёння справа прыняла новы абарот.

Грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ігара Канапайку абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 339 («Хуліганства») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў»). За справай сочаць валанцёры «Вясны».

Пацярпелая ў справе – прэс-афіцэр Цэнтральнага РУУС Менску Таццяна Абозная.

Ігар Капанайка мае від на жыхарства ў Беларусі, вайсковы пенсіянер.

Вайсковы пенсіянер Ігар Канапайка ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Грамадзяніна Расейскай Федэрацыі Ігара Канапайку абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 339 («Хуліганства») і артыкул 369 («Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў»). 9 лютага 2021.
Фота: Вясна / spring96.org

Паводле матэрыялаў следства, днём 13 лістапада 2020 года 55-гадовы Ігар Капанайка зайшоў у пад’езд аднаго з дамоў у Фрунзенскім раёне Менску і заліў мантажнай пенай уваходныя дзверы кватэры супрацоўніцы органаў унутраных справаў. Таксама ён запеніў механізм замка дзвярэй і паштовую скрыню. На паштовай скрыні напісаў абразлівую фразу.

Пацярпелая Таццяна Абозная заявіла 16 лютага, што дадаткова хоча пакараць Канапайку яшчэ і за паклёп.

Яна паведаміла, што мінулы раз ехала на суд з думкай, што не трэба строга караць абвінавачанага. Але пасля паседжання настроеная на строгае пакаранне.

Hавiны
Вайсковы пенсіянер абурыўся хлуснёй прэс-афіцэркі пра алкаголь у крыві Бандарэнкі і запеніў ёй дзверы
2021.02.09 16:39

«Я лічыла, што яму будзе сорамна і балюча, і ён пакаецца і папросіць прабачэння. Але пачутае ў зале суда прымусіла мяне змяніць сваё рашэнне. Бо падсудны зусім не раскаяўся. Вёў у судзе сябе нахабна. Падсудны мяне абгаварыў. І ўсё дзеля таго, каб змяніць кваліфікацыю злачынства на больш мяккае. Ён паведаміў суду, быццам я каментавала падзеі, звязаныя з Раманам Бандарэнкам. Гэта нахабная хлусня! Ідэя з помстай прыйшла яму не адразу, бо на першых допытах ён пра гэта не казаў. Варта было яму запусціць гэтую хлусню, як некаторыя арганізацыі, якія адносяць сябе да незалежных СМІ, тут жа яе падхапілі», – паведаміла яна.

Абозная просіць далучыць да матэрыялаў справы талон-паведамленне, што пададзеная заява ў Фрунзенскі РУУС аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць абвінавачанага за паклёп. А таксама прыняць захады да рэдакцыі, якая апублікавала звесткі, якія абражаюць яе гонар і годнасць. Да матэрыялаў суда прыкладзеная квітанцыя аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды.

Даследаваўшы ўсе доказы, пракурор запрасіла прызнаць Капанайку вінаватым і прызначыць пакаранне паводле ч. 1 арт. 339 у выглядзе пазбаўленне волі на 3 гады. Паводле арт. 369 КК РБ – арышт на 3 месяцы. Усяго 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Абаронца мяркуе, што ў дзеяннях Канапайкі адсутнічае склад злачынства. Бо не было дзеянняў, якія б груба парушылі грамадскі парадак. «За палоску пены на дзверы, якая здымалася без пашкоджанняў, – 3 гады пазбаўлення волі? Ці не занадта гэта строгае пакаранне?»

Вайсковы пенсіянер Ігар Канапайка выступіў з апошнім словам.

«Мне не хацелася б паўстаць перад судом старым маразматыкам. Я дакажу, што Абозная вымавіла словы пра тое, што Раман Бандарэнка выйшаў вечарам пʼяны.

Я не хуліган, не злачынец. Я афіцэр запасу. Калі я бачу несправядлівасць, я завожуся з паўабароту. Так было і тады. Смерць Рамана Бандарэнка ўразіла ўсю Беларусь. Ён таксама служыў, як і я. Ён мне ўзростам як сын. Ён загінуў у цэнтры Менску, у мірны час, у краіне, якую называюць краінай для жыцця.

На наступным дзень я зайшоў у інтэрнэт і прачытаў паведамленне Абознай, у якім не было спачування родным і блізкім, а толькі хлусня. Усё гэта перапоўніла маю цярплівасць, і я не памятаю, калі мне было так балюча за краіну, у якой я жыву.

Прынёс прабачэнні бацькам і дзіцяці Абознай, паколькі яны тут ні пры чым.

Я не лічу, што надпіс «Мент-забойца» – гэта абраза, гэта – канстатацыя факту.

З нагоды гонару і годнасці. Вашы супрацоўнікі завялі крымінальную справу з нагоды гібелі Рамана Бандарэнкі?

Прыедзьце да тых, хто збіты сядзіць у Жодзіне і на Валадарцы, у чыіх дзеяннях няма складу злачынства. Пакажыце ім гонар і годнасць.

Я не збіраўся палітызаваць працэс. Гаворка ідзе аб агульначалавечых каштоўнасцях», – сказаў Канапайка.

Прысуд

Суддзя Алена Бушава прысудзіла Ігару Канапайке 1,5 года калоніі агульнага рэжыму і 7 тысяч рублёў кампенсацыі шкоды, паведамляе «Наша Ніва».

AB, belsat.eu

Стужка навінаў