Ліхалецце

Артыкул галоўнакамандуючага ЗСУ Залужнага ў The Economist зрабіў эфект халоднага душу. Беларусы, як і іншыя знешнія назіральнікі, у цэлым здагадваліся, што контрнаступ ідзе крыху па іншым сцэнары, чым вызваленне Харкаўскай вобласці або самага буйнога з раней акупаваных Расеяй гарадоў – Херсона. Што справа рухаецца відавочна цяжка, і прычынаў чакаць нейкага рэзкага змянення становішча на фронце не прадбачыцца. Хрэнова, грамадзяне! Але сумаваць з дадзенай нагоды павінны, у першую чаргу, самі ўкраінцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы аддаюць даніну памяці сваім таварышам побач з украінскімі сцягамі на Майдане Незалежнасці ў Кіеве, Украіна. 30 кастрычніка 2023 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Так, з агульначалавечых, агульнагуманітарных меркаванняў кожны беларус павінен быў бы жадаць аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах 1991 года. Безумоўна, але! Паклаўшы руку на сэрца і суперажываючы Украіне, што змяняецца для беларусаў і Беларусі ад спынення вайны ў сённяшнім стане або на рубяжах Растоўскай вобласці, або з вызваленым Крымам? Нічога. Як бы нам ні хацелася іншага. Пуцін застаецца ў Крамлі, і Лукашэнка на сваім месцы.

На жаль ці на шчасце, досыць хутка стала зразумела, што вайна можа скончыцца толькі перамір’ем, спыненнем агню. Немагчыма ўявіць сабе ні расейскія ўзброеныя сілы ў Кіеве, ні ўкраінскія ў Маскве. Гэта нерэальныя сцэнары.

І ў гэтым месцы трэба аддаць належнае і смеласці Зяленскага, які не ўцёк у першы, самы цяжкі перыяд вайны, і трываласці ўсяго ўкраінскага народа, пра якую абламаў зубы агрэсар. А таксама сказаць дзякуй тым (нешматлікім) беларусам, якія ваююць за свабоду і незалежнасць Украіны. Сказаць дзякуй, пакланіцца ў пояс. Але што далей? Не для ўкраінцаў ці расейцаў. Для нас, беларусаў?

Замірэнне на любой з ліній падзелу вядзе нас да перыяду «ні вайны, ні міру», што, у дачыненні да Беларусі, азначае наяўнасць сцяны, «жалезнай заслоны», пытанне толькі ў ступені яго пранікальнасці. Але жыць трэба будзе менавіта ў гэтых умовах.

Жыць у чаканні. Так, эканоміка будзе паволі стагніраваць. Культурнае, грамадскае жыццё –дэградаваць. Але нармальны, разумны, адэкватны беларус цалкам зможа і ў гэтых умовах арганізаваць сабе шчаслівае сацыяльнае жыццё, якое не выходзіць за рамкі яго асабістых інтарэсаў. Адпачынак у Турцыі (крыху даражэйшы), галівудскія фільмы (хай і зменшаны рэпертуар), расейская папса (з украпінамі патрыятычных рокераў), кавярні і начныя клубы, і нават прыватны бізнес – усё будзе на сваіх месцах, гэтак жа, як гэта было раней, і як было ў СССР, і нават лепш, вальней.

І Лукашэнка з Пуціным, і палітвязняў, і забарона на прафесію для асобных катэгорый грамадзян, і чырвона-зялёнае ідэалагічнае месіва ў тэлевізары, на прадпрыемстве, школе – усё гэта можна не заўважаць. Да гэтага можна прызвычаіцца і не звяртаць увагі, не ўпершыню…

Эміграцыя, яе актыўная частка, будзе ўсё больш разыходзіцца з позвай, аддаляцца – каму цікава, што робіць Ціханоўская, Латушка ці Пазняк, калі гэта ніяк не ўплывае на жыццё беларусаў унутры краіны?

Так ужо было, гадоў гэтак 100 таму. Розніца толькі ў ступені пранікальнасці сцяны. Пакуль яшчэ ў нашых сілах паведамляць праўду і прапаноўваць іншы магчымы вобраз будучыні для Беларусі. Вобраз нармальнай еўрапейскай краіны, адэкватнай XXI стагоддзю. Краіны, дзе паважаюцца базавыя правы грамадзянаў, дзе дзяржава – гэта сэрвіс для насельніцтва і не больш за тое, дзе межы адкрытыя не толькі на Усход, але і на Захад.

Дзяржава без страху. Дзяржава, у якой ёсць будучыня.

Колькі будзе доўжыцца гэты час? 24 лютага 2022 года Пуцін здзейсніў памылку, парушыў баланс сілаў. Да гэтага я быў цалкам упэўнены, што шлях расейскага рэжыму ў паступовай эвалюцыі, і што шанцаў у Беларусі ў агляднай перспектыве 50-70 гадоў фактычна няма.

Сёння ж, рызыкнуўшы і прамахнуўшыся, Пуцін запусціў адлік часу да смуты ўнутры самой Расеі. Паклаўшы дзясяткі тысяч расейцаў і не перамогшы, ён прадэманстраваў слабасць, і мяцеж Прыгожына – толькі першая ластаўка… Так будзе праз тры, пяць ці 10 гадоў. Але будзе менавіта так. Будзе смута і крамлёўскае вока Саўрона адвернецца ад Беларусі, і ў гэтым будзе шанец.

Вельмі, крытычна важна, каб у гэты момант Беларусь, па-першае, захавала фармальныя прыкметы незалежнасці, і, па-другое, унутры самой Беларусі павінна быць частка насельніцтва, якая памятае 2020-ы, якая верыць у дэмакратыю, правы чалавека і ў шчаслівую будучыню Беларусі без аўтарытарызму. І тады ўсё будзе добра.

І дзеля гэтага трэба, нягледзячы на не самыя пазітыўныя цяперашнія абставіны, на песімізм і адсутнасць святла ў канцы тунэлю, працягваць рух. І палітыкам, і НДА, і СМІ. Наша мэта – сучасная, незалежная Беларусь. Гэтая мэта значна большая, чым цяперашнія абставіны, большая, чым Лукашэнка і Пуцін, і нават большая, чым цяперашняя вайна.

І галоўны наш саюзнік у гэтым – беларускі народ, як бы пафасна гэта ні гучала. Пры ўсіх цяперашніх абставінах менавіта ён у жніўні 2020 года наважыўся сказаць «не». І ён, гэты народ, нікуды не дзеўся, не змяніўся. Не палюбіў афіцыйную чырвона-зялёную брыдоту і гнілізну. Таму трэба працягваць рух незалежна ад вайны ва Украіне. Ключ ад Беларусі ляжыць ужо не там.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў