Святлана Ціханоўская: «Я абраны прэзідэнт Беларусі. Я змагаюся за сваю краіну ў выгнанні»


Лідарка дэмакратычнай Беларусі і кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Святлана Ціханоўская ў калонцы для бельгійскага выдання «Politico» ўпершыню назвала сябе «абраным прэзідэнтам Беларусі».

Святлана Ціханоўская выступае на Варшаўскім форуме бяспекі. 5 кастрычніка 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Артыкул Святланы Ціханоўскай у «Politico» выйшаў пад назвай «Я абраны прэзідэнт Беларусі, і разам мы пераможам».

У калонцы для бельгійскага выдання Святлана Ціханоўская распавядае гісторыю беларускага доктара, які вывез з Мазыра рэнтгенаўскія здымкі раненняў расейскіх салдатаў, і піша, што Лукашэнку падтрымлівае ў Беларусі не больш за 25 % насельніцтва – у асноўным пенсіянеры, чыноўнікі і супрацоўнікі спецслужбаў.

«Я перамагла Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, пакуль ён не скраў іх з дапамогаю КДБ, сілавікоў і Пуціна», – адзначае Святлана Ціханоўская.

Дэмакратычная лідарка называе ў тэксце беларусаў «прынцыповымі еўрапейцамі» і падкрэслівае, што «падтрыманне Лукашэнкам незаконнай вайны Пуціна вельмі непапулярнае ў Беларусі».

«Беларусы прызнаюць Лукашэнку ваенным злачынцам і спадзяюцца, што ён стане перад судом. Большасць проста хоча, каб ён сышоў», – напісала ў артыкуле Ціханоўская.

Паводле аўтаркі, зрынанне Лукашэнкі паскорыла б перамогу Украіны: «А без вольнай Беларусі не будзе ні бяспечнай Украіны, ні бяспечнай Еўропы». Яна пералічвае захады, якія маюць дапамагчы беларусам, і кажа пра Абʼяднаны кабінет як пераходны ўрад Беларусі, што будзе працаваць да новых выбараў.

«Я абраны прэзідэнт Беларусі. Я змагаюся за сваю краіну ў выгнанні. Але я працягваю падтрымліваць нашых людзей. І разам мы пераможам», – завяршае артыкул Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Святлана Ціханоўская заклікала ЕЗ падтрымаць Беларусь
2022.11.14 16:29

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў